Александр Николаевич Азевич — прирождённый директор

Экономика и малый бизнес

“Ты будзеш дырэктарам, бо проста створаны для гэтай пасады!” – жартоўна прарочылі Аляксандру Азевічу сябры, з якімі вучыўся ў Магілёўскім педінстытуце. І мелі на тое рацыю: адказны хлопец быў іх нязменным старастам, камандзірам будаўнічага атрада, а калі студэнты ехалі ў калгас на ўборку бульбы, нават не было патрэбы адпраўляць з імі выкладчыка, бо з усімі кіраўніцкімі абавязкамі выдатна спраўляўся Саша…

Самае ж цікавае, што прароцтва хутка спраўдзілася. “Ну, якую школу хочаш узначаліць: Усвейскую або Селішчанскую?” – запытаў выпускніка фізіка-матэматычнага факультэта тагачасны загадчык Ушацкага райаддзела народнай адукацыі Іван Сямёнавіч Кулага. Аляксандра ж прапанова не надта ўзрадавала, бо планаваў ён пачаць кар’еру настаўнікам. Было на прыкмеце і месца: у Вялікіх Дольцах, непадалёк ад бацькоўскага дома ў Глінішчы, якраз адкрылі новую школу, узначаліў якую Аркадзь Пятровіч Тухто – менавіта пад уплывам гэтага чалавека, свайго любімага выкладчыка гісторыі, выпускнік Кубліцкай школы Саша Азевіч вырашыў паступіць у педінстытут. Але ж прапанова была з тых, ад якіх не адмаўляюцца – і 1 верасня 1979 года новаспечаны дырэктар на ўрачыстай лінейцы віншаваў з пачаткам заняткаў селішчанскіх вучняў і настаўнікаў.

– Прынялі ў школе настолькі прыхільна, што адаптавацца змог хутка, – расказвае Аляксандр Мікалаевіч. – І зараз памятаю, якім мацярынскім клопатам атулілі мяне настаўніцы Соф’я Антонаўна Стрыжонак, Іда Захараўна Тамашэвіч. Настаўніцкі і дырэктарскі пакоі ацяпляліся адной печчу, прычым большая яе частка знаходзілася ў маім кабінеце, і на перапынках калегі забягалі да мяне пагрэцца, бо ў школе, размешчанай у некалькіх драўляных будынках, было халаднавата. Але ж атмасфера адносін была надзвычай цёплая – за 24 гады работы ў Селішчы не прыгадаю ніводнага буйнога канфлікту паміж настаўнікамі, вучнямі і бацькамі. Магчыма, уплывала і тое, што школа стаяла побач з касцёлам…

Жыццё ў вясковай установе было насычаным. Паспяхова спраўляліся са сваёй асноўнай задачай – даваць якасную адукацыю. “У сталічным навукова-даследчым інстытуце фізікі працуе Ала Жаваранак, Таня Хамёнак – урач, інжынерамі ў розных сферах сталі Віталь Барысёнак, Юра Масальскі, Лёня Саўчанка, Валера Лемеш”, – прозвішчы былых селішчанскіх вучняў дырэктар можа прыгадваць доўга. Канечне, асобных даводзілася і перавыхоўваць. Неяк перавёўся ў іх школу падлетак з горада і аўтарытэт у новым калектыве пачаў заваёўваць тым, што крыўдзіў аднакласнікаў, грубіў педагогам. Выхоўваў яго дырэктар на пару з завучам Яўгенам Сцяпанавічам Гарановічам цярплівасцю і добразычлівасцю, шчырымі мужчынскімі размовамі.

Хапала ў школьным жыцці і вясёлых момантаў. Іншы раз настаўнікі маглі і разыграць адзін аднаго. Неяк Тамара Уладзіміраўна Бабянок прынесла ў школу два тэлефонныя апараты, злучаныя провадам. Адзін пакінулі ў настаўніцкай, другі схавалі ў суседнім пакоі і патэлефанавалі па ім нібы з райаддзела адукацыі. Падняўшая трубку Соф’я Антонаўна пачула наступнае: “Добры дзень, гэта вам тэлефануе Галіна Сцяпанаўна Басак. Да вас едзе правяраючая з вобласці Мілінкевіч! Тэрмінова рыхтуйцеся, вы ведаеце, якая яна строгая!” Настаўніца разам са стаяўшай побач Ідай Захараўнай сабраліся было ўпасці ў паніку, але калегі своечасова выкрылі падман. Смяяліся потым усім калектывам…

А яшчэ ў тыя часы шмат працавалі. Сваімі сіламі наводзілі марафет у школе, якая неаднаразова прызнавалася пераможцам раённага конкурсу па падрыхтоўцы да навучальнага года. З падтрымкай мясцовага калгаса “ХХІ партз’езд” даглядалі вялікі прышкольны ўчастак і самі дапамагалі аграрыям – напрыклад, узімку работнікі нарыхтоўвалі хваёвыя лапкі на корм жывёле. З гэтым працэсам, прынамсі, звязаны яшчэ адзін гумарыстычны ўспамін. Праз пэўны час малады селішчанскі дырэктар “саспеў” для прыняцця ў партыю. На бюро кіраўнікі раёна паміж іншым запыталіся, колькі школа ўжо нарыхтавала хваёвых лапак. “Прыступім у гэтыя выхадныя і абавязкова выканаем план!” – адказаў дырэктар. “Вось як?! А жывёле цяпер галоднай стаяць? А што б было, каб вас тыдзень не кармілі?” – зазлавала кіраўніцтва. На што Аляксандр Мікалаевіч, агледзеўшы сваю ладную каранастую фігуру, мовіў: “Ну, я б, можа, і вытрымаў…” У партыю вясёлага і знаходлівага дырэктара ўсё ж прынялі, канечне, прачытаўшы сур’ёзную натацыю…

Не абышлося ў яго кар’еры і без сумных момантаў – напрыклад, калі ў 2003-м годзе прынялі рашэнне аб закрыцці Селішчанскай школы. Хоць у ёй было 57 вучняў, але палічылі, што дорага абыходзіцца ацяпленне электракатламі, якімі ў той час была абсталявана ўстанова.

Так ці інакш, але аб’ектыўны працэс не спыніш, і Аляксандр Мікалаевіч цалкам аддаўся справам і клопатам сваёй новай школы – Ільюшынскай. У тым, што яна з’яўляецца адным з флагманаў адукацыі раёна, неаднаразова прызнавалася лепшай па падрыхтоўцы да старту навучальнага года – і яго вялікая заслуга. Адпавядаюць знешняму вобліку і педагагічныя кадры. Сярод сваіх першых памагатых дырэктар называе завучаў Іну Аляксееўну Алексяёнак і Жанну Анатольеўну Крамін, гонар установы – Ларыса Уладзіміраўна Шарыпа, вучні якой літаральна штогод прывозяць прызы з абласнога этапу фестывалю міжкамунікацыйных зносін. Намаганнямі настаўніка біялогіі Галіны Мікалаеўны Аўсіевіч ва ўзорным парадку ўтрымліваецца прышкольны ўчастак і тэрыторыя. Радуе і маладое папаўненне – вельмі творча і натхнёна працуе з пачаткоўцамі Наталля Уладзіміраўна Курбака. Ну і нельга не прыгадаць апантанага сваёй справай выкладчыка фізкультуры Віктара Іванавіча Акулёнка: на рахунку яго выхаванцаў трэцяе месца па выніках мінулагодняй раённай спартакіяды школьнікаў, перамогі валейбольных каманд на спаборніцтвах рознага ўзроўню і шмат іншых дасягненняў – да якіх можна аднесці і паступленне леташняга выпускніка Дзяніса Аўсіевіча ў Віцебскі дзяржуніверсітэт на факультэт фізкультуры і спорту. Увогуле ж былыя вучні Ільюшынскай СШ выбіраюць для далейшай вучобы запатрабаваныя спецыяльнасці – сярод тых, хто здаваў экзамены гэтым летам, будучыя эканамісты, педагогі, будаўнікі, аграрыі.

І ў лёс кожнага са сваіх вучняў уклаў плён працы, часцінку свайго вялікага сэрца насамрэч прыроджаны дырэктар, надзвычай добры і інтэлігентны чалавек Аляксандр Мікалаевіч Азевіч.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *