Вести с сельсоветов Ушачского района

Общество

І пасвятлела на душы

Калі гараць усе ліхтары, то інакш успрымаецца жыццё, тым больш у вёсках. Адчулі гэта на днях у Жарах, Дворыцы, Гарадцы, Старым Сяле, дзе па заяўцы старшыні сельвыканкама С.Ц.Міхейка спецыялістамі раёна электрычных сетак быў выкананы рамонт няспраўных лямп.

Увага – каштоўны падарунак

Ветэран Вялікай Айчыннай вайны Сямён Сцяпанавіч Кляпец не застаўся адзінокім у свой 91-ы год нараджэння. Да яго ў маленькую вёску Пруды Кубліцкага сельсавета з віншаваннямі завіталі вучні мясцовай школы на чале з дырэктарам М.В.Ярмош. “Ішлі віншаваць, падбадзёрыць гэтага му­драга, надзвычай светлага чалавека, а са­мі такі зарад аптымізму атрымалі, не маглі нагаварыцца,” – прыгадвала Марыя Васільеўна.

Вытрымае і адлігі

У вёсцы Астраўляны Глыбачанскага сельсавета зімой пражывае толькі адзін чалавек, аднак і да яго два разы на тыдні даязджае аўтамагазін. А паколькі зрабіць гэта ў апошні час станавілася ўсё складаней з-за дрэннага стану дарогі, старшыня сельвыканкама Л.В.Вялюга звярнулася да адміністрацыі ДРБУ-105. Палатно пасля падсыпкі, прычым не толькі гравіем, а і цагляна-бетоннымі рэшткамі, будзе трывалым нават у час адліг.

Білборд ад дэпутата

Праязджаючы скрыжаванне мінскай і віцебскай трас, міжволі спыняеш погляд на вялізным білбордзе, які заклікае набыць зямельны ўчастак на тэрыторыі Сарочынскага сельсавета. Як паведаміла старшыня сельвыканкама Л.Я.Птушка, сродкі на рэкламу – спонсарская дапамога Сяргея Аляксандравіча Даніловіча – нашага дэпутата ў Віцебскім абласным Савеце дэпутатаў. Падобны шчыт з’явіцца на трасе ў раёне Вацлавова, каб кідаўся ў вочы тым, хто едзе на Полацк. Сродкі, якія сельвыканкамы атрымліваюць з продажу ўчасткаў – асноўная крыніца паступленняў, што ідуць на добраўпарадкаванне вёсак.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *