ОАО «Деменец» на протяжении последнего десятилетия постоянно становится победителем районного соревнования по производству зерна. В чём секрет успеха?

Сельское хозяйство

На працягу апошняга дзесяцігоддзя ААТ “Дземенец” становіцца пераможцам раённага спаборніцтва сярод сельскагаспадарчых прадпрыемстваў па вытворчасці зерневых – менавіта тут заўсёды самая большая ўраджайнасць. Наўздагад гляджу паказчыкі 2007 года – атрымана 37,1 цэнтнера з гектара. Маленькая гаспадарка, дзе агульная колькасць працуючых меншая, чым на жывёлагадоўчых комплексах буйных сельгаспрадпрыемстваў, на той момант сеяла ўсяго 380 гектараў зерневых, атрымаўшы вал 1411 тон. Прайшло восем гадоў – плошчы ўзраслі ў разы, а пад тысячу гектараў апрацоўваюць амаль тыя ж паўтара дзясятка чалавек, занятых у раслінаводстве гаспадаркі. Прычым гэта ніяк не адбіваецца на якасці. Сярэдняя ўраджайнасць зерневых сёлета ў “Дземенцы” склала 41,9 цэнтнера з гектара, атрыманы ўраджай амаль у 5,5 тысячы тон.

Прыціхлі тыя, хто казаў, маўляў “якія, там плошчы – можна ўсё на конях дагледзець!”. Між тым у гаспадарцы сёлета няхай і не рэкордная, але самая высокая ўраджайнасць і па рапсе. У гэтай намінацыі “Дземенец” таксама становіцца пераможцам з зайздросным пастаянствам. У чым сакрэт поспеху?

– Ніякіх сакрэтаў тут няма, – кажа дырэктар прадпрыемства Аляксандр Віктаравіч Шарыпенка. – Мы ў пастаянным пошуку новых сартоў, сяўбу стараемся праводзіць толькі насеннем высокай рэпрадукцыі. Ну і, само сабой, максімальна забяспечыць тэхналогію вырошчвання культур, іх догляд.

Менавіта раслінаводства дае львіную долю прыбытку прадпрыемства – 80 працэнтаў. У многім і таму, што ў “Дземенцы” ўмеюць лічыць кожную капейку, думаюць на перспектыву, пра заўтрашні дзень. Каб зменшыць уплыў кліматычнага фактару, робяць стаўку на разнастайнасць культур, пастаянна вывучаюць кан’юнктуру рынку. У 2009 годзе менавіта “Дземенец” здаў 437 тон піваварнага ячменю, а доля гаспадаркі ў выкананні раённага плана па пастаўках хлеба дзяржаве перавысіла 20 працэнтаў. У 2011 годзе атрымалі добры ўраджай грэчкі, гароху. Грэчку сеялі і сёлета, пасля апрацоўкі на Гомельскім камбінаце яна прыме таварны выгляд, пойдзе на продаж і папоўніць казну прадпрыемства. Некалькі апошніх гадоў робяць стаўку на лубін, які з’яўляецца выдатным бялковым кормам, выкарыстоўваецца для вытворчасці камбікармоў і ў харчовай прамысловасці, мае высокі рыначны кошт. Ёсць і нябачныя на першы погляд выгоды.

– Лубін мае ўласцівасць назапашваць азот з паветра, – А.В.Шарыпенка тлумачыць некаторыя тонкасці вытворчасці. – Для атрымання высокага ўраджаю рапсу на адзін гектар пасяўной плошчы неабходна ўносіць не менш 200 кілаграмаў азоту. У мінулым годзе пасеялі 125 гектараў на тых палях, дзе папярэднікам быў лубін. Азот наогул не ўносілі, а ўраджайнасць склала 16,3 цэнтнера з гектара! Такім чынам, атрымалі эканомію на мінеральных угнаеннях.

Гэта толькі адзін з прыкладаў удумлівага гаспадарчага падыходу, а дзеля прыбытку ў “Дземенцы” не баяцца ісці на эксперыменты. Сёлета, напрыклад, пасеялі 80 гектараў азімага ячменю. Культура для Віцебшчыны ў цэлым экзатычная і характэрная больш для паўднёва­заходніх раёнаў. Але ўлічваючы апошнія мяккія зімы вырашылі рызыкнуць. Намеснік старшыні райсельгасхарча Сяргей Аляксандравіч Белагрыўцаў ініцыятыву вітае і лічыць яе апраўданай:

– Сёлета сутыкнуліся з праблемай, калі з­за высокіх тэмператур адбылося практычна адначасовае паспяванне розных відаў зерневых. Таму пры ўмовах дэфіцыту тэхнікі выкарыстанне азімага ячменю, які выспявае рана, дазволіць раўнамерна размеркаваць нагрузку падчас уборачнай. Тым больш што пасля зімоўкі ў сярэдзіне лета на ячмень вялікі попыт і яго можна выгадна прадаць для патрэб птушкафабрык і свінагадоўчых комплексаў.

Зараз у “Дземенцы” актыўна шукаюць і прадумваюць варыянты набыцця насення яравога трыцікале, якое ў адрозненні ад ячменю характарызуецца познім перыядам выспявання  і такім чынам яшчэ падоўжыць аптымальныя тэрміны будучай уборачнай, зменшыць страты. А сёлетнюю рэкордную ў гаспадарцы ўраджайнасць не лічаць нейкім феноменам і плануюць у хуткім часе падняць планку яшчэ вышэй.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *