Погодные условия не дают аграриям Ушачского района развернуть посевную в полную мощь

Сельское хозяйство

У фае адміністрацыйнага будынка КУСГП “Вялікадолецкае” разам з пасведчаннем аб занясенні на раённую Дошку гонару вывешаны шматлікія граматы і дыпломы, атрыманыя гаспадаркай толькі за апошнія некалькі гадоў: за лепшыя надоі, высокія паказчыкі на нарыхтоўцы кармоў, за пастаўку зерня ў залік дзяржзаказа, добраўпарадкаванне мехдвара і шмат чаго іншага. А калі б выдаваўся дыплом за стабільнасць, цярпенне і ўменне пераадольваць цяжкасці і неспрыяльныя абставіны, то і ён, безумоўна, заняў бы сваё пачэснае месца побач з іншымі ўзнагародамі.

“Не трэба сёння да нас ехаць, – адгаворваў мяне ў чацвер дырэктар гаспадаркі Іван Піліпавіч Дарошчанка. – Бачыш, якая непагадзь, ніхто не працуе!” Як аказалася, гэта адносілася толькі да тэхнікі, якая ў дождж не магла выехаць у поле. Практычна ж усе механізатары, занятыя на веснавых работах, працавалі, ды яшчэ як!

– Вымушаны прастой выкарыстоўваем для наладкі тэхнікі, бягучага рамонту, – ні на хвіліну не адрываючыся ад справы, расказваў Аляксандр Александроў (на здымку). – Учора вось новую гуму на колы прывезлі, “пераабуваемся”.

У множным ліку гаварыў Аляксандр Пятровіч за сябе і сваіх таварышаў, бо замяніць пакрышку з камерай на коле шматтоннага МТЗ­3022 аднаму не пад сілу ніводнаму механізатару, якім бы вопытным ён не быў. Таму над гэтай справай, як і ў цэлым на сёлетняй складанай пасяўной, вялікадолецкія механізатары шчыруюць талакой, дапамагаючы адзін аднаму. Узброіўшыся манціроўкай, кувалдай ці ломам, ля дыска таксама завіхаліся яшчэ адзін з перадавікоў сяўбы Сяргей Філімонаў і раённы лідар на падрыхтоўцы глебы Мікалай Хамёнак – гума на яго трактары таксама чакала замены. Ды і іншыя механізатары гаспадаркі пры неабходнасці прыходзілі ім на дапамогу або займаліся сваёй тэхнікай.

Колы на ўсіх вялікіх трактарах спараныя, без гэтага працаваць на сяўбе было б зусім немагчыма – у чацвер на палеткі не маглі заехаць не тое што МТЗ­-3022, а нават МТЗ-­1221 з дыскамі, на якім працуе Андрэй Паршонак. Акрамя яго і М.Хамёнка падрыхтоўкай глебы ў гаспадарцы займаюцца Сяргей Падворны і Валерый Бука на трактарах з чызелямі, а на ўзворванні былі задзейнічаны МТЗ-­1221 і МТЗ­-82 Сяргея Алексяёнка і Аляксандра Гомана.

На чацвер у “Вялікадолецкім” было пасеяна 539 гектараў зерневых і зернебабовых яравых – 32,7 працэнта да плана і лепшы паказчык сярод усіх гаспадарак раёна па плошчы. У працэнтных адносінах лідзіравала ААТ “Агра­Селішча” – больш 40 працэнтаў ад задання, але гэта толькі 195 гектараў, бо памеры яравога кліну тут намнога меншыя, чым у вялікіх сельгаспрадпрыемствах. З розным поспехам ідзе сяўба ў іншых гаспадарках раёна. Па стане на 16 красавіка 28 працэнтаў зерневых і зернебабовых было пасеяна ў ААТ “Дземенец”, 24,6 – у “Ільюшынскім”, пераадолелі 10­працэнтны рубеж ААТ “Ушацкі райаграсэрвіс”, КУСГП “Арэхаўна” і “Глыбачаны”, у КУСГП “Кублічы” гэты паказчык склаў 8,9 працэнта.

Хапае справы ў “Вялікадолецкім” і іншым механізатарам, якія не задзейнічаны на сяўбе. Гаспадарка вядзе вываз арганікі, на сто працэнтаў справілася з падкормкай азімых зерневых і рапсу на агульнай плошчы 1065 гектараў, а зараз уносіць мінеральныя ўгнаенні на сенажацях і пашах, на чарзе – шматгадовыя травы. Улічваючы гэта, не дзіўна, што і на названых відах работ мясцовыя механізатары Аляксандр Хамічонак і Рыгор Філімонаў у ліку раённых лідараў, але ў асноўных прыярытэтах галоўнага агранома гаспадаркі Аляксандра Віктаравіча Зенюка ўсё ж такі сяўба:

– Не можам пакуль задзейнічаць магутнасці па­ максімуму, – кажа спецыяліст. – Але ўсё роўна акрамя шасціметровых пасяўных агрэгатаў рыхтуем яшчэ і сеялку СЗ­3,6, праца якой будзе больш эфектыўнай і эканамічнай на дробнаконтурных участках ды і час зэканоміць, калі нарэшце стане суха. Выходзіць, што чакаем літасці ад прыроды, а ў сваіх людзях у нас сумненняў няма.

Пакуль жа вопытныя вялікадолецкія механізатары нягледзячы на капрызы надвор’я пры першай магчымасці выязджаюць у поле, апрацоўваюць глебу і сеюць, выбіраючы сушэйшыя ўчасткі і своечасова ліквідуючы паломкі тэхнікі. І калі ў параўнанні з калегамі з іншых сельгаспрадпрыемстваў на полі яны ў роўных умовах, то пытанні рамонту для мясцовых аграрыяў – адны з самых балючых, бо складана рамантаваць вялікую новую тэхніку ў памяшканнях, якія дасталіся гаспадарцы ледзьве не з даваенных гадоў. Будаўніцтва ж новай майстэрні з­за гіганцкага кошту ў сённяшніх фінансавых умовах, калі лішняй капейкі няма на запчасткі, паліва і зарплату, не ўяўляецца рэальным, ды і на заканчэнне работ па абсталяванні арачніка іх знайсці праблематычна. Вось і працуюць яны не “дзякуючы”, а хутчэй “насуперак” абставінам, але з года ў год якасна, адказна і паспяхова.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *