Хозяин карьера Звонь. Более 35 лет трудится в дорожной отрасли Александр Клемятенко

Экономика и малый бизнес

“У мяне адна дарога – Ушачы-Звонь. Больш, можна сказаць, нікуды і не езджу”, – гаворыць экскаватаршчык Аляксандр Уладзіміравіч Клямяценка і тым самым падкрэслівае сваю ўнікальнасць. Вось ужо з 1983 года за ім замацаваны адзін аб’ект – кар’ер Звонь, і адна тэхніка. Канечне, экскаватары мяняліся, хаця за гэты працяглы час і пастаянную загружанасць іх было ўсяго толькі тры.

Таму і на кар’еры Звонь, адзіным афіцыйна адведзеным у раёне пастаўшчыку гравію, пастаянна стаяла чарга машын. Не толькі самазвалы дарожнікаў, але і “Сельгастэхнікі”, “Сельгасхіміі”, а таксама транспарт, арэндаваны ў іншых раёнаў. На аб’екце знаходзілася два экскаватары, а за дзень адгружалі па 600-700 тон гравію.

За гэтыя 35 год кар’ер на вачах А.У.Клямяценкі пашырыўся больш чым на кіламетр. Гэта пры тым, што забоі дасягалі глыбіні 10 метраў: выбіраецца ўчастак “да вады”, адводзіцца новы. Памятае, як прыязджалі вышукальнікі, правяралі ўзровень залежаў гравію і казалі, што ў нас ён лепшы ў рэспубліцы – камяністы.

Па біяграфіі Аляксандра Уладзіміравіча можна пісаць гісторыю арганізацыі. Напрыклад, у васьмідзясятыя на кар’еры Звонь знаходзілася і каменедрабілка: выпускалі свой шчэбень. Была і лінія па прасяванні гравію. Зараз падобная працуе на асфальтабетонным заводзе, адтуль “чысты” пясок загружаецца ў машыны і трактары на падсыпку. Паменелі з таго часу і аб’ёмы: цяпер ужо А.Клямяценка чакае самазвалы, а не яны яго.

На мінулым тыдні ён вярнуўся з водпуску – традыцыйна зімовага. Летам і не просіцца, ведае, што не пусцяць, паколькі самая работа. Таму і не адпачывалі ніколі сям’ёй на моры. Ды і наогул ён не вялікі аматар лодарнічання. Нават на тэрыторыі прадпрыемства не любіць бываць, паколькі знаходзіцца тут толькі калі няма работы ці падчас складаных рамонтаў. Звычайна непаладкі ліквідуе на кар’еры. Калі нешта выходзіць са строю, то заказвае неабходную запчастку і больш акуратна эксплуатуе, аднак не стаіць. Пра яго прафесіяналізм лепш за ўсё гаворыць час службы даверанай тэхнікі: яго экскаватару ўжо 10 гадоў, а папярэдні праслужыў ажно 25 пры нарматыве 8 – што магчыма толькі калі машына ў адных руках, а рукі гэты – клапатлівыя і ўмелыя.

Канечне, Аляксандр Уладзіміравіч паскромнічаў, калі казаў, што ведае толькі адну дарогу на Звонь. Без яго экскаватара не абыходзіўся практычна ніводны аб’ект, дзе клалі асфальт ці рабілі рамонт. З апошніх – дарога на Завячэлле і добраўпарадкаванне кюветаў уздоўж трасы на Глыбачку, дзе выдаляў з каранямі кусты і ўбіраў вялікія камяні. А яшчэ за гэтыя гады ён стаў выдатным прыродазнаўцам – на кар’ер пастаянна заходзяць алені, казулі і нават мядзведзі. Апошніх, на шчасце, назіраў толькі па слядах. Наогул, сочыць за парадкам даверанага яму аб’екта: за межы адведзенага каб не залезці, чужака без выпіскі не прапусціць.

У дарожнікаў трывалыя традыцыі шанавання сваіх перадавікоў. І, зразумела, у арсенале А.У.Клямяценкі мноства Ганаровых грамат і іншых заахвочванняў. Ну а самая дарагая ўзнагарода, што даецца выключна высокапрафесійным і, канечне, адданым галіне работнікам – “Ганаровы будаўнік Рэспублікі Беларусь”.
Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *