«Летний патруль» в местах отдыха Ушаччины

Cлужба-101 Профилактика и безопасность

Цёплымі летнімі днямі многія імкнуцца адпачыць на ўлонні прыроды – хто ж не любіць шашлыкі, зробленыя на вугалях, ці звараную на вогнішчы юшку? Каб адпачынак прынёс вам асалоду і не нанёс урону прыродзе, не трэба забываць і пра элементарныя правілы бяспекі.

З пачаткам сезона адпачынку супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях сумесна з работнікамі лясгаса і актывістамі БРСМ праводзяць  рэйды па папярэджанні пажараў і ўзгаранняў у прыродных экасістэмах. Адзін з апошніх такіх маніторынгаў прайшоў на тэрыторыі Ушацкага лясніцтва  ў месцы адпачынку “Вечалле” (на здымку).

– У час гэтага рэйду парушальнікаў правіл пажарнай бяспекі не было выяўлена, адпачываючым мы ўручылі памяткі бяспекі і правялі невялікі інструктаж. Праводзіць рэйды па папярэджанні пажараў плануем да канца лета ва ўсіх месцах адпачынку, а таксама ў лясных масівах на тэрыторыі раёна, – расказвае інспектар інспекцыі нагляду і прафілактыкі РАНС В.Карэйша.

Нагадаем, што пры наведванні лясоў забараняецца разводзіць вогнішчы ў ветранае надвор’е, на тарфяніках, на лесасеках з нарыхтаванай драўнінай, у месцах з падсохлай травой, пад кронамі дрэў, на участках, не абрамленых паласой глебы шырынёй менш 0,25 метра, у неабсталяваных месцах. Абавязкова прыміце меры па нераспаўсюджванні гарэння за межы пляцоўкі. Пры гэтым забараняецца распальваць вогнішча з дапамогай бензіну ці дызельнага паліва. Пастаянна кантралюйце працэс гарэння, а пасля спальвання вогнішча патушыце яго да поўнага спынення тлення.

Прычынай пажару ў гарачае сонечнае надвор’е могуць стаць шкляныя бутэлькі і іншы посуд з гэтага матэрыялу. Справа ў тым, што сонечныя прамяні праз выпуклае або ўвагнутае шкло ўтвараюць эфект лінзы. Калі гаручыя прадметы акажуцца ў фокусе пераламлення прамянёў, значна павысіцца іх нагрэў, што і прывядзе да ўзгарання. Таму не пакідайце пасля сябе на месцы адпачынку шкляныя прадметы, а калі вы іх убачылі, то варта ўбраць або засыпаць зямлёй.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *