Ярмарка вакансий прошла в Ушачах

Общество

У мінулую пятніцу ў актавай зале Дома Саветаў было шматлюдна. Тут разгарнуўся кірмаш вакансій, закліканы вырашыць адно з самых вострых пытанняў на сённяшні дзень – пытанне працаўладкавання насельніцтва.

Для ўсіх зацікаўленых упраўленне па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне райвыканкама падрыхтавала актуальную інфармацыю па наяўных у раёне вакансіях. Беспрацоўныя мелі магчымасць напрамую пагутарыць з наймальнікамі. На мерапрыемстве прысутнічалі кіраўнікі і спецыялісты па кадрах 20 арганізацый і прадпрыемстваў раёна – прадстаўнікі сферы гандлю, прамысловасці, будаўніцтва, адукацыі, аховы здароўя і сельскай гаспадаркі.

Пытанне садзейнічання ў працаўладкаванні – надзвычай актуальнае. У бягучым годзе гэта першы кірмаш вакансій на Ушаччыне, аднак не апошні. Плануецца і ў далейшым праводзіць падобныя мерапрыемствы – у залежнасці ад сітуацыі на рынку працы.

За дзве гадзіны правядзення кірмашу па пытаннях працаўладкавання да спецыялістаў звярнуліся 72 чалавекі. Чацвярым з іх выдадзены накіраванні на працаўладкаванне: даяркай і пастухом у КУСГП “Арэхаўна”, галоўным аграномам у КУСГП “Глыбачаны”, цесляром у ПМК-66. Трое маладых людзей накіраваны на навучанне – два повары і адзін электрагазазваршчык. Яшчэ чацвёра зацікавіліся пытаннямі перанавучання.

Акрамя зносінаў з патэнцыяльнымі наймальнікамі ў наведвальнікаў мерапрыемства была магчымасць даведацца ў спецыялістаў службы занятасці пра ўсе наяўныя месцы працы, магчымасці навучання і перанавучання, грамадскія работы і іншыя варыянты садзейнічання ў працаўладкаванні. Зрэшты, банк вакансій пастаянна абнаўляецца, папаўняецца новымі прапановамі. І ўсё ж без жадання і пэўных намаганняў з боку саміх суіскальнікаў дасягнуць станоўчага выніку не атрымаецца.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.

На сённяшні дзень раённая служба занятасці прапаноўвае ўшачанам 74 вакансіі. У асноўным гэта працоўныя месцы, якія патрабуюць спецыяльнай адукацыі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *