На главных объектах района работали ушачане во время республиканского субботника

Благоустройство

На галоўных аб’ектах працавалі сотні ўшачан падчас правядзення рэспубліканскага суботніка 22 красавіка. Ажыўлена з раніцы было на фізкультурна-аздараўленчым комплексе. Тут акрамя рабочых спецыялізаваных арганізацый, якія вялі планавыя работы, уборкай будаўнічага смецця і навядзеннем парадку ў асобных памяшканнях займаліся члены раённага выканаўчага камітэта, работнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, Ушацкай школы, актывісты раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”, некаторых іншых арганізацый. Альтанкі з боку вуліцы Віцебскай ля вадаёма на месцы былой канавы ўстанавілі работнікі УП ЖКГ Ушацкага раёна.

Не перашкодзіла непагадзь і работам на бальніцы, яшчэ адным стратэгічным аб’екце. Старую агароджу ля будынка паліклінікі работнікі ЦРБ паспелі дэманціраваць у прамежках паміж дажджамі, а пад дахам на рамонце фізіятэрапеўтычнага аддзялення і рэгістратуры працавалі рабочыя Ушацкай ПМК-66 і Шумілінскай ПМК-70.

Спецыялісты райсельгасхарча, вет- і племстанцый, адміністрацыі “Рай­аграсэрвіса” наводзілі парадак у памяшканнях комплексу “Завячэлле”. Канечне, дрэннае надвор’е ўнесла карэктывы ў планы арганізатараў суботніка. Але, як паведаміў намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Вітальевіч Галяковіч, работнікаў многіх арганізацый дождж і град не напалохаў і яны падчас суботніка працавалі не толькі пад дахам. І калі на мемарыяльным комплексе “Прарыў” зрабіць намечанае не ўдалося, то, напрыклад, у дубраўскім садзе значныя аб’ёмы работ выканалі лясгасаўцы, а работнікі райспажыўтаварыства не толькі абрэзалі пладовыя дрэвы ў Загор’і, а і паспелі іх пабяліць. У гарпасёлку зноў ліквідавалі стыхійную звалку, якая штогод з’яўляецца ля гаражнага масіву ў канцы вуліцы Савецкай, убіралі могілкі на Кастрычніцкай.

На добраўпарадкаванні некаторых грамадскіх і вытворчых тэрыторый працавалі людзі ў сельсаветах, прычым у асобных населеных пунктах і з дапамогай шэфаў – у Завячэллі былі задзейнічаны работнікі Ушацкага раёна электрычных сетак. Наогул, на гэты населены пункт, як і на навядзенне парадку ўздоўж трасы Полацк-Мінск, выдзяляліся значныя людскія рэсурсы.

– З-за непагоды не змаглі арганізаваць работы на ўсіх намечаных аб’ектах, – расказвае старшыня Сарочынскага сельвыканкама Людміла Яўгенаўна Птушка. – Але запланаваныя аб’ёмы будуць выкананы, дамоўленасць з кіраўнікамі замацаваных арганізацый ёсць і, калі ўсталюецца спрыяльнае надвор’е, у рабочым парадку працягнем добраўпарадкаванне.

Усяго ў рэспубліканскім суботніку па папярэдніх падліках прынялі ­ўдзел звыш пяці тысяч чалавек, многія працавалі на рабочых месцах. Аб’ём пералічаных грашовых сродкаў складзе каля 13 тысяч рублёў. Яны будуць накіраваны на прывядзенне ў належны стан аб’ектаў гісторыка-культурных каштоўнасцей, тэрыторый населеных пунктаў, падрыхтоўку да летняга сезона дзіцячых аздараўленчых лагераў.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *