Продолжается районный чемпионат, а организации Ушаччины приглашают принять участие и в соревнованиях по настольному теннису

Cпорт

Для аматараў малой ракеткі

У суботу, 15 снежня, фізкультурна-спартыўны клуб праводзіць раённыя спаборніцтвы сярод каманд арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў па настольным тэнісе. Спаборніцтвы пройдуць у тэніснай зале комплексу “Юнацтва-Ушачы”, пачатак – у 10 гадзін. Як паведаміў старшыня ФСК А.У.Жыткоў, да ўдзелу запрашаюцца каманды ў складзе 3 чалавек (2 мужчыны, 1 жанчына), дапускаецца аб’яднанне ў зборную каманду членаў двух калектываў.

Футбольныя баталіі

Два чарговыя туры першынства раёна па міні-футболе прайшлі на мінулым тыдні. У аўторак каманда ФСК нечакана лёгка перамагла зборную Ушацкай школы – 10:0, а лясгасаўцы ва ўпартай барацьбе адолелі “Ахову” з лікам 2:1. Пяты тур, паядынкі якога адбыліся ў чацвер, прынёс наступныя вынікі: выратавальнікі былі мацнейшымі за энергетыкаў 8:3, нібы пад капірку, з лікам 1:2 зноў саступілі аховаўцы – на гэты раз іх крыўдзіцелем стала зборная фізкультурна-спартыўнага клуба. Прыгожую і бескампрамісную гульню паказалі каманды лясгаса і Ушацкай школы. Адметна, што ігракі апошняй здолелі адысці пасля няўдачы мінулага тура і паказалі зусім іншы футбол, як вынік – перамога над моцным сапернікам 3:2.

Паядынкі папярэдняга этапу завершацца сёння (у зале спарткомплексу адбудуцца перанесеныя матчы, пачатак у 18.00), а ўжо заўтра чатыры лепшыя каманды распачнуць гульні фінальнай стадыі.

Шахматны цэнтр Віцебшчыны

Такі статус можна смела прысуджаць нашаму гарпасёлку. Вось і ў мінулую нядзелю ва Ушачах ладзіўся прадстаўнічы турнір, удзел у якім прыняло 28 шахматыстаў з Лепельскага, Глыбоцкага, Докшыцкага, Шумілінскага, Ушацкага раёнаў, Полацка і Наваполацка. Дарэчы, у горадзе нафтавікоў закрыўся шахматна-шашачны клуб, і мясцовыя аматары ахвотна далучаюцца да ўшацкіх калег ва ўсіх мерапрыемствах. Як звычайна, прыехаў ва Ушачы з Шуміліна адзін са старэйшых майстроў гульні Мікалай Дзмітрыевіч Радайкін – у гэты дзень сябры па шахматных баталіях шчыра павіншавалі яго з 80-гадовым юбілеем. Склад удзельнікаў турніру быў вельмі моцны, і гаспадарам у прызавую тройку ў гэты раз трапіць не ўдалося. Лепшы вынік з ушацкіх прадстаўнікоў паказаў Леанід Слуцкі, які заняў 7 месца ў асабістым заліку. Перамогу ж святкаваў навапалачанін Уладзіслаў Мухін.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *