Семенной картофель ОАО «Агро-Селище» и КУСХП «Кубличи» хранится на площадях Ушачского овощесушильного завода

Сельское хозяйство

З дзяцінства памятаю, як бульбу ў саўгасе “Касары” захоўвалі ў буртах. Яшчэ школьнікам давялося не толькі выбіраць яе восенню, але і ўдзельнічаць у пераборцы насеннага матэрыялу вясной, калі крытыя саломай і зямлёй часовыя сховішчы ўскрываліся і заставалася толькі гадаць – колькі працэнтаў “другога хлеба” дажыло да вясны. Зараз падыход да захоўвання бульбы змяніўся: каб максімальна зменшыць страты, клубні засыпаюць у спецыялізаваныя сховішчы. Такім месцам для ААТ “Агра-Селішча” і КУСГП “Кублічы” – сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, якія вырошчваюць бульбу ў нашым раёне, да нядаўняга часу было прыстасаванае пад бульбасховішча памяшканне былой фермы ў Баяршчыне. Але ў лістападзе мінулага года з-за моцных дажджоў тут абрушылася страха і патрэбна было ратаваць насенне.

Разглядаліся розныя варыянты, нават перавозка бульбы ў суседні Глыбоцкі раён. Але ў выніку спыніліся на тым, які задаволіў кіраўніцтва і гаспадарак і Ушацкага агароднінасушыльнага завода, дзе меліся неабходныя плошчы для захоўвання насеннай бульбы.

Такой яе колькасці тут не было ўжо больш дзесяці гадоў, ды што там казаць – у апошні час яе не было наогул, бо пасля спынення вытворчасці крухмалу гэты від сельскагаспадарчай прадукцыі на заводзе быў не запатрабаваны. 400 тон насеннай бульбы, па 200 на кожную гаспадарку чакаюць зараз вясны ў сховішчы агароднінасушыльнага завода.

“Тут з лёгкасцю можна захоўваць нават тысячу тон”, – кажа галоўны аграном Ушацкай раённай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін Мікалай Віктаравіч Азевіч, з якім мы праходзім праз паўцёмнае памяшканне сховішча. Ідэя аб перавозе бульбы сюды прыйшла менавіта яму.

– Кіраўнікі гаспадарак удзячны дырэктару прадпрыемства Андрэю Уладзіміравічу Шчуко, які ўвайшоў у становішча і дапамог у максімальныя тэрміны падрыхтаваць сховішча да экстраннага прыёму клубняў, – расказвае М.В.Азевіч. – ААТ “Агра-Селішча” і КУСГП “Кублічы” выдзелілі неабходны матэрыял для рамонту даху памяшкання. Работы былі выкананы сіламі працаўнікоў завода. Наладзілі асвятленне, устанавілі новыя вароты, падчысцілі тэрыторыю для завозу бульбы.

– Якая карысць ад гэтага заводу? – пытаюся я ў свайго суразмоўцы.

– Такое супрацоўніцтва дае агульную выгоду і гаспадаркам, і прадпрыемству, – адказвае Мікалай Уладзіміравіч. – Улічваючы складанае фінансавае становішча сельскагаспадарчых арганізацый, плата за захоўванне з іх не бярэцца. Але абедзве гаспадаркі маюць лесасечны білет, нарыхтоўваюць дровы для сваіх патрэб, а зараз пастаўляюць іх яшчэ і для агароднінасушыльнага завода. У сваю чаргу кіраўніцтва завода накіроўвае на сартаванне бульбы работнікаў, якія не задзейнічаны на вытворчасці, а аплачваюць іх працу гаспадаркі.

Вельмі дарэчы прыйшліся старыя драўляныя кантэйнеры, якія без справы пыліліся ў сховішчы. І калі сартаваннем бульбы займаюцца работнікі завода, то рамантуюць тару працаўнікі гаспадарак. Дошкі для гэтага вырабляюць на пілараме КУСГП “Кублічы”. Захоўваць бульбу ў кантэйнерах выгадна і ў плане транспарціроўкі, на якой задзейнічаны аўтакар завода. Зараз увесь насенны матэрыял “ААТ “Агра-Селішча” засыпаны ў кантэйнеры – прыгожымі роўнымі радамі стаіць у сховішчы. На кантэйнерах – шыльды з надпісамі сартоў: 52 тоны “Ламбады”, 40 – “Рагнеды”, 27 – “Брыза”, 21 – “Дэльфіна”, 12 – “Лілеі”, і 48 тон “Галы”. Насенная бульба КУСГП “Кублічы” больш аднародная – сорт “Гала” і толькі 8 тон “Універсалу”.

Бульба ў кантэйнерах пасля сартавання сухая, захоўваецца добра. Да наступлення маразоў у сховішчы падрыхтавалі печ, якая будзе працаваць на дрывах.

– Попыт на бульбу ёсць заўсёды, – кажа М.В.Азевіч. – Можна збыць яе ў межах рэспублікі і ў суседняй Расіі.

У пацвярджэнне гэтых слоў мы ўбачылі на тэрыторыі агароднінасушыльнага завода прадстаўнікоў аднаго з прыватных прадпрыемстваў Віцебска, якія не першы год працуюць на закупе бульбы для вытворчасці чыпсаў. Праўда, для вырабу гэтага прадукту, як і для паставак за мяжу, вельмі жорсткія патрабаванні да якасці, далёка не кожны сорт падыходзіць для экспарту і харчовай прамысловасці.

– Канечне, хацелася б закупіць для пасадкі элітныя сарты, каб потым іх выгадней збыць, – кажа М.В.Азевіч. – У гаспадарак зараз сродкаў на гэтыя мэты няма, але ёсць варыянты, калі набыццё насеннага матэрыялу прафінансуюць пакупнікі ў залік будучых паставак.

Гэта, як кажуць, у перспектыве. Пакуль жа сельгаспрадпрыемствы рыхтуюць тэхніку да вясенніх палявых работ, выратаваная аснова новага ўраджаю бульбы ляжыць у сховішчы агароднінасушыльнага завода, дзе гарантавана захаваецца дзякуючы сумесным намаганням працаўнікоў прадпрыемства і гаспадарак.


Д.РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *