В Беларуси начинается весенний сезон охоты на птиц

Общество

У Беларусі распачынаецца веснавое паляванне на птушак. На нашай тэрыторыі на гусей, канадскую казарку, качара (селязень), чэрнець, гогаля, чырка, качку шэрую паляваць можна будзе з 9 сакавіка па 12 мая. Паляванне дазволена  ў светлы час сутак, акрамя перыяду з 12 да 18 гадзін, ружэйным спосабам з засады з падманьваннем з выкарыстаннем гладкаствольнай паляўнічай зброі, зараджанай дробавымі патронамі. На самцоў вальдшнэпа паляванне будзе адкрыта з 16 сакавіка па 12 мая з 18 да 22 гадзін ружэйным спосабам з засады. Для вышуку можна выкарыстоўваць паляўнічых сабак – тэр’ераў, таксаў, лягавых, спаніэляў, рэтрывераў, водных сабак.

Устаноўлены і адзіныя дні палявання: субота, нядзеля, панядзелак, аўторак і святочныя дні, аб’яўленыя Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь нерабочымі. Здабываць самцоў вальдшнэпа дазваляецца і ў пятніцу. У астатнія дні тыдня паляванне ажыццяўляецца па дагаворах. Паляваць можна па разавых і сезонных пуцёўках, кошт якіх для членаў Ушацкай арганізацыйнай структуры БТПР складае ад 5 рублёў разавая і да 70 рублёў сезонная па паляўнічай гаспадарцы. Для грамадзян, якія не з’яўляюцца членамі БТПР, кошт пуцёвак значна вышэйшы.

Таксама нагадаю, што зараз праходзіць перарэгістрацыя паляўнічых і рыбаловаў з уплатай членскіх узносаў: да 31 сакавіка ён складае 63 рублі 75 капеек, а з 1 красавіка – 76 рублёў 50 капеек. Больш падрабязную інфармацыю па тэме можна атрымаць у таварыстве па тэлефоне 5-72-03.

П.ДУБОЎСКІ, паляўніцтвазнаўца Ушацкай  арганізацыйнай структуры РДГА “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў”.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *