В Витебской области в этом сезоне утонуло 16 человек. Будьте осторожны на воде!

Cлужба-101 Профилактика и безопасность

Лета нязменна звязана з купаннем. Але з-за неасцярожнасці, ігнаравання правіл паводзін на вадзе штогод гінуць людзі. На Віцебшчыне сёлета патанула ўжо 16 чалавек, з іх двое дзяцей. У 2016-м годзе ахвярамі вады сталі 65 чалавек, з якіх чацвёра – непаўналетнія. Ва Ушацкім раёне летась патануў 1 чалавек, у гэтым годзе, на шчасце, гібелі не зарэгістравана.

Прытрымлівайцеся простых правіл

Найбольш спрыяльныя ўмовы для купання – яснае і бязветранае надвор’е, тэмпература паветра 25 і больш градусаў, а вады – не ніжэй 18. Ні ў якім разе нельга плаваць у стане алкагольнага ап’янення, заплываць далёка, бо можна не разлічыць свае сілы. Не купайцеся і тым больш не нырайце ў незнаёмых месцах. Калі вас захапіла цячэннем, трэба плыць уніз па цячэнні, паступова пад невялікім вуглом набліжаючыся да берага. Калі трапілі ў водазварот, набярыце як мага больш паветра ў лёгкія, пагрузіцеся ў ваду і, зрабіўшы моцны рывок у бок, усплывайце. Калі заблыталіся ў водарасцях, спыніцеся, прыміце палажэнне “паплаўка” і асцярожна вызваліцеся ад раслін.

Не купайцеся на надзіманых матрацах і аўтамабільных камерах – іх можа аднесці далёка ад берага. Купанне з маскай, трубкай і ластамі таксама патрабуе асаблівай асцярожнасці, не плавайце з трубкай пры моцнай хвалі.

Не дапускайце свавольства ў вадзе: нельга ныраць пад тых, хто купаецца, хапаць іх за ногі, “тапіць”, падаваць ілжывыя сігналы аб дапамозе. Не падплывайце блізка да лодак і катэраў. Ні ў якім разе не пакідайце дзяцей без нагляду, растлумачце ім, як паводзіць сябе на вадзе, а таксама самі выконвайце правілы: прыклад бацькоў – лепш усялякіх слоў.

Што рабіць, калі тоне чалавек?

Калі вы бачыце, што чалавек тоне, клічце на дапамогу, выклікайце выратавальнікаў па тэлефонах 101, 112. Выратавальным сродкам можа стаць усё, што павышае плывучасць чалавека – выратавальны круг, надзіманы матрац, дошка і іншае. Калі вы добра плаваеце, не губляйце часу, аднак падплывайце да тонучага не спераду, каб у прыступе панікі ён не зацягнуў у ваду, а са спіны. Падхапіце яго пад рукі ці за валасы, перавярніце тварам уверх і плывіце да берага.

Выцягнуўшы тапельца, ацаніце яго стан. Калі чалавеку дрэнна і ён наглытаўся вады, пакладзіце пацярпелага на сагнутае калена жыватом (тварам уніз), так вада выйдзе з лёгкіх. Галава пры гэтым павінна вісець ніжэй грудной клеткі. Потым перавярніце пацярпелага, пакладзіце на спіну, праверце пульс і дыханне. Калі  яно не аднавілася, пульс не адчуваецца – хутчэй пачынайце рабіць штучнае дыханне і непрамы масаж сэрца. Памятайце, што калі чалавек не дыхае некалькі хвілін, ён можа памерці.

Д.ЛЁЛЯ, намеснік начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *