Магия «Фокуса». Индивидуальный предприниматель Диана Булыкина открыла своё дело по оказанию фотоуслуг в Ушачах

Экономика и малый бизнес

Дзе ў нас можна надрукаваць здымкі, зрабіць копіі дакументаў, фота на пашпарт ці візу? Кропак такіх паслуг у райцэнтры няшмат, але іх колькасць паступова павялічваецца – сэрвіс карыстаецца попытам. Аб адным з маладых індывідуальных прадпрымальнікаў прыгаданай сферы і пойдзе далей гаворка.

У 2014 годзе Дзіяна Булыкіна адкрыла ва Ушачах павільён “Фокус”. Менеджар­-эканаміст па спецыяльнасці, 23­-гадовая дзяўчына ў той час працавала спецыялістам аднаго з банкаў гарпасёлка на часовай вакансіі. Калі ж скончыўся тэрмін кантракта, Дзіяна вырашыла распачаць уласную справу. Наконт сферы асаблівых ваганняў не было: цікаўнасць да такой тэмы перадалася ад бацькі – прафесійнага фатографа Святаслава Пятровіча Андрэйчыка. Невялікі ўтульны павільён з трапнай назвай “Фокус” даволі хутка заняў вакантную на той час нішу, а галоўнай сваёй прыцягальнай якасцю зрабіў шматпрофільнасць. Акрамя прыгаданых вышэй паслуг “Фокус” прапануе і эксклюзіўныя для Ушач – напрыклад, робіць прынты на кружках, талерках, гадзінніках, футболках. Уяўляеце, колькі прыемных эмоцый даставілі ўшачанам арыгінальныя падарункі сяброў і блізкіх з адмысловымі малюнкамі і надпісамі. Дарэчы, не ўстаяла перад “магіяй” “Фокуса” і рэдакцыя “раёнкі” – заказаныя тут футболкі з вядомым слоганам “І ў сям’і, і на рабоце не забудзь аб “Патрыёце” журналісты апранаюць падчас розных святаў, акцый, мерапрыемстваў.

Вядома ж, дабіцца якасці выканання новых паслуг было няпроста. “Шмат матэрыялу сапсавала, перш чым налаўчылася працаваць з сублімацыйным тэрма­прэсам, з дапамогай якога малюнкі наносяцца на розныя паверхні”, – распавядае Дзіяна і разам са сваёй свекрывёй і памочніцай па бізнесе Аленай Леанідаўнай Булыкінай абслугоўвае кліентку, рыхтуючы ёй фатаграфіі на дакументы. Трэба сказаць, што гэта адна з самых запатрабаваных паслуг “Фокуса”: падчас нашай размовы наведвальнікі пастаянна заходзілі ў павільён, каб зрабіць здымкі. Усю фотаапаратуру Дзіяна выбірала і наладжвала ўласнымі рукамі. “Абсалютна кожны наш кліент можа разлічваць на індывідуальны падыход”, – кажа яна і з усмешкай дадае, што некаторым жанчынам, напрыклад, бывае вельмі няпроста дагадзіць з фотаздымкамі. “Напэўна, яны лічаць фатографа чараўніком, які здольны зрабіць любы здымак вартым вокладкі часопісу! Але ж, з другога боку, гэта і прыемна…”

Варта адзначыць, што сярод кліентаў кропкі людзі самага рознага ўзросту. Водгукі пра ўдалае месца знаходжання і добрую якасць паслуг давялося чуць ад пенсіянераў. “Вельмі падабаецца гэты павільён, ды і цэны тут прымальныя. Зайшла сюды, каб набыць рамку для фотаздымка сваіх унукаў”, – пахвалілася пакупкай пажылая ўшачанка. Развіваецца “Фокус” і па запатрабаваннях моладзі. Хутка будзе ўведзены друк на фармаце А3. На масавых мерапрыемствах, якія праходзяць у райцэнтры, можна сфатаграфавацца і адразу атрымаць здымак у выглядзе магніта. А для гасцей Ушаччыны “Фокус” прапануе сувенірныя магніты з мясцовымі краявідамі – такая прадукцыя карыстаецца попытам, таму яе асартымент будзе пашырацца.

Ёсць у “Фокуса” і яшчэ адна пастаянная катэгорыя кліентаў, якіх прывабліваюць атрыбуты для шлюбных цырымоній: бакалы, альбомы, стужкі, плакаты, статуэткі, віншавальныя паштоўкі. “Было б недаравальным не выкарыстоўваць той факт, што наш будынак знаходзіцца насупраць аддзялення загс”, – тлумачыць Дзіяна Булыкіна. Што ж, увага да такіх акалічнасцяў, імкненне развівацца, удасканальваць свае веды – характэрныя рысы маладой прадпрымальніцы, якая сваім прыкладам паказвае, што любімае захапленне можа стаць справай жыцця і яго матэрыяльнай асновай.

Вольга СЕВЕРЫНА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *