Семинар, посвящённый вопросам кормозаготовки, прошёл в Ушачском районе

Сельское хозяйство

У мінулую сераду кіраўнікі гаспадарак раёна, спецыялісты райсельгасхарча, іншых арганізацый аграрнай сферы сустрэліся на семінары, тэма якога – арганізацыя работ па нарыхтоўцы кармоў на зімова-стойлавы перыяд і догляд статкаў у пашавы.

Праходзіла вучоба на базе ААТ “Ільюшынскі”, якое лепш за ўсіх падрыхтавалася да касавіцы і першым распачало яе. Дырэктар таварыства Сяргей Анатолевіч Халімоненка расказаў, што ў тэхналагічным працэсе задзейнічаны касілка-плюшчылка, кормаўборачны камбайн і збожжаўборачны з травяной жняяркай, дзве адзінкі грабляў-варушылак і прэс-падборшчык, які працуе не толькі на ільюшынскіх землях, але і па ўсім раёне.

У дзень семінара ў гаспадарцы ўжо ішоў падкос пашаў, а таксама запакоўка ў стрэйч-плёнку люцэрнавай сумесі, падвяленай да вільготнасці 55 працэнтаў. “Ільюшынскі” закупіў 1600 тон упаковачнага матэрыялу, бо на 100 тон кармоў расходуецца 10 рулонаў плёнкі. Каб сянаж быў гарантавана запакаваны, кожны цюк агортваецца 9-10 разоў. Тым не менш патрэбна беражлівая транспарціроўка, таму і пагрузка, і перавозка ажыццяўляецца спецыяльнай тэхнікай, у прычэп ПТС-7 умяшчаецца да 24 упаковак вагой 500-600 кілаграмаў.

Аграрыі наведалі ўрочышча ў Сержанах, дзе ў разгары была нарыхтоўка люцэрны. Абмеркавалі эфектыўныя спосабы захавання, тэхналогію закладкі сенажу, набыццё кансервантаў. Пабывалі і ля сянажнай траншэі комплексу. Акцэнт нездарма быў зроблены на адрамантаваны пад’езд да яе: абавязковая ўмова, каб тэхніка пры дастаўцы зялёнкі і трамбоўцы не забруджвала кармы.

Дзякуючы набраным тэмпам ільюшынцам на цяперашні момант удалося скасіць каля 115 гектараў траў, сабраць іх з плошчы больш за 75 гектараў, нарыхтаваць у палімерную ўпакоўку звыш 130 тон сенажу. Практычна не адстае па ўкосе ад іх і “Маяк-Ушацкі” з 110 апрацаванымі гектарамі, “Арэхаўна” з 99 і “Агра-Селішча” – з 81. Між тым, арэхаўская гаспадарка ў мінулым годзе не лепшым чынам паказала сябе на ўборцы траў з-за паломак тэхнікі, таму сёлета згодна з рашэннем калегіі камітэта сельскай гаспадаркі і харчавання аблвыканкама быў створаны корманарыхтоўчы атрад паміж ААТ “Дземенец” і КУСГП “Арэхаўна”. Прынамсі, на станоўчы вынік такога аб’яднання людскіх сіл і тэхнічнага парку спадзяюцца як у райсельгасхарчы, так і ў саміх гаспадарках.

Адной з галоўных тэм семінара стала і жывёлагадоўля. Сёлета вытворчасць малака склала 89,9% да аналагічнага перыяду 2017 года, а вымушаны забой жывёлы – ажно 150%. Таму спецыялісты дэталёва абмеркавалі адну з прычын: аптымальную колькасць дзён выходжвання нованароджаных цялят пад каровамі, спыніўшыся на 14 днях. Па меркаванні галоўнага ветэрынарнага ўрача раёна Вольгі Расціславаўны Сіняковай, такі тэрмін не дазволіць губляць малады статак і моцна не адаб’ецца на ўдоях. Дарэчы, “Ільюшынскі” выкарыстоўвае трохразовае даенне. Як гэта робіцца ў пашавы перыяд, – расказала выконваючая абавязкі галоўнага заатэхніка Галіна Мікалаеўна Панамарова, сустрэўшы ўдзельнікаў семінара на полі ў Качанах.

Актуалізаваліся падчас вучобы і традыцыйна вострыя пытанні гатоўнасці тэхнікі да касавіцы, нерэгулярнага падвозу вады на пашы, дрэннага добраўпарадкавання ферм, а таксама захавання норм аплаты працы падчас нарыхтоўкі кармоў, рэгулярнага вядзення неабходнай дакументацыі.

Вольга СЕВЕРЫНА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *