Петля на косулю и жёсткие разборки. Хроника происшествий в Ушачском районе

Закон - один для всех

Святкавалі па-свойму
Пакуль ушачане спакойна святкавалі Новы год, жыхары суседняй Лепельшчыны “чысцілі” дачы некаторых з іх. Так, трое беспрацоўных мужчын 1969, 1987 і 1994 гадоў нараджэння вырвалі дзвярны прабой у адным з часова пустуючых дамоў у вёсцы Садкі. Іх незаконнай здабычай сталі спінкі ад ложка, іншыя бытавыя рэчы з металу. Яны ж з адрыны яшчэ аднаго дачніка выкралі два колы ад гужавой павозкі.
Калі аўтамабіль зламыснікаў ля вёскі Бабовішча спынілі супрацоўнікі міліцыі, “бяскрыўднага” паходжання бытавога лому ў грузавым адсеку мужчыны прыдумаць так і не змаглі. У адносінах іх узбуджаны крымінальныя справы.

Жорсткія разборкі
Беспрацоўны жыхар Вялікіх Долец 1989 года нараджэння з чэрвеня 2017-га перыядычна дазваляў сабе падымаць руку на жонку. Вось толькі падобныя факты жанчына замоўчвала. Перадумаць у студзені бягучага года прымусіла чарговая порцыя здзекаў. У адносінах агрэсара была ўзбуджана крымінальная справа па факце катавання.  Пратрымаўся вялікадальчанін у “рэжыме спакою” нядоўга. Ужо ў лютым ён зноў кінуўся з кулакамі на сваю другую палавіну. Прычым, стрымліваць пачуцці яўна не збіраўся – з усёй моцы біў, душыў, агучваў намер расквітацца. Трагедыі, на шчасце, удалося пазбегнуць. У бальніцу пацярпелая трапіла з пераломам грудзіны, іншымі траўмамі. Мужчыну ж давядзецца адказаць перад законам яшчэ і за пагрозу забойствам.

Пятля на казулю
Узбуджана крымінальная справа на пакуль невядомага злодзея, які ў лясным масіве паблізу вёскі Слабодка незаконна здабыў казулю еўрапейскую. Для промыслу была выкарыстана металічная пятля. Урон, нанесены навакольнаму асяроддзю, склаў 3 тысячы 60 рублёў.

“Непрыгожыя” ўчынкі прыгожай паловы

Напрыканцы студзеня ў райаддзел міліцыі звярнуўся жыхар Лепеля, які паведаміў, што нехта пранік у яго дачны дом у вёсцы Старына Ушацкага раёна і выкраў пыласос, коўдру, кухонныя прыналежнасці, іншую маёмасць. Здаецца, справа звычайная. Але толькі не ў гэтым выпадку! Устаноўлена, што “пагаспадарылі” ў чужым доме дзве мясцовыя жыхаркі, прычым… маці і дачка.

Зрэшты, падобных крымінальных “подзвігаў” у жанчын 1966 і 1991 гадоў нараджэння было некалькі. Гэтак жа праз акно яны трапілі ў Старыне яшчэ ў адну дачу, адкуль выкралі стацыянарны тэлефон, электрычную свяцільню, рулон плёнкі, эмаліраваныя бакі і іншыя рэчы на агульную суму 111 рублёў.
Па ўзгаданых фактах у адносінах зламысніц узбуджаны крымінальныя справы. Цяпер маці і дачка гэтак жа дружна рызыкуюць трапіць за краты.

За прагу паесці можна і сесці
Па ўсім відаць, галодны злодзей пажывіўся днямі ў падвале аднаго са шматкватэрных дамоў райцэнтра. Ліквідаваўшы перашкоду ў выглядзе дзвярнога замка, ён прабраўся ў памяшканне, адкуль вынес усе кансерваваныя прыпасы. Урон, які панеслі гаспадары, склаў 129 рублёў.
Супрацоўнікамі крымінальнага вышуку РАУС устаноўлена асоба выкрадальніка. Ім аказаўся жыхар г.п.Ушачы 1968 года нараджэння. Зараз правяраецца яго дачыненне да іншых “падвальных” спраў.

Не спадабаліся!
Беспрацоўны ўшачанін 1977 года нараджэння вырашыў правесці вечар за чаркай-другой. Вось толькі так “натхніўся” выпітым, што захацеў прыгод. Іх, зрэшты, доўга шукаць не давялося – каля кафэ “Бераг” мужчына прыкмеціў двух маладых людзей, якія яму чамусьці не спадабаліся. Так, кулакамі памахаў удосталь – але “зарабіў” крымінальную справу.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *