На базе «Юность-Ушачи» прошёл Открытый кубок спортивного клуба «Белый медведь» по спринтерскому плаванию

Cпорт

“Такога стоўпатварэння ў нас, напэўна, яшчэ не было!” – з усмешкай прыгаворвалі работнікі спарткомплексу “Юнацтва-Ушачы”, ледзь паспяваючы выдаваць нумаркі ў гардэробе і накіроўваць у патрэбных напрамках гаманлівыя дзіцячыя “патокі”. Калі ж паўтары сотні юных удзельнікаў Адкрытага кубка спартыўнага клуба “Белы мядзведзь” па спрынтарскім плаванні “сцякліся” ў басейн, дзе ўжо сабралася армія іх трэнераў, бацькоў і балельшчыкаў, – нават гэта прасторнае памяшканне паказалася цеснаватым!

Што гэта за “Белы мядзведзь” і чаму месцам правядзення першага этапу “Бітвы спрынтараў 2018-2019” сталі Ушачы?” – такія пытанні задала арганізатару спаборніцтваў, намесніку старшыні спартклуба І.С.Капыценка. “Наша грамадскае аб’яднанне створана ў красавіку гэтага года, а яго мэта – спрыяць развіццю водных відаў спорту на Віцебшчыне. Мы ўжо арганізавалі некалькі буйных спаборніцтваў у гарадах Прыдзвіння, а вось у такім невялікім пасёлку ладзім этап упершыню. Робім жа гэта для папулярызацыі новых спартыўных аб’ектаў, якія ў апошні час адкрываюцца ў нашай вобласці, – патлумачыў Ігар Святаслававіч. – І пра свой выбар мы не пашкадавалі: ад створаных на комплексе ўмоў, прафесіяналізму адміністрацыі, дзеянняў персаналу засталіся ў захапленні ўсе госці”.

На гэты этап прыехалі юныя спартсмены з розных гарадоў Беларусі і Расіі, якія спаборнічалі ў плаванні на спіне. Самай маленькай удзельніцы мінчанцы Яне Гліністай было ўсяго сем, а ў старэйшай узроставай групе плылі 16-17-гадовыя спартсмены. Вада ж на ўшацкіх блакітных дарожках аказалася даволі хуткай. Усяго за 32.32 секунды пераадолела 50 метраў кандыдат у майстры спорту 14-гадовая Вераніка Ягоўдзік. “У мяне чацвёра дзяцей, і ўсе займаюцца плаваннем, – расказаў тата і трэнер абаіх прыгаданых дзяўчынак Дзмітрый Гліністы. – Увогуле лічу, што гэта самы гарманічны і карысны від спорту”. Згодна з ім і віцябчанка Алена Акшаева – мама вельмі перспектыўнай і няўрымслівай 9-гадовай плаўчыхі Лізы: “Дачка ходзіць на трэніроўкі шэсць дзён у тыдзень і хоць стамляецца, але не ўяўляе жыцця без плавання”. Сама ж Лізавета расказала, што яе кумір – шматразовы алімпійскі чэмпіён Майкл Фэлпс, а на нядаўніх спаборніцтвах “Залатая рыбка” ў Мінску ёй давялося пазнаёміцца з зоркай беларускага плавання Аляксандрай Герасіменяй, якая ўзнагароджвала пераможцаў.

А вось ушацкія спартсмены ў заплывах удзел пакуль не прымалі: як вядома, аддзяленне плавання ў нашай ДЮСШ адкрылася толькі два месяцы таму і дасягнуць адпаведнага ўзроўню пачынаючыя плаўцы яшчэ не паспелі. Зрэшты, як расказалі трэнеры Вікторыя Лукашэвіч і Улад Бабкін, адна з іх падапечных разглядалася як магчымы ўдзельнік этапу, аднак не змагла прысутнічаць на ім з-за ад’езду ў санаторый.

Ды ўсё ж сярод балельшчыкаў я заўважыла ўшачан, якія актыўна хварэлі за адну з дзяўчынак, што выйшла на старт у старэйшай групе. Аказалася, што Паліна Вараб’ёва, якая на этапе прадстаўляла расійскі горад Цвер, кожныя канікулы прыязджае ва Ушачы да сваёй бабулі Ганны Іванаўны Атрашкевіч і цёці Людмілы Аўдошкі. Як расказала яе мама Кацярына, дзяўчына з першага класа займалася плаваннем у Віцебску, працягнула трэніроўкі і пасля пераезду сям’і ў Расію. Ушацкая вада аказалася для Паліны шчаслівай – на ўрачыстым узнагароджанні, якое праходзіла ў зале для гульнявых відаў, яна ўзнялася на вышэйшую прыступку п’едэстала.

“Усё было проста выдатна і мы абавязкова вернемся ва Ушачы!” – такія словы давялося пачуць літаральна ад усіх, з кім пазнаёмілася ў гэты дзень.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *