Дорожники занимаются асфальтирование участка дороги от Ушачского лесничества в направлении Завечелья

Общество

Масавае месца адпачынку ўшачан “Пянькі”, а дакладней пад’езд да іх – не пазнаць: “карманы” для спынення аўтобуса і абсталяваны прыпынак, разметка, роўнае асфальтавае палатно, якое шырокай чорнай стужкай хаваецца далей у лесе. Так ідэальна выглядае зараз самая маладая раённая асфальтавая дарога ад Ушацкага лясніцтва на Завячэлле, а дакладней, яе першы кіламетр. Усяго сёлета будзе пракладзена 2,2.

– Тут у вас так прыгожа, лёгка дыхаецца, адно задавальненне працаваць, – дзялюся сваімі адчуваннямі ад майскай карцінкі са старшым майстрам Андрэем Міхайлавічам Агіевічам.

– Ну гэта з погляду назіральніка. А калі з пяці раніцы “падыхаць”, то так не падасца, – усміхаецца спецыяліст, які раіць пачакаць падвозу асфальту, каб прачуць атмасферу.

А неўзабаве з’яўляецца гружаная машына, і Аляксандр Кудраўцаў з ДЭУ-37 ушчыльную падганяе кузаў да асфальтаўкладчыка. Паступова, па сантыметры адсоўваючыся, ён выгружаў вязкую сумесь, якую машыніст Сяргей Пшонка з лепельскай дарожна-будаўнічай арганізацыі ператварае ў роўнае палатно. Рабочыя Аляксей Кажамякін, Павел Віхтар і Сяргей Шчэрбік спецыяльнымі лапатамі карэкціравалі машынную падачу. Ну а апошнімі ішлі машыністы каткоў Сяргей Шах, Аляксандр Селівёнак і Мікалай Паўленка. Каму не патрэбна рабіць гімнастыку – гэта ім: увесь час паварочваюцца ў розныя бакі, сочаць за якасцю ўшчыльнення. Так укладваюцца першыя шэсць сантыметраў асфальту, на якія пазней, “прамазаўшы” спецыяльнай клейкай “прапіткай”, пакладзецца чарговы слой “дарожнага пірага”.

І не толькі з-за гэтага тэхналогію ўкладкі дарогі часта параўноўваюць з кулінарнай стравай. Перад асфальтам у “карыта” – спецыяльна падрыхтаваную аснову, з якой здымаецца ўрадлівая глеба, – кладзецца не адзін слой гравію і шчэбеню. “Хутка будуць мне на пяткі наступаць”, – спяшаўся з фотасесіяй грэйдарыст Сяргей Аўдошка, які і разраўноўваў прывезены Пятром Каваленкам, Дзмітрыем Шаўчэнкам і Пятром Дунікам матэрыял. Гэтая падушка таксама трамбуецца каткамі.

Ну а самым першым на новай трасе ідзе экскаватар-планіроўшчык. Мікалай Ніканаў грувасткім каўшом, быццам пэндзлем, “малюе” кювет, робячы роўнымі лясныя схілы. У вобласці ўсяго 6 грэйдолаў, раней было наогул толькі дзве, таму віцебскі спецыяліст ведае ўсе сталіцы прыдзвінскіх “Дажынак”, як і трасы – яго рабочае месца там, дзе пракладваецца новы шлях. Як бачна, на аб’екце задзейнічана тэхніка і людзі не толькі ДРБУ-105, але і іншых арганізацый “Віцебскаблдарбуда”. А ў сакавіку перад пачаткам работ прыцягваліся яшчэ ўшацкія лясгасаўцы і меліяратары.

У гэтым агульным працэсе многае залежыць літаральна ад кожнай аперацыі, кожнага звяна. Аднак якасць усёй дарогі, канечне, ад майстраў. Таму і не пакідае аб’ект ні на хвіліну А.Агіевіч, які нівелірам і іншымі спецыяльнымі інструментамі кантралюе адпаведнасць ухілаў, гладзь палатна.

І хоць шырыня дарогі засталася такой, як і была, з-за асфальту, абрамленага абочынамі і свежымі кюветамі, падаецца больш прасторнай. Хочацца назваць яе гасцінцам, як раней і клікалі бойкія тракты, абсаджаныя дрэвамі. Бо калі злучыцца з рэспубліканскай трасай, будзе гасцінна запрашаць ва Ушачы з мінскага напрамку па карацейшым шляху, які зараз многія абмінаюць з-за пыльнай гравійкі.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *