От элитных люксов до бюджетных процедур. Про уникальные возможности для оздоровления и отдыха в «Лесных озёрах» ушачанам рассказали во время Дня открытых дверей

Ушаччина туристическая

Летась праз наш раён ехала група латвійскіх турыстаў. Яны даўно аблюбавалі азёрную Віцебшчыну для адпачынку, бывалі ў знакамітых “Лётцах” і Лепельскім санаторыі, а ў “Лясныя азёры” вырашылі зазірнуць з цікаўнасці. Меркавалі ўбачыць тут згублены сярод пушчаў “запаведнік сацыялізму”, а адкрылі для сябе ўнікальную здраўніцу, дзе еўрапейскі ўзровень камфорту спалучаецца з хараством амаль некранутай прыроды. Свой наступны водпуск латышы правядуць у нашым санаторыі: месцы ўжо забраніраваны.

Пра гэты выпадак давялося пачуць ад дырэктара здраўніцы Віктара Мікалаевіча Грынкевіча падчас Дня адчыненых дзвярэй, што ладзіўся нядаўна ў “Лясных азёрах”. А падставай для гэтага мерапрыемства, па словах кіраўніка, стала тое, што многія ўшачане фактычна падзяляюць скептычныя меркаванні прыгаданых вышэй турыстаў. Далёка не кожны з нас бываў у здраўніцы ў апошнія гады і на свае вочы бачыў тутэйшыя каласальныя пераўтварэнні. Мы не ўсведамляем, што літаральна пад бокам маем унікальныя магчымасці для аздараўлення, дзеля якіх іншаземцы пераадольваюць сотні кіламетраў. Не ўсе нашы землякі ведаюць, што падлячыцца ў санаторыі можна і без набыцця пуцёўкі. Такім чынам, Дзень адчыненых дзвярэй аказаўся справай надзвычай карыснай і пазнавальнай – ва ўсялякім разе, ніводны з паўсотні яго ўдзельнікаў не пашкадаваў аб патрачаным часе. Ну а для тых, хто не змог далучыцца да падзеі, невялікі расказ пра яе падрыхтавалі мы.

Утульна і смачна

Калі тэатр пачынаецца з вешалкі, то здраўніца – са сталовай. Магчыма, нехта з гэтым паспрачаецца, але ж адным з галоўных крытэрыяў прыцягальнасці санаторыя з’яўляецца менавіта харчаванне. “Кормяць выдатна! Прадукты натуральныя, персанал ветлівы!” – гэта характэрны водгук, пакінуты на сайце ўстановы тымі, хто ў ёй пабываў. І калі смачнымі стравамі “Лясныя азёры” славіліся заўсёды, інтэр’ер адрамантаваных залаў сталовай проста ўразіў. Яны нават не пасуюць да ўстойлівага сэнсу гэтага слова – такі антураж бывае не ў кожным рэстаране. Калі ж нам паказалі банкетную залу, прыгадаліся кіношныя сцэны трапез, падчас якіх важныя персоны заключаюць дзелавыя пагадненні. У далёкія 80-я мне давялося мець зусім, праўда, кароткі вопыт непасрэднага дачынення да тутэйшай кухні – на канікулах старшакласнікі ўладкоўваліся ў дом адпачынку (такі быў тады яго статус) афіцыянтамі і рабочымі. Перачысціўшы за змену гару цыбулі і іншай агародніны, адшараваўшы дзясятак брудных катлоў і старых халадзільнікаў, праз дзень мы з сяброўкай… збеглі з работы. Вядома ж, і зараз на кухні не абысціся без ручной працы, ды ўсё ж вельмі многае механізавана, і фірменныя стравы цяпер гатуюцца ў зусім іншых умовах.

“Музейнымі экспанатамі” выглядаюць зараз і драўляныя “вагончыкі”, дзе ў былыя часы летам жылі адпачываючыя. Яны пакуль яшчэ віднеюцца за нядаўна ўзведзенымі бярвенчатымі катэджамі, але, па словах дырэктара, у хуткім часе саступяць участак яшчэ аднаму “мікрараёну” элітных домікаў. “Хоць і нятанныя на іх расцэнкі, ды попыт высокі, бо многія, у першую чаргу замежныя кліенты гатовы плаціць 100 рублёў за суткі, каб пражываць адасоблена”, – расказвае сястра-гаспадыня Тамара Міхайлаўна Апёнак, дэманструючы нам утульныя апартаменты з поўным спектрам выгод. Было цікава даведацца, што падобныя адзін на аднаго гэтыя домікі толькі звонку, унутраны ж дызайн у кожным зроблены ў рознай каляровай палітры. Ёсць люксавыя нумары і ў карпусах, прычым, на любы густ: двухузроўневыя, з камінам, вадаспадам, джакузі. І гэта не дарэмнае выхвалянне, а імідж здраўніцы – прынамсі, ужо зараз значная частка люксаў на цёплы сезон забраніравана.

Вядома ж, маюцца ў санаторыі і бюджэтныя нумары. Большасць з іх – са свежым рамонтам. З іголачкі тут і многія іншыя памяшканні: холы, калідоры, а асабліва ўразілі светлыя, з густам аздобленыя пераходы паміж карпусамі. “Вельмі падабаецца, што на працэдуры можна хадзіць у тапках!” – падзяліўся пажылы мужчына, што шпацыраваў з ручніком у лячэбны корпус. І сапраўды, гэтую выгоду маюць далёка не ўсе беларускія санаторыі, бо рэдка дзе карпусы стаяць так кампактна, што іх можна злучыць.

Дадуць бой хваробе любой
З чаго пачынаецца курорт, мы высветлілі, ну а яго “свяцілішчам” безумоўна з’яўляецца лячэбны корпус. І калі першая частка экскурсіі была ў большай меры пазнавальнай, бо, на жаль, не так многа ўшачан становяцца ўладальнікамі прафсаюзных пуцёвак у нашу здраўніцу ці могуць набыць іх за поўны кошт, то падарожжа па працэдурных кабінетах мела практычную падаплёку, бо літаральна любы жадаючы можа прайсці тут аздараўленчы ці лячэбны курс. Для гэтага трэба ўзяць у паліклініцы выпіску з амбулаторнай карты, каб урач санаторыя мог назначыць патрэбныя працэдуры. Ну а іх пералік у нашай здраўніцы надзвычай шырокі. Удзельнікі Дня адчыненых дзвярэй змаглі не толькі зарыентавацца ў прапановах, а і паспрабаваць некаторыя з іх. “Вельмі незвычайнае адчуванне, але ў цэлым мне спадабалася!” – расказвала пра свае ўражанні Алена Банеўская, апрабаваўшы механічны масаж на спецыяльнай кушэтцы.
Вядома ж, усіх цікавіў прыкладны кошт працэдур. Ён, канечне, розны. Так, сеанс гідрамасажу канечнасцяў на апараце “Акварол”, які з’яўляецца адной з самых запатрабаваных працэдур, будзе каштаваць каля 6 рублёў. Крыху больш 3-х – цэннік на галатэрапію, на рубель даражэй абыдуцца гразевыя аплікацыі. А вось калонагідратэрапія (ачышчэнне кішэчніка) – працэдура даволі складаная і каштуе каля 14. Прыкладна на 7 рублёў пацягне тэрматэрапія ў SPA-капсуле. Амаль у такім жа дыяпазоне і сеанс іголкарэфлексатэрапіі. Адказвае за гэты старажытны і папулярны ва ўсім свеце метад лячэння ўрач неўролаг-рэфлексатэрапеўт Таццяна Сяргееўна Масюкевіч. Па яе словах, чароўныя іголкі станоўча ўплываюць на нервовую, лімфатычную, сасудзістую, імунную сістэмы, ратуюць ад стрэсаў, хранічнай стомленасці, дапамагаюць змагацца з лішняй вагой і курэннем.
“Абавязкова зазірніце да нас!” – гасцінна запрашалі ў кабінет цеплалячэння яго гаспадыні Валянціна Валянцінаўна Коршун і Жанна Уладзіміраўна Дайлідзёнак. У наступныя некалькі хвілін мы прасачылі за працэсам вырабу парафіна-азакерытавых аплікацый і даведаліся, што яны карысныя пры артрытах і артрозах, цукровым дыябеце і атэрасклерозе, бранхіце і астме. “Цеплапрацэдуры даволі запатрабаваныя. Летам бывае, што за дзень даводзіцца абслугоўваць пад 100 чалавек”, – расказваюць жанчыны. Ёсць у іх і пастаянныя кліенты: так, напрыклад, ужо гадоў сем запар прыязджае ў “Лясныя азёры” сям’я масквічоў, каб аздаравіць хлопчыка, хворага на дзіцячы цэрабральны параліч.
Увогуле, пабываўшы ў кабінетах лячэбнага корпуса, аснашчаных па апошнім слове медыцынскай тэхнікі, мы прыйшлі да высновы, што тутэйшыя спецыялісты дапамогуць справіцца з наступствамі літаральна любой хваробы. А таксама і выявіць некаторыя з іх. Мы ўжо пісалі пра ўнікальны метад дыягностыкі хелікабактэрнай інфекцыі з дапамогай дыхальнага тэста – нагадаем толькі, што такую паслугу ажыццяўляюць нават не ўсе сталічныя клінікі.
Міні-брыфінг
Дырэктар Віктар Міхайлавіч Грынкевіч і яго намеснік па медыцынскай частцы Ядвіга Здзіславаўна Габер не толькі правялі ўшачан па сваіх уладаннях, а і адказалі на іх пытанні. Так, напрыклад, прысутныя пацікавіліся, ці плануюць у здраўніцы пашыраць пералік медыцынскіх паслуг – у прыватнасці, укараніць папулярны метад карбвоксітэрапіі (лячэнне вуглякіслым газам). Галоўны ўрач паведаміла, што такія планы маюцца. Некаторыя ўдзельнікі мерапрыемства пыталіся аб магчымасці падоўжыць па буднях работу лячэбнага корпуса, каб можна было прыязджаць на працэдуры пасля працоўнага дня. Па словах адміністрацыі, пакуль падобнае пытанне не разглядалася з-за адсутнасці рэальнага попыту, аднак калі ў людзей будзе цікавасць, такі варыянт магчымы. А вось на прапанову адмяніць летам прапускны рэжым на тэрыторыю здраўніцы, каб ушачане маглі бесперашкодна наведваць пляж санаторыя, дырэктар патлумачыў, што, на жаль, гэта мера неабходная: бываюць выпадкі, калі мясцовыя жыхары паводзяць сябе недастойна, перашкаджаюць гасцям, якія заплацілі за якасны адпачынак.

* * *
Вандроўка па “Лясных азёрах” спадабалася ўсім, хто вылучыў на яе некалькі гадзін выхаднога дня. Найперш таму, што цікава было адкрыць новыя фарбы на, здавалася б, вядомым, брэндавым ушацкім аб’екце. “Не так даўно мне патэлефанавала калега з іншага раёна: ёй прапанавалі пуцёўку ў наш санаторый і яна хацела пачуць ад мяне, чым ён асаблівы, – расказвае начальнік райфінаддзела Таццяна Валер’еўна Раманоўская. – “Ну, шмат чым: унікальныя крыніцы, жывапісныя азёры…” – пачала я пералік і раптам зразумела, што больш нічога канкрэтнага і не прыгадаю. Цяпер жа я магу распісаць нашу здраўніцу ў самым прывабным святле”.
“Прыязджайце самі, расказвайце пра нас родным і знаёмым!” – менавіта такімі словамі развітваліся гасцінныя гаспадары санаторыя з удзельнікамі мерапрыемства, многіх з якіх, упэўнена, яны ўбачаць у ліку сваіх кліентаў.
Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *