Семья Рубис с Глыбочки не спешит перебираться в город и держит немалое подсобное хозяйство

Личное подсобное хозяйство

Зусім нядаўна Сяргей Фёдаравіч і Людміла Віктараўна Рубісы з Глыбачкі аднайменнага сельсавета пабудавалі кватэру ў гарадскім пасёлку. Мнагадзетная сям’я можа завяршыць абсталяванне сваёй двухпакаёўкі ўсім неабходным і пераязджаць. Толькі не спяшаюцца… І не таму, што патрэбны грошы. Няма вялікага жадання перабірацца “на балкон”, настолькі моцна трымаюць іх да зямлі карані.

З Людмілай Віктараўнай хоць і дамовіліся аб сустрэчы, ды час дакладна не абгаварылі. І як часта бывае, адарвала яе ад спраў у самы непадыходзячы момант. “Толькі грубку распаліла”, – тлумачыла запыханы сацыяльны работнік, якая пакінула сваю падапечную і за некалькі хвілін з’явілася ля дому. Маладая, трыццацічатырохгадовая жанчына так жа хутка пачала знаёміць са сваёй гаспадаркай. Абабегла з тыльнага боку хату і адчыніла двор, выпусціла пярэстых парсюкоў, пасыпала ім і курам зерне, спецыяльна набыты ў якасці пачастунку батон, не забываючыся задобрываць, каб не брахаў, і вартаўніка Мухтара.

Так і бегае кожны дзень, які пачынаецца звычайна а палове шостай. Паста­віць у печ чыгункі, падняць траіх дзяцей і падаць на стол падрыхтаваны сняданак. Дапамагчы сабрацца, перагарнуць яйкі ў інкубатары, аднесці запаранай бульбачкі малым парасятам, далучыць муку, сена, надзерці буракоў і пакарміць свінаматак, пасадзіць у зацішнае месца квактуху, сабраць куранят…

А пры тым ля дома шмат кветак, ды і даглядае сацыяльны работнік ажно дзевяць пажылых чалавек. Замотваецца, стамляецца. Аднак іншага рытму і не ўяўляе. “Аднойчы, яшчэ  калі жылі ў Заполлі, не пакінулі на зіму парсюка, дык не ведала, куды сябе дзець. Адпачываць на канапе не ўмею”, – расказвае Людміла Віктараўна, ласкава паглядаючы на свой падворак.

Няпеўныя яйкі і байцоўскія гусі

У Рубісаў не сядзіба, а эксперыментальны цэнтр. Калі гаспадар будуе, прывозіць подсціл, чысціць, корміць – дапамагае ва ўсім, то не кранае “перспектыўнага” плана жонкі. Людміла Віктараўна не проста вырошчвае экалагічна чыстае мяса, вельмі любіць усё новае, таму не толькі набывае рэдкія віды, аднак і смела пускаецца на скрыжаванне парод.

Падобныя на дзікоў карычневыя паласацікі, што дружна сунулі лычы ў карытца – патомства кармала і вьетнамца. “Маці іх большая, бруха па зямлі не цягаецца. Мяркую цяпер яе з белым кныром злучыць. В’етнамцы таксама неблагія, вось гэтым чатыры месяцы, хутка біць, доўга не трымаем. Дымчатую курыцу з блакітнага яйка вывела, што ўзяла ў знаёмага. Пярэстыя мясныя “амроксы” наогул нарадзіліся насупраць павер’ям: яйкі давалі з халадзільніка, а я рызыкнула – і атрымалася. У “брамы” вельмі кволыя кураняты, многа гіне. Закладаю, бывала, і тры інкубатары, мой рэкорд – 56 куранят з 60 магчымых. Імкнуся завесці навінкі, аднойчы ў Бешанковічы за яйкамі рэдкай пароды спецыяльна ездзілі: ні адзін не вывеўся, напэўна, яйкі няпеўныя (неаплодненыя) былі. Шкада нават не 300 тысяч, а што не завяла іншы від. Былі на нашым птушыным двары гіганцкія бронзавыя індыкі, гусі і індакачкі. Апошнім патрэбны вадаём, а гусі намагаліся за дзецьмі бегаць – пужаць, дом стаіць на Цэнтральнай вуліцы недалёка ад школы, таму звялі. Былі карова, быкі і трусы.

Падворак і зараз немалы: шаснаццаць курэй, дзве свінаматкі, 11 парсюкоў, невялікая пасека. Ды і эксперымент не заканчваецца. У парніку ўжо ціўкаў першы ў гэтым годзе курыны вывадак. Будуць сярод іх, напэўна, і “фаверолі”, і “голашыйныя”, і “чубаткі”, што зараз гуляюць па двары. Не перадумала Людміла завесці і байцоўскіх гусей.

Калі б любіла рыбу, не трымала б парасят

На Вялікдзень у іх сям’і заўсёды дастаюць і адварваюць свіны кумпяк, выкопваюць і гатуюць хрэн. Так было ў бацькоў у Заполлі і Глыбачцы , адкуль паходзяць карані іх працавітасці. Лоўкія да справы Людміла Віктараўна і Сяргей Фёдаравіч і сваю сям’ю забяспечваюць натурпрадуктамі, і родным куранят падросцяць, і на продаж пакінуць. Заробкі ў абаіх не надта вялікія, і гаспадарка была і застаецца добрай падмогай, таму і змаглі пабудаваць кватэру, а зараз гасіць пазыку. Мяса і яйкі не купляюць ніколі, а паколькі дзеці, як і бацькі, аддаюць перавагу катлетам і клёцкам, гатуюць іх часта. “Калі б любіла рыбу, напэўна, гаспадарку не трымала б”, – смяецца Люда, расказваючы, як забіўшы мясам маразільнік, даводзіцца шукаць па знаёмых свабоднае месца. Прадаюць яны толькі малых парасят або яйкі, а мяса і сала – для сябе, такога ў магазіне не купіш.

“Свініна ў розных гаспадароў адрозніваецца па смаку, – пераканана Людміла Віктараўна. – Залежыць, канечне, ад кармоў. Сястра на камбікорме трымае, зусім не тое, што ў мяне на бульбачцы, сене, бураках, капусце”.

Агародніны многа садзяць, каб ласаваць гадаванцаў. І як і іх бацькі, прытрымліваюцца ранейшых рэцэптаў: сала захоўваецца ў драўляных скрынях, кіндзюк і каўбасы сохнуць на гарышчы. А лепшы час для нарыхтоўкі хрэну – тыя месяцы, у назве якіх ёсць літара “р”.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *