«Белорусская лыжня-2019» прошла в Ушачах

Cпорт

“Беларуская лыжня” ва Ушачах сёлета праходзіла хоць і ў лютаўскі, ды зусім не люты дзень. Дзьмуў лёгкі ветрык, потым наогул выглянула сонейка і яшчэ больш сагрэла спартыўнае свята, на якім і так панавала цёплая атмасфера падтрымкі. Хоць і ўдзельнічала толькі сем каманд: раённага аддзела міліцыі, райспажыўтаварыства, райвыканкама, камунгаса, аддзела па адукацыі, Ушацкай школы, аб’яднаная выратавальнікаў і ТЦСАН, аднак народу сабралася многа. Прыемна, што сярод балельшчыкаў былі не толькі родныя і знаёмыя ўдзельнікаў, а калегі і амаль усе кіраўнікі названых арганізацый.

“Чаму асобна не выдзелілі групу старэй за 60?”, – задаваў пытанне суддзям пастаянны ўдзельнік забегаў М.Л.Фядосенка. Аднак звычайна ў калектывах нямнога ўзроставых супрацоўнікаў, якія б да таго ж сябравалі са спортам, таму і бег Мікалай Леанідавіч разам з тымі, каму 50 і больш. “Чаму ў адной узроставай групе адразу два чалавекі з адной каманды?”, – пытаўся дырэктар Ушацкай школы В.І.Клімашэўскі. “У палажэнні ўказаны колькасны састаў, а каго вы выбераце з калектыву – ваша справа”, – адказваў загадчык сектара спорту і турызму С.І.Ціханёнак. Хаця менавіта ад таго, у якую групу трапляў лыжнік, залежала вельмі многае, можна сказаць, нават перамога каманды. Калі сярод жанчын старэй за 50 Таццяна Гулевіч з камунгаса аказалася адзінай, то і месца, нават калі ісці пешшу, усё роўна было б першае. Аднак Таццяна Сяргееўна, канечне, вельмі старалася, і хоць даўно не трэніравалася, паўкіламетра прабегла за 3 хвіліны 21 секунду, што было б трэцім паказчыкам ва ўзроставай групе ад 40 да 50. “Адзінае, чым займаюся пастаянна – езджу на веласіпедзе”, – казала жанчына.

– Гэта лёгкія адлегласці, раней на раённых спаборніцтвах па тры і пяць кіламетраў бегалі!

– Маладым жа прасцей, яны самі па сабе спартыўней.

– Як можна настаўнікаў фізкультуры ставіць у адзін рад з супрацоўнікамі іншых арганізацый.

– Усё залежыць ад трэніровак, а не ад прафесіі.

– Добра, што сёлета была форма мас-старта – так прасцей вызначыць мацнейшага.

Абмеркаванні былі гарачымі і падчас забегаў, і пасля іх. І хоць суб’ектывізму ў любых спаборніцтвах хапае, з адзіным не паспрачаешся: прайсці трасу каньковым ходам мог толькі той, хто займаецца, сябруе са спортам.

“Не тыя лыжы ўзяў, – злаваў сам на сябе Арцём Церашкавец з Глыбачанскай школы, які выступаў за аддзел па адукацыі і ў групе 30-39 гадоў саступіў толькі Раману Фядосенку (выступаў у асабістым заліку) і тым не менш прынёс камандзе першае месца. – Калі трэніраваўся, падалося, што вельмі слізка, вось і стаў падчас забегу на нязмазаныя, а яны пад горку не хацелі бегчы”.

Канстанцін Красноў так выклаўся, што некалькі хвілін адпачываў, лежачы на снезе. “Нечага не разлічыў, цяжка дыхаць, – тлумачыў калегу па камандзе Паўлу Пашкову, які чарговае першае месца сустракаў з кубкам гарачай гарбаты. Менавіта УП ЖКГ летась на раённай “Беларускай лыжні” атрымала перамогу. Тым жа складам выступалі і сёлета. А вось занялі толькі трэцяе, набраўшы з аддзелам па адукацыі па 8 балаў. У гэтым спрэчным выпадку срэбра апошняй камандзе прынесла другое месца Сяргея Каваленкі, першых у абодвух дружын было па два.

Хто блытаў карты асабіста мне, не даючы разабрацца ў пераможцах забегаў, дык гэта Васіль Бяльковіч, які таксама ўдзельнічаў у асабістым заліку. Прыйшоўшы першым у сваёй узроставай групе 50 і старэй, прычым палову трасы без палкі, што выпала на першых секундах, ён стартаваў і з усімі астатнімі групамі. Проста не паспеў атрымаць асалоду на такой кароткай дыстанцыі. Што паўкіламетра для яго, кандыдата ў майстры спорту, калі прыходзіць сюды, на накатаную трасу, кожныя выхадныя і бегае па 8-10. Прыгожым каньковым стылем, як і яшчэ адзін “аднаасобнік” і вопытны лыжнік Генадзь Малашчанка, які заняў другое месца ў групе 40-49.

Была на “Беларускай лыжні” і сям’я, якая, праўда, змагалася за розныя каманды: Таццяна і Ігар Шышко. “Я на трасе аказаўся выпадкова – замяніў старшыню райвыканкама У.Аўдошку, якога выклікалі на нараду, – тлумачыў Ігар Пятровіч. – Быццам у маладосць вярнуўся. Наша школа ў Верхнядзвінскім раёне спецыялізавалася менавіта на лыжах і трасу рэспубліканскага значэння ў Гарадку я ведаў выдатна, на першы разрад набегаў”.

Ганна Бабянок выступала за аддзел па адукацыі, вучылася таксама не ў нашым раёне, але гэта прозвішча гучала падчас спаборніцтваў неаднойчы. Гэта выпускніца Плінскай школы Людміла Бабаедава, што зараз працуе ва Ушацкай, добрым словам прыгадвала былога выкладчыка Уладзіміра Бабянка.

Працяглыя трэніроўкі пасля заняткаў успомніла і прадстаўніца райспажыўтаварыства Людміла Стрыжонак (Бука), якая з вялікім адрывам перамагла сярод лыжніц ад 20 да 29 гадоў. У Вялікадолецкай школе, якую яна заканчвала, дзякуючы У.М.Лапіцкаму з лыжамі “на ты” амаль што ўсе.

У асабістым заліку стартаваў і самы юны ўдзельнік спаборніцтваў Ілья Мялешка – выхаванец секцыі лёгкай атлетыкі ДЮСШ. Вельмі прыгожа бег, саступіўшы ў групе 18-29, да якой шасцікласнік, канечне, не належыў, толькі 17 секунд выкладчыку фізкультуры з Ушацкай школы Андрэю Жаваранку. Наогул каманда школы заняла 4 месца, толькі адно ачко прайграўшы камунальнікам. На пятым месцы, таксама з адрывам у ачко – каманда райспажыўтаварыства, на шостым з 11 баламі – зборная выратавальнікаў і ТЦСАН, замыкае турнірную табліцу з 15 баламі каманда РАУС.

Першае месца райвыканкаму прынеслі Святлана Дулуб, Ігар Шышко, Ірына Шчукіна і Сяргей Ціханёнак, якія ў сваіх узроставых групах заваявалі адпаведна першае і тры другіх месцы. Сяргей Іванавіч нават самаўхіліўся ад узнагароджвання – не мог жа сам сабе ўручаць грамату. Але ў заключным слове загадчык сектара спорту і турызму павіншаваў усіх удзельнікаў з прыгожым спартыўным святам і паспадзяваўся, што падчас наступных стартаў каманд будзе больш. Адзначыў ён і чатыры з іх, якія не прапусцілі яшчэ не аднаго заяўленага ў гэтым сезоне спартыўнага мерапрыемства: камунальнікі, зборная выратавальнікаў і ТЦСАН, аддзел міліцыі і Ушацкая школа.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *