Усадьба Михаила Терещенко в Сорзово одна из самых ухоженных и аккуратных

Благоустройство Наш современник Экономика и малый бизнес

Закончыўшы пабелку яблынек, Міхаіл Цярэшчанка з задавальненнем агледзеў свой малады сад. Раўнюткімі радкамі стаялі былыя дзічкі, прывітыя яго ўмелымі рукамі. Выкопваў іх на палях, рабіў прышчэпкі добрых сартоў. Потым садзіў кусты, ставіў прывабную агароджу. Сёння яго сядзіба, узведзеная на хуткую руку, без адзінага хляўка, з горамі зямлі і адходаў будоўлі вакол – адна з самых дагледжаных у Сорзаве.

Засялялася сям’я 11 мая 2000 года. Якраз на дзень нараджэння сына Аляксея, якому споўнілася адзінаццаць гадоў. Старэйшаму Аляксандру ішоў васямнаццаты, Алёне было восем, а Васілю толькі пяць з паловай. Пераязджала вялікая сям’я, нягледзячы на недаробкі ў доме, з вялікай радасцю. Сцяснялі ж сваякоў, у якіх жылі пасля пажару. Ды і пераязджалі – самае тое слова, бо перавозіць не было чаго. Агонь знішчыў увесь нажыты папярэдне скарб, добра што самі ўсе выбраліся жывымі з задымленай хаты.

Хутка прыйшла і другая бяда – сям’ю пакінула жонка Міхаіла Пятровіча. Хаця бядой ні ён сам, ні дзеці гэта не лічаць. “Ні разу за гэтыя гады не пацікавілася, як дзеці, не праведала іх…”, – кажа гаспадар. “Я саромелася маці, баялася выйсці са школы і ўбачыць нецвярозую, ці што аднакласнікі ўбачаць, – дадае Алёна, якая наведалася дамоў з горада, – затое з радасцю чакала ля канторы бацьку і абняўшыся мы ішлі дахаты”.

Гаварыць такое ёй няпроста і сёння. А што тварылася ў душы дзяўчынкі тады, калі расла і параўноўвала сябе з іншымі. Ва ўсіх былі любячыя, клапатлівыя матулі, а ў яе… зязюля. Аднойчы ўвесь у слязах прыйшоў малодшы Васіль: “Настаўніца сказала, каб у школу абавязкова прыйшлі мамы, а ў мяне мамы няма”. “Я для вас і тата, і матуля,” – супакоіў малога Міхаіл Пятровіч. На 8 сакавіка ён, канечне, у школу не пайшоў, а вось на бацькоўскіх сходах быў заўсёды.

Ён разумеў дзяцей і імкнуўся, каб яны ні ў чым не адчувалі “згубы” маці. Працаваў да гэтага шафёрам малакавоза, добра зарабляў, але рэйсаў станавілася меней і ён перайшоў загадчыкам фермы. А яшчэ слесарам і начным вартаўніком. Так на трох работах і працаваў увесь час, пакуль раслі дзеці.

“Мы амаль што не бачылі бацьку, гадаваліся самастойна”, – смяецца Алёна. Пры гэтым расказвае столькі гісторый, што не кожная поўная сям’я з маці-хатняй гаспадыняй магла б пахваліцца.

“Кожную раніцу прачыналіся ад паху спечаных аладак ці скварак. Мабільны мне купілі з салона. У мяне была самая прыгожая сукенка і на апошні званок, і на выпускны”, – Алёна працягвае альбом з мноствам фотаздымкаў, якія з’явіліся, дарэчы, дзякуючы ўласнаму новаму фотаапарату. Тут і снегавікі ля яшчэ нядобраўпарадкаванага дома, і яе браты на турніку… І той самы выпускны, на якім усмешлівая прывабная дзяўчына ў бальнай сукенцы – адзенні на адзін дзень. Мог Міхаіл Пятровіч пераканаць дачку, што практычней набыць убор, які можна апрануць і пасля, але не стаў азмрочваць свята. Наадварот, ствараў іх дзецям, рабіў памятнымі дні нараджэння. Вось і прыгадвае Алёна і не забудзецца ніколі, як 17 снежня была на канцэрце Георгія Калдуна ва Ушачах. Ёй падарылі білет, а калі бацька прывёз дамоў, там дзяўчыну ўжо чакалі святочная вячэра з вялікім тортам.

Ён жыў дзецьмі і для дзяцей, быў прыкладам для іх: не курыў, не выпіваў, затое разам з сынамі выходзіў на зарадку на турнік – невыпадкова Васіль трапіў служыць у элітныя дэсантныя войскі. У школу малыя ішлі накормленымі, а да іх вяртання быў гатовы абед. Паступова набылі патрэбную мэблю, уцяплілі халодны дом. Міхаіл Пятровіч паглядзеў як кладуць кладку і сам перарабіў печы, пабудаваў хлявы. Трымалі ж вялікую гаспадарку – дзве каровы, свіней, курэй, трусоў. Даволі хутка купілі аўтамабіль, каб сустракаць Аляксея, якому нязручна было дабірацца з вучобы з Лепеля.

“У нас заўсёды ўсё было разам, з дакладна размеркаванымі абавязкамі, і дзеці дапамагалі ва ўсім”, – Міхаіл Пятровіч з пяшчотнай усмешкай паглядае на прыгажуню-дачку, якая цяпер ужо ў сваю чаргу пякла бацьку бліны.

Яна скончыла каледж з чырвоным дыпломам тэхнолага харчовай прадукцыі, працуе майстрам кулінарнага цэха ў “Дыёнісе” ў Полацку. Здае тэсціраванне, каб атрымаць вышэйшую адукацыю, толькі пакуль не накапіла грошай на платную вучобу. Аляксандр па спецыяльнасці мадэльер-канструктар абутку, аднак вярнуўся з горада дапамагаць бацьку, працуе ў КУСГП “Кублічы”. Дома ж яго клічуць прыроджаным архітэктарам. Гэта ён, выдатна маляваўшы з дзяцінства, прыдумвае эскізы ўпрыгожання сядзібы і скрупулёзна робіць усё па плане. “Так прасцей”, – часам кажа сыну Міхаіл Пятровіч, аднак Аляксандр ні на міліметр не адыдзе ад задуманага. Летась іх сядзіба невыпадкова трапіла ў лік пераможцаў раённага конкурсу па добраўпарадкаванні. Глядзіш на гэту прыгажосць і не верыцца, што амаль ўсё створана мужчынскімі рукамі.

Двое сярэдніх сыноў ужо адслужылі, атрымалі спецыяльнасці, маюць уласныя сем’і і прадаўжальнікаў роду Цярэшчанкаў. “Мяркую зноў набыць парсюкоў, пашырыць гаспадарку. Сям’я ж разрастаецца, трэба дапамагаць унукаў расціць”, – гаворыць гэта Міхаіл са шчырай радасцю чалавека, які мае самую галоўную каштоўнасць – сапраўдную паўнацэнную сям’ю. Ён стварыў яе сам і можа пераканаўча сказаць, што шчасце ў руках кожнага з нас.

А сядзіба ў Сорзаве ўсё прыгажэе. На раўнюткай пляцоўцы – якую зрабілі таксама выключна сваімі рукамі, хутка з’явіцца басейн. А Міхаіл нагледзеў на полі чарговую дзічку… Не зламалі беды гэтага мужчыну, не сталі “дзічкамі” яго дзеці, а дзякуючы цярпенню, пяшчоце роднага чалавека выраслі прыгожымі маладымі дрэўцамі.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *