Более 5 лет успешно справляется со своими обязанностями молодой работник филиала «Энергосбыт» Артур Лабань

Образование и молодежь

Артур Аляксандравіч Лабань працуе ва Ушацкім вытворча-збытавым участку энергазбыту Полацкага аддзялення філіяла “Энергазбыт” з 2011 года. За гэты час дваццацівасьмігадовы спецыяліст пераадолеў шлях ад лінейнага кантралёра да інжынера аддзела збыту. Усяго праз год, пасля пераходу ва ўстанову з райспажыўтаварыства, дзе пасля заканчэння віцебскага тэхнічнага каледжа пачынаў прафесійную дзейнасць электрамеханікам ахоўна-пажарнай сігналізацыі, на выдатна скончыў курсы павышэння кваліфікацыі і стаў кіраваць брыгадай кантралёраў.

У яе зараз уваходзяць два спецыялісты на лініях і тры ў стале даведак. Сярод іх Алена Мікалаеўна Контарава, Віктар Аляксандравіч Хадатовіч, Валянціна Мікалаеўна Лемеш, Рыта Аляксандраўна Коршун і Вольга Уладзіміраўна Зелянік.

Участак кантралюе і прымае аплату грамадзян, заключае дагаворы па энергазабеспячэнні, улічвае льготы абанентаў, выдае даведкі аб разліках за спажытую электраэнергію для ўзнаўлення энергасілкавання хатніх гаспадарак пасля адключэння. А з наяўных 9484 па раёне абанентаў неплацельшчыкаў на цяперашні момант – 64. Пасля таго, як высвятляецца, што ад кліентаў своечасова не паступілі плацяжы, пачынаюцца перагаворы. Менавіта з іх пайшла жартаўлівая фраза пра тое, што кантралёры перш-наперш добразычліва папярэджваюць аб хуткай інтымнай абстаноўцы – прыцемку, які наступіць, калі ў пяцідзённы тэрмін грошы так і не паступяць. Таму Артур Аляксандравіч кажа, што важна заставацца тварам кампаніі, падтрымліваць культуру зносін з кліентамі і змякчаць канфлікты, хоць абаненты часам маюць надзвычай варожы настрой. Для бяспекі абодвух бакоў, але найперш кантралёраў, на карпаратыўных тэлефонах маюцца спецыяльныя маякі і трывожныя кнопкі, каб хутка паведаміць аб праблеме. Таксама на карысць спецыялістаў працуюць кліенцкія базы як на камп’ютарах, так і на мабільных прыладах.

Год таму Артур скончыў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт па кваліфікацыі інжынер-электрамеханік. Аднак нягледзячы на гэта, як і ўсе работнікі энергазбыту, пастаянна надае ўвагу ўдасканаленню ведаў па нарматыўна-прававой базе. “Грамадзяне павінны быць упэўнены, што іх не ўвялі ў зман і ў любых сітуацыях прадставілі дасканалую інфармацыю”, – расказвае інжынер.

Для зручнасці карыстальнікаў на сайце РУП “Віцебскэнерга” ўжо два гады працуе асабісты кабінет. А хутка, па словах А.Лабаня, ушачан чакаюць і больш сур’ёзныя новаўвядзенні – замест індукцыйных лічыльнікаў будуць усталёўвацца электронныя. Замяняць старыя будуць бясплатна, а новым абанентам іх трэба набываць самастойна. Зараз электронныя прыборы ўліку ўжо працуюць у сямі шматкватэрных дамах па вуліцы Віцебскай. У іх меншая хібнасць і праз іх даступныя новыя тарыфы карыстання электрычнасцю. Адзін з такіх дазваляе эканоміць грошы тым, хто часта знаходзіцца дома, напрыклад, днём. Максімальная нагрузка на сетку прыходзіцца на так званыя “пікавыя гадзіны” з 17.00 да 22.00, калі большасць членаў сям’і збіраюцца ра­зам і карыстаюцца тэхнікай, святлом. Таму тарыф у гэты час – самы дарагі. А вось па нізкай цане ідзе наступны перыяд з 22.00 да 17.00.

Малады інжынер прызнаецца, што падчас працы па збыце электрычнай энергіі аддае шмат уласнай. Аднак у яго хапае імпэту на вольны час, асваенне праграм па рэдагаванні фота, відэа і аўдыё. Артур адносіць сябе да меламанаў, кажа, што любіць самыя розныя накірункі музыкі і пры магчымасці наведвае культурныя імпрэзы па гусце.

Вольга СЕВЕРЫНА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *