Качество школьного обучения в Ушачском районе и выполнение госпрограммы » Образование и молодежная политика”- на высшем уровне

Образование и молодежь

Якасць школьнага навучання і выкананне дзяржаўнай праграмы “Адукацыя і маладзёжная палітыка” знаходзяцца на пастаянным кантролі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Не толькі таму, што гэтая тэма датычыцца кожнага з нас. Усё навокал развіваецца – а да інавацый павінны быць адаптаваны і эканоміка, і людзі. Тым больш тыя, хто рыхтуе будучыя кадры ў навучальных установах. Вось чаму А.Лукашэнка настойліва патрабуе ад профільнага міністэрства пастаяннага ўдасканалення.

Як у швейным атэлье

Заходжу ў кабінет абслугоўваючай працы Ушацкай школы – і на хвіліну слупянею: напэўна, трапіла не па адрасе. Новенькія швейныя машыны, аверлокі, стол для раскройкі, манекен – усё нагадвае атмасферу сапраўднага атэлье. “Уладараць” жа ў ім разам са сваім педагогам А.У.Жарнасек вучаніцы 9 “А” класа (на здымку) – шыюць прыгожыя прыхваткі, сухарніцы, падстаўкі пад гарачае…

“А вось гэта сапраўднае дзіва! – паказваючы адну з машынак, не хавае эмоцый Алена Уладзіміраўна. – Яна для вышывання, з праграмным забеспячэннем. Можна выбраць на экране адзін з прадугледжаных узораў ці загрузіць свой – і толькі кантраляваць працэс. Больш простую, аднак не менш цікавую мадэль дзяўчаты ўжо апрабавалі. На ёй ажно 99 аперацый, 89 знакаў – без праблем можна “напісаць” на тканіне прывітанне ці сваё імя”.

У рамках профільнага навучання на другі разрад швачкі ва Ушацкай СШ сёлета прэтэндуюць 13 адзінаццацікласніц. Адна з іх – Лізавета Пахолак –даволі паспяхова прымала ўдзел у алімпіядзе па працоўным навучанні і хоць марыць пра іншую прафесію, як запасны варыянт разглядае гэтую – надта любіць пасядзець за сучасным, “разумным” абсталяваннем.
Зрэшты, хапае яго і на кухні школьнага кабінета – гэтак жа дзякуючы фінансаванню ад Мінадукацыі, сюды набыты халадзільнік, мікрахвалевая печ, мульціварка…

Ведаючы, што ў кабінеце тэхнічнай працы таксама праведзена мадэрнізацыя, пераходжу сюды. І зноў здзіўляюся! Бліскучыя верстакі, дрылі, фрэйзеры – усё не проста новае, а на парадак больш сучаснае.

Кабінеты абслугоўваючай і тэхнічнай працы Ушацкай СШ папоўніліся 92 адзінкамі тэхнікі.

“Вось гэта станочны электралобзік, які выкарыстоўваем замест ручнога – значна эканоміць сілы пры выпільванні. З электранажніцамі “перакусіць” ліст металу – справа некалькіх секунд. А паслухайце, як ціха працуе наш такарны станок!” – з захапленнем расказвае настаўнік Дзмітрый Пятровіч Дрозд. А ўжо са званком шасцікласнікі паспяшаліся да тэхнічных абновак для выпільвання з дрэва элементаў будучай падстаўкі пад мабільны тэлефон (на здымку ўверсе). Нядаўна рабілі такія для алоўкаў, цяпер практыкуюцца і ў металаапрацоўцы.
Вядома, не ўсе вучні стануць у перспектыве швачкамі, поварамі, токарамі, аднак атрыманыя на ўроках навыкі, безумоўна, спатрэбяцца ім у жыцці.

Штогадовае абнаўленне

У пастаянным полі зроку – адпаведнасць школьнай мэблі вызначаным патрабаванням. З гэтай мэтай кожны год абнаўляюцца рэмкамплекты, набываюцца новыя парты са стуламі (сёлета імі забяспечаны вучні пачатковых класаў). Не застаецца па-за ўвагай і харчаванне. За сродкі раённага бюджэту практычна ва ўсе сталовыя закуплены параканвектаматы, машыны для мыцця посуду, халадзільнае і іншае абсталяванне. Штогод 10 тысяч рублёў выдзяляецца на абнаўленне спартыўнай базы ўстаноў.

За сродкі Міністэрства ва Ушацкую СШ набыты 3D-прынтар, інтэрактыўная панэль і сем набораў робататэхнікі. У Арэхаўскай і Вялікадолецкай школах вучні зараз з цікавасцю адпрацоўваюць рэанімацыйныя дзеянні па аказанні першай меддапамогі на спецыяльных трэнажорах-манекенах “Максім”.

Працягваецца работа па абнаўленні камп’ютарнай тэхнікі ў школах. Так, у Ільюшынскай за сродкі раённага бюджэту абсталяваны новы камп’ютарны клас (на здымку ў цэнтры). Падобныя змены чакаюць сёлета і Вялікадолецкую СШ. Дарэчы, тэхніка, якая састарэла для заняткаў па інфарматыцы, але не выйшла са строю, гэтак жа працягне працаваць – у кабінетах адміністрацыі, настаўніцкай, класных аўдыторыях.

Заедуць за кожным

Яшчэ гадоў 20 таму, каб дабрацца да школы, юныя жыхары аддаленых вёсак карысталіся грамадскім транспартам. Калі расклад спрыяў, бралі праязныя білеты. Тыя ж, каму пашчасціла менш, вымушана пераадольвалі кіламетраж пешшу. Цяпер такой праблемы няма: падвоз навучэнцаў у суправаджэнні педагогаў ажыццяўляюць школьныя аўтобусы, якіх на Ушаччыне 11. Як адзначаюць у цэнтры па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый, гэтага дастаткова, каб даставіць на заняткі абсалютна ўсіх. Напрыклад, у Пуцілкавічы такі транспарт заязджае ўсяго за адным школьнікам, у Казімірова – трыма. Сёлета распрацавана 20 маршрутаў. Самы працяглы збірае па суботах вучняў Арэхаўскай школы ў Глыбачцы, Ціханятах, Сарочыне, Замошшы, Мосары… Калі суміраваць кіламетраж, які праходзяць усе школьныя аўтобусы за дзень (раніцай і пасля заняткаў), атрымаецца ажно 1106,4.

Не месца для чужынцаў!

Каб сістэма развівалася, патрэбна нямала сродкаў. Аднак магчымасці іх выдзялення ва Ушацкім райвыканкаме знаходзяць – да бягучага навучальнага года ўдалося нават павялічыць долю фінансавання. Гэта дазволіла ў тым ліку прадугледзець дадатковыя меры бяспекі.

Ва ўстановах адукацыі ўжо даўно ўстаноўлены трывожныя кнопкі, сістэмы аўтаматычнай пажарнай сігналізацыі і відэаназірання. Ва Ушацкай школе, напрыклад, за парадкам зараз “сочаць” 16 унутраных камер і 7 вонкавых. Доступ да апошніх, дарэчы, маюць супрацоўнікі райаддзела міліцыі. У ліку ж нядаўніх новаўвядзенняў – устаноўка ў дзіцячых садах электрамагнітных замкоў. Яны не толькі чужынцаў у будынак не прапусцяць (для праходжання патрэбна спецыяльная картка, якая выдаецца бацькам выхаванцаў), але і ў выпадку надзвычайнай сітуацыі самі адкрыюцца.

Не атрымаецца непрыкметна “праскочыць” міма вахты ва Ушацкай СШ – у бліжэйшы час тут будзе ўстаноўлена сістэма кантролю і кіравання доступам. Каб прайсці праз турнікет, і вучням, і педагогам гэтак жа спатрэбіцца картка з чыпам. Па ёй, дарэчы, можна праверыць прысутнасць вучня ў школе.
Асаблівым дзецям – асаблівыя ўмовы

Мы ўжо расказвалі на старонках газеты пра стварэнне на базе Ушацкай школы рэсурснага цэнтра “Астравок спакою” для дзяцей з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця. Дзякуючы раённаму фінансаванню, значна папоўнілася прадметна-прасторавае асяроддзе ў спецыяльнай групе дзіцячага сада №4 гарпасёлка (на здымку ўнізе). Для камфортнага і карыснага баўлення часу выхаванцаў на суму 15 тысяч рублёў сюды набыты мэбля, маты, інтэрактыўная дошка, спецыяльныя сродкі навучання. Грошы на развіццё спецадукацыі выдзелены і на бягучы год.

Заслужылі ведамі

На працягу апошніх гадоў навучальным установам, якія падрыхтавалі пераможцаў рэспубліканскіх прадметных алімпіяд, з абласнога бюджэту выдзяляюцца сродкі на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы. Пры гэтым сумы залежаць ад колькасці заваяваных дыпломаў. Так, у 2022-м і 2023-м Ушацкая СШ атрымала 8 і 15 тысяч рублёў адпаведна, Глыбачанская – 7 і 8 тысяч. Другая папоўнілася сучасным 3D-прынтарам, вялікім стэндам, камп’ютарам і ноўтбукам, швейнымі машынкамі. У першую набыты фліпчарт, фотаапарат, некалькі прынтараў, планшэты для кабінета біялогіі (менавіта па гэтым прадмеце выступалі пераможцы алімпіяд), мульціборд, два тэлевізары, ноўтбук, рэмкамплекты, ну і, канечне, шэраг энцыклапедый, сучасных профільных дапаможнікаў. Як адзначыла метадыст раённага метадычнага кабінета А.М.Жук, апошнія змяшчаюць патрэбную для алімпіяднікаў інфармацыю, якую знайсці ў іншых крыніцах немагчыма, паколькі яна заснавана на самых апошніх навуковых даследаваннях.

Дбаюць ва ўстановах і пра годны рамонт. Пры падрыхтоўцы да бягучага навучальнага года пры садзейнічанні нашага дэпутата, старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь У.П.Андрэйчанкі з бюджэту выдзелена 350 тысяч рублёў, якім знайшлі прымяненне ва Ушацкай і Арэхаўскай школах, дзіцячым садзе №2 г.п.Ушачы.

* * *

Такая ўвага да сістэмы адукацыі, удасканаленне форм работы, безумоўна, прыносяць плён. Пры адсутнасці гімназій, ліцэяў наш невялічкі раён штогод гучыць на самым высокім узроўні. А значыць, на Ушаччыне ўсё робіцца правільна – з разлікам на цвёрдую “дзясятку”.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *