Новый голос ушачского радио

Наш современник Общество

У снежні 2010-га пасля перапынку ў некалькі месяцаў зноў стала выходзіць у эфір радыёпраграма “Інфармацыйны веснік”. Як і раней, ушацкае радыё загучала раніцай па серадах і суботах, але расказваць навіны, віншаваць з днямі нараджэння і іншымі святамі жыхароў раёна стаў малады дзявочы голас. У радыёпраграмы з’явіўся новы рэдактар – Кацярына Генадзьеўна Суравец.

Кім мараць стаць дзяўчынкі ў дзіцячым узросце? Звычайна ўрачамі, прадаўцамі, сцюардэсамі, але часцей за ўсё – настаўнікамі. Кацярына Суравец да восьмага класа якраз і марыла стаць педагогам, вучыць дзяцей новаму і яшчэ нязведанаму, цвёрда была ўпэўнена, што не зменіць свой выбар. Але ўжо ў старэйшых класах больш зацікавілася журналістыкай, стала супрацоўнічаць са сваёй раённай газетай “Міёрскія навіны” і пісаць розныя матэрыялы. А да заканчэння школы жаданне стаць настаўнікам аслабела, затое ўсё больш прыцягвала журналістыка. Таму пасля школы, якую Кацярына скончыла са срэбраным медалём, вырашыла звязаць свой лёс з гэтай прафесіяй. Паспяхова здала экзамены і паступіла ў Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава на факультэт беларускай філалогіі і культуры, дзе ёсць спецыялізацыя “Літаратурная работа ў газетах і часопісах”. Выпускнікі з такой адукацыяй маюць магчымасць працаваць як у школе, так і ў журналістыцы. Аднак аб працы ў школе Кацярына нават і не думала, усё больш расло жаданне працаваць у газеце. Падчас вучобы пастаянна супрацоўнічала з універсітэцкай газетай “Мы і час”, дзе друкаваліся матэрыялы, звязаныя са студэнцкім жыццём. Праходзіла практыку ў газетах “Віцьбічы” і “Народнае слова”.
Імгненна праляцелі пяць студэнцкіх гадоў, надышло хвалюючае размеркаванне. У той час, як большасць аднагрупніц, хацела абавязкова застацца ў Віцебску або ў крайнім выпадку паехаць у горад тыпу Оршы ці Полацка, К.Суравец усёй душой імкнулася на сваю радзіму – на Міёршчыну, хацела працаваць менавіта ў сваёй “раёнцы”. Але перад самым размеркаваннем высветлілася, што месца для маладога спецыяліста там няма, і Кацярына паехала працаваць у свой раён, толькі ў якасці настаўніка беларускай мовы і літаратуры. Два гады адпрацавала ў вясковай школе.
– З дзецьмі цікава, хоць і складана. За час работы зразумела, што гэта ўсё ж такі не маё, але не шкадую, што так склалася, паспрабаваць у жыцці трэба многае, – гаворыць К.Суравец.
Маладая дзяўчына вырашыла знайсці новую работу, тую, якая будзе па душы. Паколькі месца ў “Міёрскіх навінах” так і не з’явілася, стала шукаць яго за межамі раёна. Родныя з Оршы параілі ўладкавацца ў гэтым горадзе. Там Кацярыну прынялі пазаштатным карэспандэнтам на тэлеканал “Скіф”, паабяцаўшы, што ў будучым, магчыма, калі з’явіцца месца, змогуць узяць на пастаянную работу. Два месяцы маладая дзяўчына працавала на тэлеканале, цікава было рабіць відэаролікі на розную тэматыку. Хоць і падабалася, але ўпэўненасці ў тым, што з’явіцца пастаяннае месца не было.
У лістападзе ёй паступіла прапанова працаваць на радыё ва Ушачах, якую яна прыняла і ахвотна прыступіла да работы. Раней прыходзілася бываць у гарпасёлку ў сяброўкі, яшчэ тады нашы цудоўныя мясціны спадабаліся К.Суравец.
Прайшла стажыроўку на радыё ў родных Міёрах і ў снежні прыступіла да работы ва Ушачах. Паступова разабралася са старой апаратурай, увайшла ў курс справы і пачала рыхтаваць радыёпраграмы. Так “Інфармацыйны веснік” загучаў маладым прыемным голасам.
Кожную праграму Кацярына рыхтуе старанна і дасканала. Бярэ інтэрв’ю, робіць запісы ў розных арганізацыях, сустракаецца з людзьмі, наведвае многія мерапрыемствы ў гарпасёлку, каб потым расказаць аб іх слухачам радыё. А яны ў сваю чаргу ўжо заўважылі прыемныя змены праграмы, якая стала больш цікавай і інфармацыйна насычанай.
У вольны ад работы час дзяўчына не забывае наведаць сваіх бацькоў і малодшага брата ў вёсцы Мікалаёва Міёрскага раёна, а таксама сяброў у Віцебску. Яны падтрымалі выбар Кацярыны, нягледзячы на тое, што цяпер яна знаходзіцца далёка ад іх.
Кацярыне вельмі падабаецца наш гарадскі пасёлак, яго ціхае і размеранае жыццё. Не кожны рашыцца паехаць працаваць у новае, зусім незнаёмае месца, адной пачынаць будаваць сваё жыццё, заводзіць новых сяброў. К.Суравец змагла зрабіць такі важны крок. Галоўнае, што ёй па душы работа на радыё, а значыць, недарэмна лёс прывёў яе ва Ушачы, значыць так трэба. Не выключае яна і тое, што можа застацца тут назаўсёды.
Пажадаем Кацярыне поспехаў і далейшай плённай працы.  

В.ПОЛАЗАВА.



1 комментарий по теме “Новый голос ушачского радио

  1. Малайчына, Кацярына!
    Жадаю поспехаў!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *