Людмила Тетерка — человек богатый разными талантами

Мир увлечений

Штораніцы ў рабочым кабінеце мяне сустракае блакітнавокая дзяўчына ў сукенцы з арнаментам. І працягвае букет кветак. І хоць яны несапраўдныя, як і сама прыгажуня, але настрой міжволі ўзнімаюць. Сувенірная лялька-беларусачка – падарунак Людмілы Мікалаеўны Цяцеркі, чалавека, багатага на самыя розныя таленты: яна і краязнаўца, і паэтэса, і мастак, і адметная рукадзельніца.

Я ж добра памятаю і яе ўрокі ва Ушацкай школе – сваю любімую геаграфію настаўніца выкладала натхнёна і творча – як, зрэшты, робіць і ўсе справы, за якія бярэцца. Калі педагагічная кар’ера завяршылася, Людміла Мікалаеўна пачала запаўняць свой вольны час самымі рознымі цікавымі заняткамі, спасцігаючы новыя веды і навыкі.

Лялькі ў яе жыцці з’явіліся нядаўна. “З дзяцінства мела няўрымслівы баявы характар, больш сябравала з хлопчыкамі, на сваёй Савецкай вуліцы была атаманам, таму дзявочыя забавы прайшлі міма мяне. Вось зараз і навёрстваю!”, – жартуе жанчына. Ну а калі сур’ёзна, то заняцца вырабам сувенірных лялек яна вырашыла, убачыўшы работы майстра Алены Станіславаўны Бутоўскай. Года паўтара таму сяброўка Ніна Фёдараўна Цімафеева прывяла Людмілу Мікалаеўну ў аддзяленне дзённага знаходжання для пажылых грамадзян у Градзянцы. “Калі зайшла ў кабінет, дзе працуюць гурткі, і ўбачыла на палічках домікі з лялькамі-абярэгамі – літаральна застыла ад захаплення! Напрасілася на майстар-клас да спецыяліста, і Алена Станіславаўна з гатоўнасцю пачала адкрываць перада мной чароўны свет гэтага старажытнага віду народнай творчасці”, – расказвае Л.Цяцерка.

Сваёй “спецыялізацыяй” Людміла Мікалаеўна выбрала сувенірныя лялькі: у адрозненне ад абярэгавых, якія не маюць твараў, такія вырабы даюць вялікую прастору для фантазіі. Кожная яе “дзяўчына” – са сваім характарам, асаблівасці якога падкрэсліваюць шматлікія дэталі. “Гаспадынька”, “нянька”, “вербніца”, “зернявушка” ўвасабляюць уласцівую беларускім жанчынам працавітасць, натуральнасць. Думаецца, што любы госць нашага краю з задавальненнем павёз бы з сабой на памяць сувенірную “ўшачаначку”, апранутую ў бела-блакітны касцюм тутэйшага старажытнага строю. Зусім іншы характар – у яркай Цыганкі, а сапраўдная жамчужына калекцыі – цемнаскурая Мамба. “Над гэтай лялькай працавала некалькі дзён, – расказвае майстрыха. – Падбірала належны выраз твару, колеры касцюма, аксесуары, якія б пасавалі да вобразу. Але ж гэта было таго варта: у любога, хто бачыць грацыёзную прыгажуню, узнікае ўсмешка!”

Па словах Людмілы Мікалаеўны, зрабіць сувенірную ляльку зможа кожны, хто мае здольнасці да рукадзелля і творчы густ. Ды і матэрыялы для гэтага патрэбны самыя простыя. Аснова для вырабу – абшыты тканінай кардонны конус ці бутэлечка, напоўненая зернем, зверху да якіх з дапамогай шпажкі мацуюцца тулава і рукі з сінтэпону, а таксама галава. Калі ёсць магчымасць, гэту важную дэталь лепш выпіліць з дрэва, у якасці альтэрнатыўнага варыянту Л.Цяцерка прыдумала выкарыстоўваць тэнісны шарык. Рысы твару малююцца акрылавымі фарбамі, касцюм шыецца з абрэзкаў тканіны. Важная дэталь лялькі – прычоска, якая робіцца з нітак або распушчанай атласнай стужкі. “У большасці маіх “дзяўчат” – дзве доўгія касы, як сімвал таго, што па жыцці варта ісці ў пары з каханым”, – тлумачыць рукадзельніца. А яшчэ ляльцы трэба нешта даць у рукі: гэта могуць быць кветкі, каласкі, сцяжкі, пацеркі. Вось і ўсе прамудрасці, якія, канечне, варта падмацаваць цярплівасцю.

Лялькі, што мы бачым на здымку – толькі невялікая частка зробленага за гэты час: большасць сваіх вырабаў Л.Цяцерка падарыла сябрам і знаёмым, якіх у гэтай цудоўнай пазітыўнай жанчыны вельмі шмат. Калі ж яна даведалася, што мы хочам напісаць пра яе творчасць, адзначыла, што таго ж заслугоўваюць і літаральна ўсе наведвальніцы гурткоў аддзялення ў Градзянцы: “Вы толькі паглядзіце, якія чароўныя кампазіцыі з бісеру вырабляе Ніна Маркаўна Бондал, палюбуйцеся звязанымі кручком анёламі Таісы Гур’янаўны Вайтулевіч, арыгамі Вольгі Уладзіміраўны Сырэль, ацаніце кветкі з тканіны Ніны Іосіфаўны Есіпавай, вырабы з папяровых трубачак Наталлі Адамаўны Рачкоўскай, букеты з цукерак Людмілы Іванаўны Лосевай! Увогуле ж “творчая лабараторыя”, якой загадвае А.Бутоўская, напаўняе нашы будні прыемнымі зносінамі і дзейнасцю. А праз свае работы мы перадаём людзям любоў і цеплыню нашых сэрцаў!”

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *