Подарок за хорошую работу. Владимир Лёля в составе делегации Витебщины принял участие в чествовании передовиков АПК страны в Минске

Сельское хозяйство Экономика и малый бизнес

Вясной за яго трактарам кладуцца ў глебу зярняткі, у пачатку лета ён нарыхтоўвае кармы, потым змяняе камбайны на жніве і кукурузных палетках, сее азімыя… Ужо і не злічыць, колькі разоў У.У.Лёля з ААТ “Ільюшынскі” трапляў у аб’ектывы фотакамер і станавіўся героем аповедаў на нашых старонках. І вось чарговая нагода: нядаўна Уладзімір Уладзіміравіч у складзе дэлегацыі Віцебшчыны прыняў удзел ва ўрачыстым ушанаванні перадавікоў аграпрамысловага комплексу краіны.

Зараз ён дае адпачынак свайму калегу С.У.Клопаву і на жывёлагадоўчых аб’ектах на невялікім трактары падвозіць кармы.

– Такое вось цікавае сельскагаспадарчае кола! Улетку вось гэтыя кармы нарыхтоўваў, а зараз падвожу, – зазначае механізатар, робячы для размовы невялікі перапынак. – Зімой рабочы дзень не такі напружаны, аднак таксама без выхадных – жывёлу ж трэба карміць пастаянна.

Уладзімір Уладзіміравіч заўсёды з разуменнем адносіцца да слова “трэба” і графіку “сем дзён у тыдзень”. Але ў лютым выхадны ў механізатара ўсё ж выдаўся. І стаў адным з самых запамінальных – на ўрачыстую цырымонію ўшанавання лепшых працаўнікоў АПК у Мінск былі запрошаны больш за 400 чалавек з усёй краіны – работнікі і кіраўнікі гаспадарак, фермеры.

– Вестка аб тым, што стану ўдзельнікам такога мерапрыемства, тым больш адзіным ад Ушаччыны, мяне, канечне, усхвалявала. Шчыра кажучы, на рознага кшталту ўрачыстасцях адчуваю сябе няёмка, куды камфортней – у кабіне трактара ці камбайна. Прыемна ўсведамляць, што тваю працу цэняць, але падобнай пашаны заслугоўваюць многія іншыя мае калегі па гаспадарцы. У тым, што атрымаў запрашэнне ў сталіцу, не столькі мая ўласная заслуга, колькі плён зладжанай дзейнасці ўсяго калектыву – адміністрацыі, спецыялістаў, механізатараў. Ці мог бы я пры ўсім старанні дасягнуць высокіх вынікаў у рабоце, калі б не было паліва і гаруча-змазачных матэрыялаў, запчастак, не былі б як след арганізаваны працэсы і кантроль, калі б перад кормаўборачным камбайнам своечасова не ішлі касілкі, а збожжавыя не былі як след пасеяны і апрацаваны? Упэўнены, што не.

На злёце перадавікоў У.У.Лёля з вялікай увагай слухаў выступленне А.Лукашэнкі. Механізатара асабліва закранулі словы Прэзідэнта краіны аб тым, што вёску трэба берагчы, як зрэнку вока, бо яна – аснова жыцця. З гонарам за сваю справу назіраў Уладзімір Уладзіміравіч за ўзнагароджаннем лепшых працаўнікоў аграрнай галіны, незабыўнае ўражанне пакінула атмасфера свята, прыём перадавікоў, а таксама канцэрт майстроў мастацтваў.

Прэзідэнт уручыў дзяржаўныя ўзнагароды, Падзякі, ключы ад новых аўтамабіляў “Джылі” і падарункавыя сертыфікаты – ніводны ўдзе­льнік мерапрыемства не застаўся без увагі: У.Лёлю, прынамсі, аб тым будзе нагадваць новенькі тэлевізар.

За ўрачыстасцю па тэлебачанні сачылі многія калегі Уладзіміра Уладзіміравіча, радавалася за галаву ўсё яго сямейства – жонка, родныя і прыёмныя дзеці. Ім ён падае выдатны прыклад сумленнай і шчырай працы, на яго раўняюцца. Узнагарод назбіралася нямала, усе Ганаровыя граматы і падзякі беражліва захоўваюцца ў сямейным альбоме, а адна з самых значных – Дыплом лаўрэата звання “Чалавек года Віцебшчыны-2011” – займае пачэснае месца ў адным з пакояў дома. Ну а падарунак ад Прэзідэнта стане яшчэ адным стымулам для новых дасягненняў.

“Працаваць – значыць жыць”, – сцвярджае Уладзімір Уладзіміравіч. І гледзячы на гэтага вясковага мужчыну, упэўніваешся ў тым, што для таго, каб цябе паважалі, неабавязкова займаць высокую пасаду, быць вучоным або здзейсніць подзвіг – дастаткова як след выконваць сваю работу на любым працоўным месцы.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *