Ушачские льноводы

Общество

Жніво – як магніт ці сонца. Як толькі распачнецца – прыцягвае да сябе ўвагу, засціць ўсё іншае, быццам і няма нічога навокал. А ўсё, тым не менш, ідзе звычайным ходам. І ў цяні сёлетняга ранняга жніва зерневых сціпла займаліся сваёй справай другія механізатары, задача якіх – расціць лён, беларускае золата, яшчэ больш капрызную культуру, чым нават зерневыя.
Выратаванне ад спякоты ў кабіне новых камбайнаў прадугледжана – кандыцыянеры. На льнозаводзе ён толькі ў адной адзінцы – самаходнага камбайна. Уся астатняя тэхніка, а гэта цэлы трактарны парк, наадварот, дзеліцца з механізатарамі гарачынёй перагрэтых рухавікоў, жалеза. Не выратоўвае ні мінеральная вада, якую штодня прывозяць на поле (акрамя двухразовых абедаў), ні абліванне, ні нават купанне ў возеры – у тыя рэдкія дні вязення, калі вада аказваецца побач з полем.
Церабленне – адна з самых цяжкіх работ і для камбайнераў, і тым больш для іх памочнікаў. Частыя прыпынкі на зелянцы, прачыстка вузлоў, пыл… Толькі на мінулым тыдні скончылі гэтую работу, а з аўторка ўжо пачалі прасаванне. Сёлета, як ніколі, не было ў механізатараў нават часу на падрыхтоўку тэхнікі, не гаворачы пра адпачынак. Бо акрамя ўласнай работы дапамагалі гаспадаркам з корманарыхтоўкай, хадзілі з дыскамі і плугамі. І, як заўсёды, паралельна вядуць падрыхтоўку і да веснавой пасяўной. Ільнаводам жа практычна пра кожны будучы гектар трэба думаць з восені: не ўнясеш гліфасаты, мінеральныя ўгнаенні – не выстаяць усходы ў барацьбе з пустазеллем. Ужо на 200-х гектарах пайшоў працэс знішчэння пустазелля, на 100 унесены калій. І толькі на 20 можна было распачынаць прасаванне пасля месячнай вылежкі!
Спякота, адсутнасць дажджоў і расы вельмі зацягвае гэты працэс. Затое лабараторная праверка пробнай партыі паказала добры выхад даўгога валакна.
А вось механізатарам з-за прарэджаных усходаў сёлета складаней выканаць норму, чым раней. 30 цюкоў, гэта будзе прыкладна 7 тон, даюцца марудна. І хоць за паўдня Віктар Маковіч ужо запрасаваў 15, настрой быў не вельмі ружовы. Каб зарабіць, нормы трэба перавыканаць, ды і прыгадваліся леташнія ўласныя рэкорды, калі і па сотні рулонаў рабілі за дзень.
Каб зацікавіць хлопцаў разлікам, расцэнкі сёлета павялічылі на 250 працэнтаў. Удвайне аплачваюцца выхадныя, бо кожны дзень механізатары ў полі. Убіраць сёлета напалову меней, чым летась, аднак і зрабіць гэта трэба хутка, каб не губляць потым на якасці сыравіны.
З першай партыяй запрацуе і завод. Не таму, што не было чаго пускаць на перапрацоўку – мінулагодняй сыравіны дастаткова. Проста не вытрымлівала такой тэмпературы нават абсталяванне, ды і ліпень – традыцыйны месяц рамонту і перапынку. І тым не меней зараз перапрацоўваць пачнуць свежую трасту, каб паглядзець выхад, абкатаць абсталяванне і пачаць зарабляць.
Сховішча завода, якое было запоўнена льновалакном, зараз пустое. Даўгое валакно (11 і 12) нумароў прадалі на Аршанскі льнокамбінат, які адразу пусціў яго на перапрацоўку – добрая якасць. Валакно ніжэйшых нумароў закупіла экспартная база.
Наступае чарговы перапрацоўчы год, паралельна ідзе нарыхтоўка сыравіны і падрыхтоўка новых плошчаў пад пасеў. Звычайнае замкнутае кола.
В.КАРАЛЕНКА.
На здымку: ратуе толькі вада механізатараў на прасаванні Віктара Маковіча, Аляксандра Тарашкевіча, Уладзіміра Кашко, на ўспушванні валкоў Віктара Башуна, агранома Юрыя Валуевіча і вадзіцеля Мікалая Лецкага.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *