Ушачанка Евгения Королькова выращивает… лимоны, мандарины, хурму

Мир увлечений

Яўгенія Пятроўна Каралькова заўсёды з задавальненнем праглядае нашу рубрыку “Дзіва на градцы”. Вось і сама завітала ў рэдакцыю, каб паказаць сёлетнюю сваю экзотыку: незвычайны і па памерах, і па форме лімон. А калі я праглядала здымкі ў фотаапараце, заўважыла і ўсыпаныя памідорамі цяпліцы, і карася вагой больш кілаграма, і падрослую хурму. Зразумела, што дзіва зусім не на градках, а сама гаспадыня – майстар на ўсе рукі з мноствам цікавых захапленняў.

Заморскімі раслінамі ў Яўгеніі Пятроўны застаўлена палова залы. Лімоны розных сартоў, мандарын, хурма. Прычым сярод іх няма ніводнай купленай расліны. Усе вывела сама, і палова з іх ужо плоданосіць. Я.Каралькова ведала, што можна вырасціць лімон з костачкі, аднак ён будзе дзікі, плоданосяць толькі прывітыя, таму пачала эксперыментаваць. Адшчыкнула ад прывітага лімона галінку, абрэзала лісточкі і пасадзіла двума пупышкамі ў зямлю пад каўпак, пад якім яна сядзела паўгода… Яе эксперыментальныя дрэўцы плоданосяць некалькі разоў на год, і да навагодняга стала заўсёды наразаюцца ўласныя лімоны. На адной расліне прыкладна 8-9 штук вагой па 400 грамаў. А сёлетні гігант ужо набліжаецца да кілаграма. Мандарыны плоданосяць і непрывітыя, хурма ж за год ператварылася ў паўметровае дрэўца. Цытрусавыя цвітуць некалькі разоў на год, і тады ў доме стаіць чароўны пах.

Эксперыментуе гаспадыня і з памідорамі, якіх садзіць ажно тры парнікі: нізкарослыя, сярэднія і высокія. Любімыя сарты – “де-барао”, “бэта-люкс”, польскі “фаварыт” і “hybal”. Кожную лунку апрацоўвае кіпенем, каб ліквідаваць мікробы, кладзе крыху шалупіння цыбулі і часнаку. Ад фітафторы выкарыстоўвае настой здробненых часночных стрэлак: паўлітра настою на 10 літраў вады. І ад пладоў сёлета не было бачна галін: таматы раздавала сваім траім дзецям, родным і знаёмым. А нарыхтоўкам у склепе не хапіла месца – слоікамі застаўлены і дом. Падкормлівае ж расліны толькі адзін раз, калі прыжывуцца: шуфлік сухога курынага памёту разводзіцца ў 10 літрах вады і не настойваецца. Садзіць густа, паўметра ці нават бліжэй адна ад адной у адтуліны чорнай плёнкі, якой засланы і цяпліцы, і градкі з клубніцамі.

– Гэта я каб не палоць, – усміхаецца Яўгенія Пятроўна. – Вельмі рыбалку люблю, таму не даю траве свой час аднімаць. Муж адвязе перад работай на дачу ў Славені, дзе “ў акне” Чарсцвядскае возера, я адна саджуся на лодку, і за дзень – вядро.

А ў выніку – поўнасцю закладзеная толькі рыбай і фаршам з яе маразільная камера і некалькі аддзяленняў другой. Вельмі любяць “азёрную” падкормку ружы. Ну а курэй нават давялося пабіць – атлусцелі ад пастаянных далікатэсаў.

На Новы год жа абавязкова падаецца яе фірменная страва, якая разыходзіцца першай “на ўра”. Робіць яе Яўгенія Пятроўна ў трайным экзэмпляры, ведае, што на 1 студзеня – дзень нараджэння мужа – абавязкова будуць госці, ды і звычайна прыязджаюць дзеці з сем’ямі.

Рэцэпт “Рыба ў лілеях”. Цэлая рыбіна (карп, карась, шчупак – любая, але не надта касцістая) здрабняецца на кавалкі, якія абвальваюцца ў муцэ і абсмажваюцца. Калі астынуць, зноў складваюцца ў рыбіну, да якой далучаецца галава і хвост, а зверху дадаюцца таксама абсмажаныя 5 морквін і 4 цыбуліны, а потым паліваецца паўпачакам маянэзу з яйкам і пасыпаецца слоем надзёртага сыру. Усё гэта ставіцца хвілін на 20 у духоўку, аб гатоўнасці вам падкажа запечаны верх. З бакоў упрыгожваецца лілеямі з яек і пятрушкі.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *