Материалы из зала суда: один украл велосипед, другой — dvd-проигрыватель

Закон - один для всех

Выкрадаць – не камяні цягаць

Адны, каб пракарміць сябе і сям’ю, уладкоўваюцца адразу да некалькіх наймальнікаў, працуюць звышурочна, не адмаўляючыся ад самых складаных абавязкаў. Іншыя ж не абцяжарваюць сябе такімі “акалічнасцямі” – перабіваюцца выпадковымі заробкамі, прычым, нярэдка незаконнымі.

Да ліку апошніх адносіцца герой нашага сённяшняга аповеду, жыхар вёскі Двор Пліна Міхаіл 1974 года нараджэння. У пачатку 2014­-га мужчына здзейсніў крадзеж, за што па рашэнні суда атрымаў пакаранне ў выглядзе аднаго года пазбаўлення волі з адтэрміноўкай яго выканання на такі ж час. Вось толькі станавіцца на шлях выпраўлення Міхаіл не спяшаўся. Ужо праз паўгода ён узяўся за старое – і зноў трапіў на лаву падсудных. На гэты раз ён “зарабіў” 1 год 6 месяцаў пазбаўлення волі. Аднак і гэта не надта яго напужала – як толькі тэрмін сышоў, яшчэ маючы нязнятую і непагашаную судзімасць, мужчына зноў “узяўся за справу”. Так, 29 сакавіка бягучага года сярод белага дня ён накіраваўся да чужой гаспадарчай пабудовы ў Заазер’і. Узламаўшы навясны замок знойдзеным непадалёк металічным штыром, мужчына пранік у памяшканне, адкуль выкраў электратачыла коштам каля 940 тысяч рублёў. І на гэтым не спыніўся! Пацвярджаючы ўласным прыкладам распаўсюджанае меркаванне аб тым, што зламысніка цягне на месца здзейсненага, ужо вечарам наступнага дня Міхаіл накіраваўся ў той жа двор у Заазер’і. Выкарыстаўшы звычайную палку, ён разбіў аконнае шкло ў верандзе дома і праз праём выцягнуў веласіпед коштам 430 тысяч рублёў.

Зламыснік аказаўся не промах – два свае “здабыткі” хутка прадаў і, як кажуць, на некаторы час залёг на дно. І ўсё ж схавацца ад правасуддзя не атрымалася. За крадзеж, здзейснены паўторна, з пранікненнем у жыллё, у адносінах Міхаіла была ўзбуджана чарговая крымінальная справа па ч.2 арт.205 КК Рэспублікі Беларусь. Улічыўшы ўсе матэрыялы па справе, суд прызнаў яго вінаватым і назначыў пакаранне ў выглядзе 1 года 6 месяцаў пазбаўлення волі.

А.НАПРЫЕНКА, следчы раённага аддзела Следчага камітэта.

Малады ды ранні

Анатоля, ураджэнца аграгарадка Ільюшына, знаёмыя не без падстаў называюць маладым ды раннім. У свае 25 гадоў ён не проста паспеў наламаць дроў, а стаў практычна “рэкардсменам” у колькасці здзейсненых злачынстваў за дастаткова кароткі час. Першую сваю судзімасць атрымаў у Лёзненскім раёне ў лістападзе 2013­га, наступную – у лютым 2014­-га на Ушаччыне, а пасля – у снежні таго ж года ў Віцебску. Ва ўсіх выпадках гаворка ішла пра крадзяжы.

Дарэчы, з гэтым відам злачынстваў звязаны і апошні “зорны” ўчынак Анатоля. У сакавіку бягучага года, маючы нязнятую і непагашаную судзімасць, малады чалавек спланаваў і, як яму здавалася, паспяхова ажыццявіў крадзеж у адным з дамоў у вёсцы Вуглы. У памяшканне ён пранік, вырваўшы фанерны ліст з аконнага праёму. Здабыча злодзея аказалася дастаткова сціплай – узяў толькі DVD-­прайгравальнік коштам каля 180 тысяч рублёў. Вось толькі радасці ад гэтага ніякай: Анатоль хутка трапіў пад увагу праваахоўнікаў, у адносінах яго была ўзбуджана крымінальная справа па ч.2 арт.205 КК Рэспублікі Беларусь.

Невядома, ці стане гэты выпадак апошнім у “біяграфіі” ільюшынца. Аднак дакладна адно – бліжэйшыя паўтара года ў гэтым сэнсе ў яго чакаецца зацішша: менавіта столькі часу, па рашэнні суда, малады чалавек правядзе ў папраўчай калоніі строгага рэжыму ў Оршы.

В.КАРПУШЭЎСКАЯ, следчы раённага аддзела Следчага камітэта.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *