Беларусь готовится к проведению II летних Европейских игр

Общество

Яны пройдуць з 21 па 30 чэрвеня 2019 года. Чакаецца, што ў ІІ летніх Еўрапейскіх гульнях прымуць удзел 4 тыс. атлетаў і 2 тыс. афіцыйных асоб. Спаборніцтвы адбудуцца на самых сучасных і буйных спартыўных комплексах – “Мінск-Арэне”, стадыёне “Дынама”, “Чыжоўка-Арэне”, у Палацы спорту і іншых. 7 верасня ў Мінску адбылося пашыранае пасяджэнне Выканкама Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі па гэтым пытанні. Прэзідэнт краіны і НАКа Аляксандр Лукашэнка заявіў, што “правядзенне Еўрагульняў павінна надаць магутны ідэалагічны імпульс нашаму грамадству, яшчэ больш кансалідаваць нацыю”.

Ганаровае права прыняць гэты старт – высокая ацэнка заслуг краіны ў развіцці спорту, а таксама правядзенне ў рэспубліцы спаборніцтваў і іншых міжнародных мерапрыемстваў, у тым ліку Чэмпіянату свету па хакеі 2014 года, які прызнаны лепшым за сваю гісторыю. “Вялікае значэнне пры гэтым мае існуючая ў нашай краіне атмасфера стабільнасці, талерантнасці і, самае галоўнае, бяспекі. Усё гэта таксама было ўлічана”, – заўважыў кіраўнік дзяржавы.

У пытанні арганізацыі Еўрагульняў дробязей няма і быць не можа. “Ад сустрэчы на граніцы, абслугоўвання ў гасцініцах, арганізацыі харчавання да афармлення горада – усё павінна быць на вышэйшым узроўні”, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. Пастаўлена задача правесці Еўрагульні без залішняй пампезнасці, але прыгожа і душэўна. Міжнароднае спартыўнае мерапрыемства важнае і з пункту гледжання прыцягнення турыстаў. Таму ужо зараз неабходна актывізаваць работу СМІ, працаваць з такімі буйнымі міжнароднымі каналамі, як “Еўраспорт” і “Еўраньюс”, каб і там была інфармацыя аб маючых адбыцца ў Беларусі гульнях.

У праграму спаборніцтваў увайшлі 15 відаў спорту: бадмінтон, баскетбол 3х3, бокс, барацьба (грэка-рымская, вольная, жаночая), веласіпедны спорт (трэк і шаша), гімнастыка (спартыўная, мастацкая, акрабатыка, аэробіка і скачкі на батуце), веславанне на байдарках і каноэ, дзюдо, каратэ, лёгкая атлетыка, самба, стральба з лука, стральба (кулявая і стэндавая), настольны тэніс, футбол пляжны. Атлеты разыграюць у Мінску 189 камплектаў узнагарод у 23 спартыўных дысцыплінах, некалькі відаў спорту стануць кваліфікацыйнымі да XXXII летніх Алімпійскіх гульняў 2020 года ў Токіа.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што на Еўрапейскіх гульнях 2019 года жыццё не заканчваецца, наперадзе шмат буйных міжнародных спартыўных мерапрыемстваў, у тым ліку Чэмпіянат свету па хакеі 2021 года. “Гульні – гэта шанц не толькі ўзварухнуць краіну, народную гаспадарку, але і якасна рушыць наперад у тэхналогіях, адукацыі і кампетэнцыях нашых спецыялістаў. Усё, што мы зробім, усё, чаму навучымся, спатрэбіцца нам і, галоўнае, нашым дзецям”, – рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

* * *

Адкрыты конкурс на распрацоўку талісмана II Еўрапейскіх гульняў працягваецца да 15 лістапада, а конкурс песні цырымоніі адкрыцця і закрыцця – да 1 снежня 2017 года.

Па матэрыялах БелТА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *