Районный конкурс профмастерства провели управление по сельскому хозяйству и продовольствию Ушачского райисполкома и Полоцкая племстанция

Общество

На мінулым тыдні вызначалі лепшага аператара па штучным асемяненні буйной рагатай жывёлы. Раённы конкурс прафмайстэрства правялі ўпраўленне па сельскай гаспадарцы і харчаванні Ушацкага райвыканкама і Полацкая племстанцыя.

Ідзе першае, тэарэтычнае заданне. Перад кожным з чатырох удзельнікаў паклалі тэсты і не абмяжоўвалі ў часе. “Такога ў Ветэрынарнай акадэміі не задаюць. Гарантую”, – пазнаёміўшыся з 25 пытаннямі, што занялі два лісты дробнага тэксту, прамовіў Генадзь Сінякоў – Дзе вы іх бралі?”. А між тым спецыяліст групы аднаўлення нядаўна атрымаў вышэйшую адукацыю заатэхніка.

Пра тое, што пытанні складаныя, экзаменатары і не ўтойвалі. “Гэта тэсты з мінулагодняга рэспубліканскага конкурсу. Спецыяльна вам далі на перспектыву, каб падрыхтаваць да фіналу. Ёсць час, каб падцягнуць тэорыю, а таксама стымул – 6,5 тысячы рублёў за першае месца”, – галоўны заатэхнік Полацкай племстанцыі Дзяніс Клімянкоў казаў гэта з веданнем справы. Сам у 2018-м годзе станавіўся фіналістам на рэспубліцы, ну а яго калега вядучы заатэхнік Стэла Пятроўская, якая таксама была ў журы конкурсу, летась вярнулася з абсалютнай перамогай. Абодва разы яны выступалі ў катэгорыі груп аднаўлення. Генадзю Сінякову і Алесі Кімавай таксама раілі паспрабаваць сілы ў групавых “гонках”. Гэтыя два спецыялісты працуюць ў адной гаспадарцы – ААТ “Ільюшынскі”, а выступалі за розныя не дзеля большай геаграфіі. Абое належаць да раённай групы аднаўлення, якая дапамагае ў лячэнні і пакрыцці статкаў усіх гаспадарак. Толькі Алеся абслугоўвае ільюшынскія, а Генадзь апошнім часам – пераважна “Вялікадолецкага”.

Практычная частка складанасці не выклікала ні ў самай маладой па ўзросце і вопыце ўдзельніцы з “Глыбачан” Марыны Акулёнак, ні тым больш у Людмілы Шылак з “Сафійскіх дароў”, якая асемянатарам працуе ўжо 20 гадоў. Тым не менш заўвагі Дзяніс Пятровіч рабіў. І не таму, што адказвалі няправільна, проста паказаць практыкам намнога прасцей, чым паслядоўна апісаць свае дзеянні. Таму і расказвалі спецыялісты племстанцыі, на што трэба звярнуць увагу, калі паедуць на вобласць ці рэспубліку. Самая вялікая праблема, і гэтага не хавалі, што практычная частка праходзіць з суперсучасным абсталяваннем, пра якое нашы асемянатары толькі чулі. Праверка цельнасці, напрыклад, робіцца ўльтрагукавым сканерам. Гэта не віна, а бяда нашых асемянатараў, як і гаспадарак у цэлым, якія не настолькі заможныя, каб дазволіць сабе дарагое абсталяванне. Хаця гэта, безумоўна, справа часу.

А быць гатовымі да яго прымянення спецыялістам трэба. І асноўная мэта конкурсаў прафмайстэрства – стымуляванне асабістага росту, абмен вопытам паміж калегамі, жаданне вучыцца. Прывёў Д.Клімянкоў і даступны для пераймання прыклад. У Полацкім раёне 45 год працуе асемянатар, якому дабівацца вынікаў дапамагаюць строгі ўлік і ўсе жывёлаводы.

Штодня ён памячае ў сваім журнале, хто выявіў у ахвоце, замяняў яго, прымаў расцёлы ці быў побач. І ўсе ў гаспадарцы ведаюць, што іх неабыякавасць прастымулююць рублём.
Была такая матывацыя і ва ўдзельнікаў конкурсу. Абсалютна ўсім загадчык сектара эканамічнага рэгулявання райсельгасхарча Таццяна Іванюта ўручыла падарункі, а пераможцы, якім стаў Генадзь Сінякоў, нават два. Фіналістаў чакаюць яшчэ і грашовыя прэміі ў памеры 200, 180 і 160 рублёў. Так што назад вярталіся задаволеныя і з жаданнем праштудзіраваць незразумелыя пытанні тэсту.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *