В Ушачах прошёл областной праздник-конкурс свадебных обрядов «Вялікая вясельніца-2017»

Общество

Да народных традыцый можна ставіцца па-рознаму. Хтосьці бачыць у іх перажытак мінулага, пыльны музейны “экспанат”, а іншыя лічаць крыніцай з жывой вадой шматвяковай мудрасці. Апошніх, прынамсі, намнога больш – у гэтым упэўніла абласное свята-конкурс вясельных абрадаў “Вялікая вясельніца-2017”, якое прайшло ў суботу ва Ушачах.

Падробку распазналі не адразу

“Вось малайцы, маладыя! Як добра прыдумалі – вяселле ў старажытным стылі справіць!” – гаманілі ля дарогі мясцовыя жыхары, праважаючы позіркам незвычайны вясельны картэж з канём і павозкай замест статуснага лімузіна. – А ці ведаеце, чые гэта жэняцца?..” І хоць больш дасведчаныя субяседнікі хутка патлумачылі, што вяселле – “падробнае”, такія меркаванні можна было лічыць кампліментам арганізатарам і выканаўцам рэканструяванага абраду, што стаў самай відовішчнай часткай свята-конкурсу. “Вялікая вясельніца” сабрала гасцей у чацвёрты раз, і ўпершыню – па-за межамі Дуброўна, дзе ладзілася дагэтуль. Рэканструкцыя вяселля робіцца па матэрыялах той мясцовасці, дзе праходзіць дзейства. Сёлета такім чынам былі прадстаўлены традыцыі ўшацкага, глыбоцкага і шаркаўшчынскага краю, і зроблена ўсё было так, быццам машына часу перанесла прысутных на стагоддзе назад, калі палкія пачуцці з’ядналі глыбоцкага хлопца Іванку з ушачанкай Манечкай.

Задобрывалі “звера”, дзялілі каравай

Імправізаванымі хатамі маладых сталі два памяшканні Дома рамёстваў. У былым будынку ўстановы асталявалася заможная сям’я жаніха – адсюль пасля бласлаўлення бацькоў, падарункаў і застолля Іван са сватам і гасцямі выехаў на павозцы за нявестай. А ў хаце маладой тым часам сяброўкі пад сумныя абрадавыя песні, якія гучалі на Ушаччыне стагоддзе таму, прыбралі яе да вянца. Невясёлая і Маня, бо боязна ісці ад бацькоў у чужы дом. Да слова, плакаць на сваім вяселлі раней лічылася для нявесты нормай – каб “патраціць” усе слёзы на імпрэзе і не прыхапіць з сабой у сямейнае жыццё.

Маладую “на мужаву любоў” тры разы абвялі вакол стала, пасля чаго яна стала на куце, каб прывыкнуць да пакорлівасці ў адносінах свайго абранніка. Дзяўчыну шчодра адорвалі – “не адной падушкай, а яшчэ цялушкай, сотнямі-рублямі ды конікам з санямі!” . Па ўшацкім звычаям яе настаўлялі ствараць дабрабыт у новай хаце, рыхтавалі да стараннай працы, павагі да радні мужа. Маці блаславіла маладую іконай, якую дзяўчына возьме з сабой у дарогу. Тут дарэчы будзе раскрыць сакрэт “кухні” і расказаць, што рэквізіт пастаноўкі быў сапраўдны, тагачасны. Правядзенню рэканструкцыі папярэднічала вялікая падрыхтоўчая работа, супрацоўнікі Ушацкага цэнтра культуры і народнай творчасці ладзілі экспедыцыі па раёне. Так, напрыклад, ручніку-набожніку, якім нявеста абгортвала ікону, больш ста год, такія ж старажытныя былі і абрусы, посцілкі, скрыня для пасагу.

Забраўшы Манечку з роднай хаты, жаніх павёз яе вянчацца. Вядома ж, не абышлося на шляху без традыцыйных “рагатак”, якія былі падрыхтаваны па шаркаўшчынскіх і ўшацкіх традыцыях. Далей асноўныя падзеі разгортваліся ў доме жаніха, куды прыбылі маладыя. Ім давялося прайсці шэраг адмысловых выпрабаванняў – і жартоўных, і сур’ёзных. Нявесце, напрыклад, прапанавалі сесці на дзяжу, прыкрытую вывернутым кажухом – даўней меркавалася, што зрабіць гэта без наступстваў для будучага дабрабыту можа толькі нявінная дзяўчына. Арыгінальным элементам абраду падалося тое, што замест традыцыйнага букета па шаркаўшчынскай традыцыі маладая кінула праз плячо дзяўчатам клубок нітак са словамі: “Каціцеся за мной замуж, сяброўкі, клубочкамі…” А вось што расказала нам пра паходжанне цікавага абраду “Ваўчыца” кіраўнік народнага тэатра фальклору “Цярэшка” Глыбоцкага цэнтра традыцыйнай культуры і народнай творчасці Наталля Уладзіміраўна Нікіфаровіч:

– Гэтае дзейства ладзіцца напрыканцы вяселля, калі родныя нявесты перад тым, як скіравацца дамоў, задобрываюць маці жаніха. Апрануўшы вывернуты кажух, тая як бы ператвараецца ў ваўчыцу: мяркуецца, што паладзіць з ёй нявестцы будзе няпроста, калі не ўлагодзіць свякроўку падарункамі – што і робяць госці. Прыдзірліва аглядаючы прэзенты, “ваўчыца” становіцца ўсё больш лагоднай і нарэшце абдымае нявестку, назваўшы любімай дачкой.

Трэба сказаць, што калі жаніліся маладыя з розных мясцін, падчас сватаўства родныя дамаўляліся, якія абрады будуць на вяселлі, спалучалі іх. Так атрымалася і на рэканструяванай імпрэзе – глыбоцкі абрад выконвалі ў доме нявесты ўшацкія артысты: “Просім цябе, наша сваціца, спавагі, каб не было нашай Манечцы знявагі. Каб не стаяла цёмнай ночкай пад вакном, каб не ўцірала дробны слёзкі рукаўком…”

– Увогуле ў кожнай нават суседняй мясцовасці маюцца свае элементы старажытнага вяселля, – далучаецца да размовы ўдзельнік прыгаданага народнага таэтра Барыс Заяц, які выканаў у пастаноўцы ролю свата. – Так, напрыклад, на Ушаччыне вясельны каравай дзеляць, у нас жа, наадварот, яго захоўваюць цэлым. Зрэшты, некаторыя элементы свята былі аднолькавымі ў розных рэгіёнах – такія, напрыклад, як “аглаблявая” чарка на ад’езд гасцей.

Верашчаку – за дзве шчакі

Завяршыўшы рэканструкцыю старажытнага вяселля, гаспадары ўшачане і іх галоўныя памочнікі глыбачанцы перадалі творчую эстафету гасцям з іншых раёнаў Віцебшчыны, што прыбылі на фэст. А наступны этап свята – конкурс вясельных кутоў – стаў, бадай, самым прывабным, бо падчас яго ўдзельнікі прэзентавалі стравы, без якіх не абыходзіліся вяселлі ў іх мясцовасці. Гэта, дарэчы, стала новаўвядзеннем сёлетняй “Вялікай вясельніцы” і, думаецца, “смачны” конкурс абавязкова прыжывецца. Ва ўсялякім разе так меркавалі госці, якіх гаспадары куткоў наперабой частавалі адмысловымі стравамі. Мне ж давялося паспытаць і полацкія бульбяныя цыбрыкі з грыбамі, і расонскага фаршыраванага шчупака, і сенненскую верашчаку, ды яшчэ выведаць у маладога культработніка Дзмі­трыя Зайко, што гатуецца яна ў печы ў чыгунку з папярэдне абсмажаных рэбрышак, каўбасы ды сала. Цікавай асобай, дарэчы, аказаўся і сам Дзіма, які паралельна з удзелам у фальклорным гурце з’яўляецца даволі прыкметнай фігурай у беларускай рэп-музыцы і нават мае намер сёлета выступіць у нацыянальным адборы да “Еўрабачання”. На пытанне ж, як спалучаюцца такія розныя музычныя плыні, хлопец адказвае: “Вельмі арганічна! Пры творчым падыходзе яны ўзаемаўзбагачаюцца, мусяць зайграць новымі фарбамі!” Ну а што датычыцца рэкламаванай ім верашчакі, то да спадобы прыйшлася гэтая страва і журы: менавіта сенненскі вясельны куток атрымаў перамогу ў конкурсе.

“Ехаў бацька за лучынай, а сын ехаў за дзяўчынай”

А вось за першынство ў наступным, які меў назву “Паказ вясельных абрадаў”, дастойна змагаліся паўтара дзясятка творчых калектываў вобласці. З якой жа безлічы розных абрадаў складалася, аказваецца, старажытнае беларускае вяселле! На сцэне Ушацкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці гледачы ўбачылі сватанне і стаўбавы абрад, запоіны-заручаны і гараджэнне дарогі, зборную суботу і выпяканне вясельнага караваю. Кранула за душу цнатлівае прыбіранне нявесты да вянца, якое суправаджалася журботнымі спевамі, а калі на другі дзень вяселля паехаўшых з дому маладых замянілі “дублёрамі”, увесь зал крычаў каларытнай парачцы “Горка!” А вось калі б існавала намінацыя для самай вясёлай свацці на “Вясельніцы”, прыз абавязкова дастаўся б прадстаўніцы Лепельшчыны Вользе Шкіранда, з якой ніхто не параўнаўся зычнасцю голаса і няўрымслівасцю ў танцы!

А колькі народных афарызмаў давялося пачуць у гэты дзень – імі так і сыпалі ў сваіх выступленнях канкурсанты: “Хату мяці, а шуму вон не нясі”, “Горка рэдзька, ды ядуць, дрэнна замужам, ды йдуць”, “Каханне і кашаль не схаваеш!”, “Калі дзеўка лахудра, то не паможа і пудра!”

Здзівілі і парадавалі

Можна сабе ўявіць, наколькі няпроста было журы, у складзе якога былі вельмі кампетэнтныя спецыялісты і нават навукоўцы, вылучыць самыя дастойныя выступленні. Як прызналася загадчык аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Таццяна Уладзіміраўна Валодзіна, узровень убачанага вельмі здзівіў і парадаваў: “Гэта была самая яркая і дасканалая “Вялікая вясельніца” з усіх, што праходзілі раней. Спадзяюся, што паказаныя на ёй элементы абрадаў пойдуць у жыццё”.

Ну а прыемную працэдуру ўзнагароджання ўзяла на сябе старшыня журы – дырэктар Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Кацярына Пятроўна Лабука. У выніку ў галоўнай намінацыі конкурсу “Унікальныя вясельныя звычаі і абрады” трэцім месцам вызначыліся народныя фальклорныя калектывы “Вярба” з Браслаўскага, “Сенькавіца” з Верхнядзвінскага і “Кросны” з Сенненскага раёна, другое месца ў прадстаўнікоў Полаччыны “Галасы спадчыны”, першае – у гурта “Глейна” з Гарадоцкага раёна. Тэатр “Цярэшка” з Глыбоцкага стаў лаўрэатам першай ступені конкурсу. Ну а Гран-пры атрымалі гаспадары – Ушацкі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці (дырэктар – Марына Пятроўна Макрыдзіна). Акрамя таго дыпломамі былі адзначаны ўшацкія калектывы “Матырынская спадчына” і яго спадарожнік – дзіцячы гурт “Спадчына”, народныя клубы “Прысмакі” і “Адраджэнне”, Арэхаўскі СДК і Селішчанскі сельскі клуб, Ушацкі дом рамёстваў. Словы ўдзячнасці за добрую арганізацыю мерапрыемства былі выказаны ў адрас аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. І, напэўна, больш за ўсіх віншаванняў атрымала ў гэты вечар метадыст цэнтра Галіна Сяргееўна Рудзёнак, якая не адзін год карпатліва збірае, захоўвае і перадае моладзі багатыя фальклорныя традыцыі Ушаччыны, – менавіта яна была аўтарам сцэнарыя рэканструкцыі вяселля.

* * *

Канечне, істотна змянілася наваколле ўздоўж шляху, дзе ехаў у гэтую суботу вясельны картэж, ды пэўныя элементы антуражу ўсё ж захаваліся – як і сто год таму павольна нясе тут свае воды рака Ушача і ўсё так жа адбіваюцца ў іх муры чырвонага касцёла, зруйнаванага вайной, але адноўленага людзьмі. Як ніколі не змарнеюць, не сыдуць у нябыт і традыцыі нашых продкаў – трывалы падмурак беларускай дзяржаўнасці.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *