На Ушаччине выбрали лучшего библиотекаря

Культура Экономика и малый бизнес

Душ нашых лекары — библиятэкары. У праўдзівасці гэтых слоў мелі магчымасць упэўніцца ўшачане, якія сабраліся на мінулым тыдні ў раённай бібліятэцы імя Е.Лось на заключны этап раённага конкурсу “Бібліятэкар года – 2017”. Галоўнымі героямі мерапрыемства сталі 16 прадстаўніц узгаданай прафесіі, захавальніц скарбніцы ведаў. І кожная па-свойму здзіўляла майстэрствам, крэатыўным мысленнем і творчымі здольнасцямі!

Зрэшты, распачалася конкурсная праграма задоўга да ўзгаданай даты. Членам журы давялося значна папрацаваць, каб прааналізаваць работу бібліятэкараў па самых розных напрамках дзейнасці. Надзвычай цікавымі сталі і іх “публічныя” выступленні. Візітоўка “Будзем знаёмыя”, практыкум “Піраміда ведаў”, дамашняе заданне “Бібліятэчныя таленты” праходзілі ў атмасферы нечаканых адкрыццяў: з займальнымі прэзентацыямі, тэатральнымі пастаноўкамі, віртуальнымі вандроўкамі. Вызначыць лепшага ў такіх умовах было няпроста. І ўсё ж па колькасці набраных балаў канкурэнтак абышла Ала Васільеўна Апёнак з Ільюшына, яна і стала ўладальніцай ганаровага звання “Бібліятэкар года – 2017”.

Конкурс прафесійнага майстэрства ў чарговы раз даказаў, наколькі цікавая і разнапланавая бібліятэчная справа, наколькі багаты ўнутраны свет і фантазія яе работнікаў. І пакуль у бібліятэках Ушаччыны ёсць такія перспектыўныя кадры – у іх ёсць будучыня.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *