Хлеборобы Ушаччины закладывают основу будущего урожая

Сельское хозяйство

Хлебаробы ААТ “Ільюшынскі” сёлета вырасцілі добры ўраджай і атрымалі самы вялікі вал зерня сярод гаспадарак раёна – 5590 тон. Дасягнулі тутэйшыя працаўнікі такіх вынікаў дзякуючы захаванню ўсіх патрабаванняў тэхналогіі вырошчвання культур, правільнаму размеркаванню іх па палях севазвароту і старанным адносінам да сваіх абавязкаў механізатараў гаспадаркі, на плечы якіх былі ўскладзены ўсе работы ў полі. Таму ўжо сёння перад імі стаіць задача, каб ураджай будучага года быў не горшым, а нават лепшым. Каб справіцца з гэтым, трэба прыкладаць усе намаганні цяпер, у прыватнасці, якасна і ў тэрмін пасеяць азімыя, што зараз актыўна і робіцца. 

Аб’ёмы работы, як заўсёды, немалыя. План сяўбы азімых у параўнанні з мінулым годам павялічыўся больш чым на 100 гектараў і складае 1320. Нягледзячы на тое, што гэта самы вялікі план у раёне, спраўляюцца лепш за тых, у каго ён у два разы меншы. Пасеяна 300 гектараў рапсу – вельмі прыбытковай у апошні час культуры, будзе расці на ільюшынскіх землях і свірэпіца. У цяперашні час поўным ходам палі засяваюцца азімай пшаніцай, жытам.
– Штодня на палях працуе два пасяўныя агрэгаты, якія засяваюць 40-50 гектараў. Без выканання тэхналагічных патрабаванняў – а гэта абавязковая пярвічная апрацоўка, сяўба з маркёрамі, захаванне тэхналагічнай каляіны, унясенне комплексу мінеральных угнаенняў – не вырасціць добрага ўраджаю, робім стаўку на якасць, а не на хуткасць, хоць і гэта таксама важна, поўнасцю забяспечаны сваім насеннем. Ужо з’явіліся першыя ўсходы і можна меркаваць аб бачнай якасці сяўбы, – расказвае галоўны аграном гаспадаркі А.С. Селівёнак.  
Палеткі шасціметровым пасяўным агрэгатам засявае малады і адказны працаўнік, неаднаразовы пераможца спаборніцтваў сярод маладых механізатараў раёна – Аляксандр Селезень, а таксама Дзмітрый Міцкевіч на трохметровым пасяўным агрэгаце.
Немалаважная задача – падрыхтоўка глебы пад сяўбу. І тут знаёмыя імёны як вопытных, так і маладых механізатараў – Анатоля Усовіка, Дзмітрыя Бурака, Юрыя Букі.
– Усе стараюцца, адказна выконваюць сваю работу. Нам бы яшчэ некалькі такіх спецыялістаў — і ніякай праблемы з кадрамі не існавала б. Як заўсёды пасля заканчэння ўсіх восеньскіх работ падвядзём вынікі, адзначым і заахвоцім лепшых, – характарызуе абстаноўку старшыня ААТ “Ільюшынскі” С.А.Халімоненка.
Аграрыі спадзяюцца, што надвор’е дазволіць ім хутка завяршыць сяўбу азімых. Ну, а якая будзе закладзена аснова, такі трэба чакаць і ўраджай культур.
В.ПОЛАЗАВА.  



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *