Воспитанники Владимира Лапицкого не раз становились победителями соревнований различного уровня

Ими гордятся

Званку Людмілы Калінчык, прызёркі чэмпіянату свету па біятлоне, а зараз супрацоўніцы Беларускай федэрацыі гэтага віду спорту, якая прасіла прывезці на тэсціраванне траіх вучняў, Уладзімір Мікалаевіч Лапіцкі не здзівіўся – за сваю багатую працоўную біяграфію ён меў зносіны і знаёмы з многімі вядомымі асобамі ў спартыўнай сферы. Вось толькі працуе гэты чалавек не ў Міністэрстве спорту і турызму ці Алімпійскім камітэце, як можа падацца, а ў Вялікадолецкай школе. І ўся яго дзейнасць звязана з фізічнай падрыхтоўкай сельскіх дзяцей, якія з ушацкай глыбінкі падымаліся на вяршыні самых прэстыжных спаборніцтваў.

Людзі прыходзяць у прафесію па-рознаму. Адны вызначаюцца з ёй яшчэ задоўга да заканчэння школы, на выбар іншых рашаючае значэнне аказваюць бацькі, родныя, знаёмыя.

– Мае тата і маці – простыя вясковыя людзі, – кажа Уладзімір Мікалаевіч. – Бацька, напрыклад, меў усяго некалькі класаў адукацыі. Але яе недахоп кампенсаваў такой жыццёвай мудрасцю, грунтоўнасцю, што да яго за парадай звярталіся сёстры, мае цёткі! А яны, між іншым, працавалі завучам школы і начальнікам раённага аддзела народнай адукацыі ў горадзе. Так сталася, што і мы ўсе знайшлі сябе ў педагагічнай дзейнасці, праўда, спецыяльнасці розныя: сястра Надзея займаецца з вучнямі малодшых класаў ва Ушачах, брат Міхаіл – гісторык, дырэктар школы №34 у Віцебску.

Уладзімір Мікалаевіч мае разрады адразу па некалькіх відах спорту, з якімі сябраваў з дзяцінства, бо рос моцным і выдатна падрыхтаваным фізічна. Таму хлопца ўзялі не абы-куды, а ў эліту арміі, аб службе ў якой многія толькі марылі – ён баявы плывец, падводны спецназавец.

З глыбінь Ціхаакіянскага флоту ён “усплыў” у родным раёне. Армія яшчэ больш загартавала, і на працягу пяці год марылі быць падобнымі на свайго фізрука дзеці з наваколля Завячэлля – Уладзімір Мікалаевіч педагагічную дзейнасць пачынаў у мясцовай васьмігодцы і паралельна завочна вучыўся. Потым вярнуўся на малую радзіму і на працягу апошніх дваццаці пяці гадоў працуе ў Вялікадолецкай школе.

Бацькоўскую грунтоўнасць ён, безумоўна, пераняў. Да ўсяго, за што бярэцца, падыходзіць важка і сур’ёзна. А падмацаваныя адпаведнай адукацыяй энергія і ўменне працаваць з дзецьмі, зацікавіць іх, у сукупнасці давалі і даюць вынікі. Вялікадолецкія школьнікі нязменна станавіліся лепшымі або былі прызёрамі на раённых спартакіядах. А устаноў адукацыі тады было ў разы больш.

– Не памятаю ўжо дакладна ў якім годзе, але на спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы мы набралі ў суме дзесьці 2200 ачкоў, – прыгадвае яскравыя моманты Уладзімір Мікалаевіч. – Каманда, якая стала другой – на тысячу менш… У скачках у вышыню іншыя школьнікі заканчвалі апошнюю спробу на адзнацы 1,50 метра, а нашы з 1,55 толькі пачыналі. А Сяргей Жураў у лепшай спробе ўзяў 1,86!

Дзяцей у тыя часы было больш, але ў рэспубліцы ўсё роўна не маглі паверыць, што каманда Віцебскай вобласці, якая выйгравала фінальныя спаборніцтвы па настольным тэнісе сярод дзяцей і падлеткаў па месцы жыхарства, прадстаўлена не тое што адным раёнам, а адной вясковай школай! А перамог такіх, дарэчы, было чатыры.

– Меў тады магчымасць выбару, – У.М.Лапіцкі ўвесь час стараецца прынізіць свае заслугі. – Але пагаджуся, каманды ў нас былі моцныя. Абласныя спаборніцтвы выйгравалі “гуляючы”, а на рэспубліцы Сцяпан і Іван Глазко, Андрэй Крыштопенка, Таццяна і Дар’я Казлоўскія, Яраслаў Волах, Антон і Антаніна Лянец, Таццяна Юшчанка і іншыя “рубіліся” на роўных і перамагалі кандыдатаў у майстры і нават майстроў спорту. Я заўсёды стараўся трэніраваць па ўласных напрацоўках, сваіх методыках, бо калі каго капіраваць – наўрад ці атрымаецца лепш арыгінала. Таму і “рэзалі” мае вучні накладкамі з шыпамі, чым прыводзілі ў шок сапернікаў, бо яны гэтым бокам ракеткі ў той час гулялі толькі ў абароне. Памятаю, падчас адных рэспубліканскіх спаборніцтваў мяне пазнаёмілі з Аляксандрам Палавінкам. У маладыя гады ён быў вельмі перспектыўным тэнісістам, нават абыгрываў легенду еўрапейскага настольнага тэніса Яна-Уве Вальднера, што да яго не ўдавалася нават нашаму знакамітаму Уладзіміру Самсонаву. Але рана закончыў і пачаў трэніраваць у сталіцы. Дык вось, прадставілі мяне яму як трэнера. “Трэнер? Ну назаві хоць аднаго свайго выхаванца!” – скептычна паглядзеў ён на мяне (мінчане заўсёды ставіліся да рэгіёнаў крыху з вышыні). Я паспеў толькі сказаць “Таня Юшчанка…” і ён мяне спыніў: “Усё, хопіць!” Справа ў тым, што для Таццяны на тых спаборніцтвах не было аўтарытэтаў – ёй прайгравалі нават прызнаныя фаварыты, у тым ліку і выхаванцы Аляксандра. “Адно суцяшэнне, што землякам саступіў!” – казаў ён, бо бацька А.Палавінкі – з вёскі Пола нашага раёна.

За гады працы Уладзімір Мікалаевіч, які даўным-даўно з’яўляецца настаўнікам вышэйшай катэгорыі і кіраўніком раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў фізкультуры, атрымаў дзясяткі ўзнагарод, падчас уручэння якіх яму паціскалі руку пасадныя асобы самага высокага рангу. А некаторыя нават не стрымліваліся і… абдымалі!

– Было і такое, –  смяецца Уладзімір Мікалаевіч. – Намеснік міністра спорту і турызму пасля адной з нашых перамог на рэспубліцы не мог усвядоміць, што ў складзе нашай каманды няма навучэнцаў спецыялізаваных дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ і што мы прадстаўляем звычайную сельскую ўстанову адукацыі з колькасцю вучняў крыху за сотню. А калі ўдакладніў, што гэта і сапраўды так, то сказаў “Малайчына, Валодзя! Ну і прыабняў…

Прыпамінаючы лепшых тэнісістаў Вялікадолецкай школы, з-за прыроджанай сціпласці не назваў трэнер-бацька Кацярыну Лапіцкую. Між тым, дачка Уладзіміра Мікалаевіч з ліку тых, пра каго кажуць кіношнае “спартсменка, актывістка, разумніца і проста прыгажуня”. Яна ўносіла вялікі ўклад у перамогі вялікадолецкіх тэнісістаў і паспявала выдатна вучыцца. А зараз прадаўжае бацькоўскую справу – скончыла сталічны лінгвістычны інстытут, магістратуру, аспірантуру і працуе ў альма-матар выкладчыкам. Аб узроўні яе падрыхтоўкі сведчыць і той факт, што Кацярына мае прапанову на працу ў Стамбуле, дзе беларуская дзяўчына будзе вучыць туркаў нямецкай мове.

У сценах Вялікадолецкай школы зараз значна цішэй, чым яшчэ некалькі год таму, узнагарод і кубкаў – у разы больш за колькасць сённяшніх навучэнцаў. Але яны працягваюць з зайздросным пастаянствам папаўняць скарбонку спартыўных дасягненняў установы адукацыі, вы­стрэльваючы на самых прэстыжных спаборніцтвах, як, напрыклад, сёлетні “Снежны снайпер”, дзе адзіны медаль камандзе Віцебшчыны прынёс пяцікласнік Рома Лабецкі.

“Уся справа ва ўпартай працы і трэніроўках, – сцвярджае Уладзімір Мікалаевіч. – Ну а на саміх стартах трэба крыху ўдачы!”  Са сваім падыходам да новага біятлоннага сезона юных спартсменаў ён рыхтуе… ужо сёння: “Крос бегаем, развіваем вынослівасць”.

Калі на шыі ва Уладзіміра Мікалаевіча няма свістка, а ў руках секундамера, калі ён змяняе спартыўны касцюм на цывільнае адзенне, то яго можна прыняць, напрыклад, за спецыялі­ста-агранома. Тым больш што працы на зямлі ён заўсёды аддае значную частку свайго часу. Гэта сялянскае, гэта ад бацькоў, у крыві. Вось толькі вольная хвіліна звычайна ў дэфіцыце, бо пры падрыхтоўцы да чарговых спаборніцтваў ён заўсёды працуе са школьнікамі звышурочна і не толькі на трэніроўках – падкажа, дапаможа, падтрымае.

Таму дзеці заўсёды адносіліся і адносяцца да яго з павагай.Таму ёсць і павага, і цікавасць да прадмета, удзячнасць да настаўніка. Яе не надрукуеш на прыгожым бланку са словам “Грамата”. Але гэта ўзнагарода самая простая, і разам з тым такая дарагая для любога педагога.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *