Главное требование — эффективность. Семинар, посвящённый вопросам посевной кампании, прошёл в Ушачском районе

Сельское хозяйство

Аб тэхналагічных патрабаваннях да пасяўной кампаніі, эфектыўным выкарыстанні часу, матэрыяльных рэсурсаў, людзей і тэхнікі ішла гаворка на семінары, які прайшоў у чацвер на базе ААТ “Агра-Селішча. Яго правядзенню не перашкодзіў нават дождж – аграрыі прывыклі працаваць і ў больш складаных умовах.

Увага ўсіх прысутных адразу была накіравана на тэхніку, якая задзейнічана на сяўбе, – ад складанага пасяўнога агрэгата да чатырохкорпуснага плуга. Аб асаблівасцях іх выкарыстання расказваў выконваючы абавязкі старшыні райсельгасхарча Сяргей Аляксандравіч Белагрыўцаў. Гэта выклікала цікаўнасць не толькі спецыялістаў інжынерных службаў. Кіраўнікі гаспадарак, аграномы таксама ўважліва сачылі за дэманстрацыяй наладкі пасяўнога агрэгата АПП-6, каменціравалі асаблівасці рэгуліроўкі глебаапрацоўчай тэхнікі ў залежнасці ад выконваемых відаў работ.

Патрабаванні кіраўніцтва вобласці да правядзення сяўбы агучыў дырэктар дзяржаўнага прадпрыемства “Віцебскае насенне” Сяргей Аляксеевіч Кірэеў, які замацаваны за нашым раёнам ад аблсельгасхарча. Яны вядомыя, таму, як адзначыў старшыня райвыканкама Віктар Віктаравіч Родзіч, семінар арганізоўваўся не толькі для таго, каб асвяжыць веды, бо для большасці ўдзельнікаў сёлетняя пасяўная далёка не першая. Галоўная мэта – данесці патрабаванні да механізатараў, якія павінны ведаць аб негатыўных наступствах няправільнай рэгуліроўкі машын, бо парушэнні тэхналогіі зводзяць да мінімуму эфект важнейшых мерапрыемстваў па павышэнні ўраджайнасці: унясення ўгнаенняў, хімічнай аховы раслін і іншых.

Вялася размова аб культуры земляробства, прыёмах апрацоўкі глебы ва ўмовах пераўвільгатнення, аб глыбіні ўзворвання, закрыцця насення і іншых нюансах сяўбы, кожны з якіх уплывае на канчатковы вынік. Глыбіня рыхлення, спецыфіка апрацоўкі ўчасткаў з рознай контурнасцю і рознымі відамі агрэгатаў, забяспечанасць гаспадарак насеннем, мінеральнымі ўгнаеннямі, сродкамі аховы раслін, іх нормы і тэрміны ўнясення – здаецца, нічога не засталося па-за ўвагай.

Старшыня райвыканкама засяродзіў увагу прысутных на неабходнасці самых сур’ёзных адносін да справы ўсімі ўдзельнікамі сяўбы. Замацаваныя за сельгаспрадпрыемствамі адказныя асобы будуць дапамагаць вырашаць арганізацыйныя пытанні, сачыць за ходам пасяўной, але на кожным полі павінны быць адказныя работнікі і з ліку сваіх спецыялістаў – з іх потым і будзе запыт за якасць, якой як заўсёды надаецца асаблівая ўвага. Тэрміны сяўбы сціслыя, таму працаваць трэба напружана, выкарыстоўваючы ўвесь светлавы дзень, тым больш што ў некаторых гаспадарках яшчэ неабходна шмат узараць. Таму працягласць рабочага дня з 6 да 21 гадзіны, праца на энерганасычанай тэхніцы ў дзве змены – адзінае выйсце.

У той жа час неабходна забяспечыць належныя ўмовы і стымулы для прадукцыйнай працы. Старшыня райвыканкама падкрэсліў, што дзейнасць на сяўбе павінна быць менавіта прадукцыйнай і эфектыўнай, а не для “галачкі”. Аплачвацца будуць толькі якасныя работы, якія ў механізатараў павінны прымацца ў той жа дзень, а звесткі аб заробках удзельнікаў сяўбы неабходна вывешваць у дыспетчарскай або іншым людным месцы, каб чалавек бачыў, колькі і за што ён зарабіў. Людзей трэба забяспе­чыць спецадзеннем і накарміць двухразовым гарачым харчаваннем – гэтыя пытанні павінны вырашацца аператыўна. Паліва сельгаспрадпрыемствам выдзяляецца пад канкрэтныя аб’ёмы, а выкарыстоўвацца яно павінна вельмі эканамічна – лішняга няма і ўзяць няма адкуль. Персанальную адказнасць нясуць таксама кіраўнікі і інжынеры за стан тэхнікі – калі яна выйдзе са строю з-за чалавечага фактару, то вінаватыя павінны панесці пакаранне, бо трактароў, асабліва энерганасычаных, і так не хапае. У той жа час правільна адрэгуляваная тэхніка эканоміць паліва і час, павялічвае прадукцыйнасць працы.

Абмеркаваны і многія іншыя надзённыя пытанні ад дысцыпліны, патрабаванняў тэхнікі бяспекі і ўдзелу ў пасяўной іншых арганізацый, якія замацаваны за гаспадаркамі, да канкрэтных сітуацый, куды і каму трэба тэлефанаваць з прычыны ўзнікнення праблем.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *