Магазин виртуальный, претензии — реальные. День потребителя в 2018 году проходит под девизом «Сделаем цифровые рынки справедливыми и честными»

Калейдоскоп Правовая консультация

Усё больш актыўна ў наша жыццё ўваходзяць лічбавыя тэхналогіі і інтэрнэт-гандаль. Менавіта таму Дзень спажыўца ў гэтым годзе ў Рэспубліцы Беларусь пройдзе пад дэвізам “Зробім лічбавыя рынкі справядлівымі і сумленнымі”. Што трэба ведаць пакупнікам інтэрнэт-магазінаў, якія правы яны маюць? На асноўных момантах засяроджвае ўвагу нашых чытачоў галоўны спецыяліст аддзела эканомікі райвыканкама Святлана Васільеўна БЕХАВА.

Правы захоўваюцца

Пры набыцці тавараў у інтэрнэт-магазіне за пакупніком захоў­ваюцца ўсе правы, гарантаваныя Законам Рэспублікі Беларусь “Аб абароне правоў спажыўцоў”. Калі, напрыклад, заказаны ў  інтэрнэце і дастаўлены тавар не мае відавочных дэфектаў, аднак не задавальняе – аказаўся не такім, як на малюнку, не падыходзіць атрымальніку падарунка, вы маеце права здаць якасную пакупку, набытую дыстанцыйным спосабам. Гэта правіла прадугледжана арт.28 Закона “Аб абароне правоў спажыўцоў”: пакупнік мае права адмовіцца ад тавару без тлумачэння прычын на працягу 14  дзён пасля яго атрымання, а прадавец на працягу агаворанага тэрміну павінен вярнуць заплачаныя грошы.

Што нельга вярнуць

Аднак, Міністэрствам гандлю ўстаноўлены пералік тавараў належнай якасці, якія нельга вярнуць. Сюды ўваходзяць тэхніка і электроніка з гарантыяй, мэблевыя гарнітуры, касметыка, нацельная бялізна, тавары садовых і заамагазінаў, тыя, што прадаюцца метражом, сродкі гігіены, цацкі і некаторыя іншыя. Таксама не падлягаюць вяртанню і харчовыя тавары.

Калі выйшаў са строю…

Пры набыцці тавар працуе, а праз некаторы час пасля дастаўкі, напрыклад, чайнік выходзіць са строю, і вы ўпэўнены, што гэта – вытворчы брак. У такім выпадку вы маеце тыя ж правы, што і пры куплі тавару ў звычайным магазіне. Гэта значыць, можна патрабаваць замены дэфектнага тавару на новы (вываз-дастаўка за кошт інтэрнэт-магазіна), бясплатнага рамонту або поўнага вяртання грошай. У выпадку ўзнікнення спрэчкі наконт наяўнасці браку прадавец абавязаны за свой кошт правесці экспертызу тавару.

На што звярнуць увагу

Пошук тавару лепш ажыццяўляць у інтэрнэт-магазінах, размешчаных на беларускіх парталах, гэта значыць у зоне BY. Пры гэтым прадавец на сайце інтэрнэт-магазіна павінен давесці да ведама спажыўца на беларускай або рускай мове інфармацыю пра сябе (назва арганізацыі, юрыдычны адрас, УНП, звесткі аб спецыяльным дазволе (ліцэнзіі) на ажыццяўленне рознічнага гандлю) і аб тавары (найменне, вытворца, імпарцёр і г.д). Калі набываеце рэч, абавязкова захавайце даныя аб інтэрнэт-старонцы, на якой размешчана інфармацыя аб прадаўцы і абраным тавары.

Правярайце тавар

Куды ж звяртацца з прэтэнзіямі, калі гандлёвая кропка віртуальная? Запомніце: па законе пры дастаўцы тавару вам абавязаны перадаць дакумент (таварны чэк і інш.), дзе ўказаны канкрэтны “жывы” адрас, па якім можна звяртацца. Дарэчы, гэтая інфармацыя таксама павінна быць на сайце магазіна. Падчас атрымання ўважліва агледзьце тавар, пераканайцеся ў яго цэласнасці і ў тым, што ён адпавядае апісанню на сайце. Згодна пункта 1 арт.16 Закона “Аб правах спажыўцоў”, калі пры рэалізацыі тавару ў спажыўца няма магчымасці атрымаць неабходную інфармацыю аб ім у момант дастаўкі, ён мае права адмовіцца ад набыцця без пакрыцця расходаў, звязаных з дастаўкай такога тавару. Абавязкова праверце дакументы! Калі вы набываеце бытавую тэхніку, то спачатку ўпэўніцеся, ці ўсё працуе, а толькі потым расплачвайцеся.

Удалых вам пакупак!

Падрыхтавала Вольга КАМАРКОВА.

Па даных Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, за апошнія 4 гады колькасць інтэрнэт-магазінаў у Беларусі ўзрасла ў 3,5 раза. А за 2017 год беларусы купілі тавараў у інтэрнэт-магазінах у 1,8 раза больш, чым у ­2016-м. Найбольш актыўна праз інтэрнэт набываюць бытавую тэхніку, адзенне, сувеніры, тавары для хобі, дома і дачы, касметыку, дзіцячыя тавары. Прыкметна вырас попыт менавіта на апошнюю катэгорыю – амаль у 8 раз у параўнанні з мінулымі гадамі. Сярэдні чэк за год вырас амаль на трэць – да 31,1 рубля. У мінулым годзе адзін карыстальнік выдаткаваў на інтэрнэт-пакупкі ў сярэднім 167,4 рубля.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *