Встречи с молодыми специалистами на Ушаччине проходят в новом формате

Образование и молодежь

Як уладкаваліся на сваіх першых рабочых месцах маладыя спецыялісты, якія праблемы іх турбуюць і ці ўсё атрымліваецца на шляху асваення прафесіі? Высветліць гэтыя і іншыя пытанні дапамагаюць сустрэчы з маладымі кадрамі. У нашым раёне апошнім часам яны ладзяцца сістэмна і праходзяць у новым фармаце. Так, на апошняе мерапрыемства былі запрошаны маладыя спецыялісты сельскай і лясной гаспадаркі, а прайшло яно на базе ААТ “Ільюшынскі”.
Сёння Ільюшына – адзін з самых буйных аграгарадкоў. Пра многія гістарычныя факты, аб’екты інфраструктуры ўдзельнікі сустрэчы даведаліся, праехаўшы па вуліцах населенага пункта – менавіта з экскурсіі пачалася сустрэча. “Шчыра кажучы, хоць і з’яўляюся ўраджэнкай нашага раёна, але ў Ільюшыне не давялося раней бываць”, – падзялілася ўражаннямі бухгалтар КУСГП “Вялікадолецкае” Марына Папко.
Прайшліся ўдзельнікі і па дагледжанай тэрыторыі мехдвара, зазірнулі на зернесушыльны комплекс, аналагічных якому няма ў астатніх гаспадарках Ушаччыны. Працягнулася ж размова ў актавай зале гаспадаркі.
Як адзначыла старшыня Жарскага сельсавета С.Ц.Міхейка, Ільюшына можна па праве лічыць маладым: тут пражывае шмат мнагадзетных сямей, моладзь вяртаецца сюды на малую радзіму ці застаецца пасля размеркавання, працуе не толькі ў арганізацыях аграгарадка, а ездзіць у суседняе Вашкова і Ушачы. Увогуле ж на сельсавет прыходзіцца амаль дзве сотні чалавек ва ўзросце ад 18 да 31 года.
– Маладых спецыялістаў мы ўсяляк падтрымліваем: выдзяляем жыллё, дапамагаем матэрыяльна. Напрыклад, ім патрэбна мэбля, рэчы першай неабходнасці. У такім выпадку даём беспрацэнтны крэдыт на набыццё такіх тавараў, ёсць дамоўленасць з райспажыўтаварыствам. Выдзеленую суму затым часткамі ўтрымліваем з заработнай платы, – адзначае кіраўнік гаспадаркі С.А.Халімоненка. – За апошнія гады ў наша прадпрыемства было накіравана нямала маладых кадраў. Шкада, што некаторыя, не паспеўшы ўнікнуць у справу, адпраўляліся ў армію, а пасля яе шукалі сабе іншае месца. Прыемна, што для многіх мы сталі паспяховым стартам – наша моладзь з “Ільюшынскага” адпраўлялася на павышэнне. Праца ў сельскай гаспадарцы нялёгкая, але яна дае багаты вопыт. Памятаю, як у час майго паступлення на адно месца ў БАТУ прэтэндавала 6 чалавек, а зараз моладзь імкнецца ў іншыя ўстановы. Нашаму сельгаспрадпрыемству патрэбны спецыялісты заатэхнічнай службы, праводзілі прафарыентацыйную работу з мясцовымі выпускнікамі.
Словы Сяргея Анатольевіча пацвердзілі і маладыя ільюшынскія спецыялісты: “Мы жывём, як адна дружная сям’я, усё задавольвае: узровень зарплаты, фронт работы, добрае жыллё выдзелілі і нават нявест гатовы знайсці!”
Прадстаўнікі лясной і сельскагаспадарчай сферы не толькі бліжэй пазнаёміліся паміж сабой, а і мелі магчымасць агучыць хвалюючыя іх пытанні. Сярод такіх было жыллёвае, затрымкі заработнай платы. Прыемна бачыць, як некаторыя хварэюць за справу і маюць вялікае жаданне рупліва працаваць. “Мне ўсё падабаецца, добрыя адносіны складваюцца з кіраўніцтвам, не шкадую, што трапіў у гэтую гаспадарку. Але вось недахоп мінеральных угнаенняў і хімікатаў засмучае. Хочацца атрымліваць добрыя ўраджаі, зайздрошчу, калі чую, што калегі з іншых рэгіёнаў атрымліваюць ледзь не 100 цэнтнераў з гектара. Зразумела, што на нашых землях такога не дасягнуць, але ўсё ж хочацца, каб гарэлі вочы ў камбайнераў, а дадому ўвечары ты прыходзіў хоць і стомлены, але задаволены!” – адзначыў малады аграном “Дземенца” Станіслаў Лісічонак.
Ішла размова і аб тым, як праводзіць вольны час, а таксама пра планы на будучае, бо ў некаторых з тых, хто прысутнічаў на сустрэчы, хутка скончыцца перыяд абавязковай адпрацоўкі. Слушную параду ў гэтым плане ўсім даў намеснік начальніка райсельгасхарча С.А.Белагрыўцаў: “Імкніцеся паўнацэнна асвоіць сваю прафесію, а дзе асесці – выбар за вамі”. Як адзначыў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віктар Пятровіч Котаў, падобныя мерапрыемствы будуць працягвацца – на сакавік запланавана сустрэча з маладымі прадстаўнікамі гандлю.
Прыемным акордам ільюшынскай сустрэчы стаў невялікі канцэрт народнага калектыву “Натхненне”.
Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *