І праз гады гучаць званы Хатыні…

Общество

Назва гэтага населенага пункта стала сімвалам трагедыі ўсяго беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. 628 нашых вёсачак падзялілі лёс Хатыні, 186 з іх не адроджаны дагэтуль.

22 сакавіка 1943 года на шашы Мінск-Віцебск у 6 кіламетрах ад Хатыні партызаны абстралялі аўтакалону фашыстаў. У выніку нападу быў забіты нямецкі афіцэр. У адказ на гэта, выклікаўшы падмацаванне з Лагойска, дзе дыслацыраваўся батальён СС, карнікі акружылі вёску, сагналі яе жыхароў у адрыну і падпалілі. Тых, хто спрабаваў уцячы, расстрэльвалі з аўтаматаў і кулямётаў. У той дзень загінула 149 чалавек, у тым ліку 75 дзяцей. Вёскі не стала…

Сведка хатынскай трагедыі, 56-гадовы каваль Іосіф Камінскі, абгарэлы і паранены, прыйшоў у свядомасць позна ноччу, калі фашыстаў побач не было. Сярод трупаў аднавяскоўцаў ён знайшоў свайго сына. Хлопчык быў цяжка паранены, атрымаў моцныя апёкі – і памёр на руках у бацькі. Гэты трагічны момант з жыцця І.Камінскага пакладзены ў аснову цэнтральнага элемента комплексу – 6-метровай бронзавай скульптуры “Непакораны чалавек”, урачыстае адкрыццё якой адбылося 5 ліпеня 1969 года.

Мемарыял паўтарае планіроўку спаленай вёскі. Чорная пліта-дах вызначае месца, дзе знаходзілася адрына, у якой спалілі жыхароў Хатыні. Побач – іх брацкая магіла з сімвалічным вянком памяці са словамі наказу мёртвых жывым. На месцы кожнай з 26 спаленых хат – помнік-зруб, усярэдзіне якога знаходзіцца абеліск у выглядзе коміну са званом. А за імі – могілкі. Сюды са 185 спаленых вёсак, якія не адрадзіліся, прывезены урны з зямлёй. Ёсць тут і чатыры ўшацкія – Тухаціна, Ралля, Асавіна, Мурагі. Непадалёк размясцілася Сцяна Смутку – жалезабетонны блок з нішамі, у якіх знаходзяцца мемарыяльныя пліты з назвамі 66 буйнейшых лагераў смерці, месцаў масавай гібелі людзей. Завяршае мемарыял плошча Памяці, у цэнтры якой растуць 3 бярозы, што сімвалізуюць жыццё, а на месцы чацвёртай – Вечны агонь, знак загінуўшых у гады вайны жыхароў Беларусі. А побач – Дрэва жыцця са спісам 433 вёсак, спаленых акупантамі і адроджаных пасля вайны.

Сёння “Хатынь” – архітэктурна-мастацкае збудаванне з сусветным імем. За гады існавання яго наведалі каля 50 мільёнаў чалавек, прадстаўнікоў больш 100 краін свету з усіх кантынентаў. Для ўшачан мемарыял адметны яшчэ і тым, што адным з яго архітэктараў стаў Юрый Міхайлавіч Градаў, аўтар нашага “Прарыву”. Штогод дзясяткі і нават сотні жыхароў нашага раёна накіроўваюцца ў экскурсійныя паездкі з абавязковым наведаннем “Хатыні”. І кожны раз вяртаюцца адтуль узрушаныя.

Па даручэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 2004 годзе праведзена рэканструкцыя мемарыяла з элементамі рэстаўрацыі, створана і адкрыта для наведвальнікаў фотадакументальная экспазіцыя. “Хатынь” заўсёды будзе нагадваць пра ахвяры фашызму на беларускай зямлі, пра тыя вёскі, якія спалілі гітлераўцы разам з жыхарамі, пра кожнага героя, які загінуў за незалежнасць нашай Радзімы…

Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *