На главных улицах Ушач активно идёт ямочный ремонт

Общество

У канцы зімы на долю падвесак нашых аўто выпадаюць самыя сур’ёзныя выпрабаванні – пасля перападу маразоў, адлігі і салявой “атакі” асфальт пакрываецца выбоінамі, змагацца з якімі адпраўляюцца брыгады рабочых. Ямкавы рамонт поўным ходам ідзе на галоўных вуліцах Ушач, а нашы чытачы непакояцца, чаму абдзелены ўвагай іншыя дарогі райцэнтра. Па якім прынцыпе вызначаецца чарговасць рамонту? Патлумачыць гэта мы папрасілі майстра па добраўпарадкаванні УП ЖКГ Вольгу Віктараўну ШЧЭРБІК.
– Зразумела, што ў першую чаргу мы рамантуем цэнтральныя вуліцы з найбольшым патокам транспарту. І галоўная мэта – захаваць бяспеку руху. У пачатку лютага супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі абследавалі дарогі гарпасёлка і вылучылі ўчасткі, дзе пакрыццё стварае прадумовы для ДТЗ – гэта значная частка вуліц Ленінскай і Савецкай, іх перакрыжаванні з Кастрычніцкай і Камсамольскай. Адпаведнае прадпісанне па ўхіленні хібаў наша прадпрыемства, на балансе якога знаходзяцца гарадскія дарогі, павінна выканаць у кароткі тэрмін. Ну а падлатаўшы цэнтр, возьмемся за Калінінскую і Камсамольскую, на якія таксама прыпадае значная нагрузка найперш з-за руху грузавога транспарту, падрамантуем дарогу ля спарткомплексу. Далей будзем ацэньваць стан іншых вуліц і вырашаць ступень тэрміновасці рамонту. Вядома ж, ахапіць адразу ўсе нашы дарогі мы не можам, таму просім ушачан з разуменнем ставіцца да сітуацыі, і калі палатно на іх вуліцах пакуль у неналежным стане, выбіраць бяспечны хуткасны рэжым.

Днямі нам давялося назіраць за вядзеннем ямкавага рамонту ў канцы Ленінскай, які праводзіла брыгада па добраўпарадкаванні. Узброеныя самым простым інвентаром рабочыя імкнуліся дасканала захоўваць тэхналогію: перш чым засыпаць выбоіны арганамінеральнай сумессю, высушвалі іх з дапамогай газавай гарэлкі – працэс жа гэты даволі працяглы.

– Вось калі дапамагала спецтэхніка ДРБУ – справа ішла куды шпарчэй. У іх ёсць рэцыклер для разагрэву сумесі, фрэза, якой рыхтуюць яму для яе лепшага счаплення са старым асфальтам. Але ж пастаянна прыцягваць гэта прадпрыемства да нашых спраў не будзеш – у іх сваёй работы хапае, ды і затраты значныя, – разважаюць рабочыя брыгады.

І сапраўды, у невялікіх гарадах мульціпрофільныя жыллёва-камунальныя прадпрыемствы вымушаны браць на сябе шэраг самых розных функцый, у тым ліку і ўтрыманне дарог – шчыра прызнацца, гэта падаецца не зусім лагічным, бо, як кажуць, боты павінен рабіць шавец, а рамантаваць дарогі – дарожнік.

Наталля БАГДАНОВІЧ.

На здымку: І.Шнітко, С.Бурэц, А.Броўка, В.Гусёнак.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *