В Ушачском лесхозе впервые прошли соревнования по лесопожарному спорту

Общество

Аб тым, што агонь – галоўны вораг лесу, ведаюць усе. Наколькі гатовы работнікі Ушацкага лясгаса да “часу ікс”, сёлета правяралі падчас спаборніцтваў па лесапажарным спорце, якія праводзіліся ўпершыню. Стадыён лясгаса на некалькі гадзін ператварыўся ў пляцоўку выпрабавання хуткасці, спрыту, зладжанасці.

– Выяўленне і ліквідацыя ўзгаранняў з’яўляецца адным з асноўных накірункаў нашай дзейнасці. Сёлета ва ўшацкіх лясах не было зарэгістравана буйных пажараў, толькі адзінкавыя нязначныя ўзгаранні, якія не нанеслі вялікага ўрону. Але трэба быць гатовым да падобных сітуацый. Ад баявога стану лесапажарных каманд залежыць аператыўнасць у ліквідацыі ўзгаранняў у лясным фондзе, іх папярэджанне, – адзначае інжынер па ахове і абароне лесу ДЛГУ “Ушацкі лясгас” Іван Сяргеевіч Шугалей.

У спаборніцтвах прыняло ўдзел 7 каманд, у кожнай з якой па 5 чалавек. Дарэчы, гэты конкурс – не толькі дэманстрацыя майстэрства, але і цікавае відовішча. Паколькі ў тушэнні пажараў галоўнае – аператыўнасць, аснову спаборніцтваў складала баявое разгортванне. Разабрацца ў яго сутнасці і конкурсе ў цэлым дапамаглі прадстаўнікі Ушацкага лясніцтва:

– Спачатку па сігнале суддзі ўдзельнікі хуценька выконваюць неабходныя дзеянні з пажарна-тэхнічным абсталяваннем: злучаюць паміж сабой і падключаюць да мотапомпы рукавы. Затым робяць забор вады з ёмістасці і пракладваюць рукавы ў накірунку ачага ўзгарання на дыстанцыі 80 метраў. У нашым выпадку гэта спецыяльна падрыхтаваная мішэнь, яе па два ўдзельнікі ад каманды заліваюць вадой да таго часу, пакуль яна не будзе запоўнена. Прычым, калі адзін з іх справіўся хутчэй, ён можа “падставіць плячо” напарніку. Выконваецца такое разгортванне на час: чым хутчэй – тым лепш.

Кожнай камандзе было дадзена па дзве спробы, час якіх суміраваўся. Адным з першага разу ўдавалася ўсё зрабіць на выдатна, у другіх больш удалай атрымлівалася другая спроба.

– Адзін у полі не воін, таму тут галоўнае не толькі хуткасць, а і зладжанасць. Напярэдадні мы амаль не трэніраваліся, але ў сваіх сілах упэўнены. За дзясятак гадоў не раз выходзілі на барацьбу з агнём у лесе. Шкада, калі па гэтай прычыне гінуць векавыя дрэвы ці маладыя насаджэнні. Таму спаборніцтвы даюць нам магчымасць адпрацаваць свае дзеянні на ўсялякі выпадак, няхай іх, канечне, будзе як мага менш, – гаворыць прадстаўнік Сарочынскага лясніцтва Аляксей Аляксандравіч Первянёнак.

Зрэшты, у спаборніцтвах удзельнічалі як вопытныя працаўнікі, так і маладыя прадстаўнікі прафесіі. Але духу саперніцтва на стадыёне не адчувалася, панавала хутчэй сяброўская атмасфера: калі ў адных у самы адказны момант глухла помпа ці адлучыўся рукаў, другія перажывалі, давалі парады, падбадзёрвалі і нават гатовы былі кінуцца на дапамогу, калі б гэта дазвалялася правіламі.

У выніку трэцяе месца заваявала каманда Плінскага лясніцтва, другімі сталі прадстаўнікі Сарочынскага, ну а перамогу святкавала каманда Ушацкага. Пераможцы атрымалі не толькі Дыпломы, а і прыбаўку да зарплаты ў выглядзе прэмій. Усім астатнім, хто не трапіў на п’едэстал, спаборніцтвы як мінімум далі стымул папрацаваць над удасканаленнем сваіх навыкаў.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *