Увековечивание памяти жертв войны остаётся одним из главных направлений работы районной организации Белорусского фонда мира

В общественных организациях

Падвёўшы вынікі мінулага года, Беларускі фонд міру ўключыўся ў актыўную работу. 2019-ы багаты на падзеі – як гэта паўплывае на дзейнасць арганізацыі, які курс яна будзе трымаць? Аб гэтым наша размова са старшынёй Ушацкай раённай арганізацыі Т.М.МАЛАК.

– Таццяна Міхайлаўна, ушанаванне памяці ахвяр вайны будзе прыярытэтным і сёлета?

– Канечне, гэта асноўны напрамак дзейнасці арганізацыі, які набывае асаблівую актуальнасць да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Некаторыя абеліскі і воінскія пахаванні на тэрыторыі раёна патрабуюць рамонту, рэканструкцыі, добраўпарадкавання. Таксама становяцца вядомымі новыя імёны загінуўшых, і наша арганізацыя заўсёды гатова падтрымаць абгрунтаваныя прапановы сельвыканкамаў ці насельніцтва па ўшанаванні памяці загінуўшых. З 2013 года ў рамках праекта “Ты загінуў на вайне – мы захоўваем памяць аб табе”, увекавечаны імёны землякоў на 10 помніках.

– Раённая арганізацыя рэалізуе і дабрачынныя праекты.

– Так. Навагоднія падарункі ад Фонду міру атрымліваюць пажылыя людзі з бальніц сястрынскага догляду ў Вялікіх Дольцах, Дубраўцы і Глыбачцы, дзеці-інваліды, выхаванцы нядзельнай школы пры царкве ў Арэхаўне. Таксама аказваем дапамогу мнагадзетным і малазабяспечаным сем’ям, дзецям, якіх выхоўваюць апекуны. Летась каштоўныя падарункі атрымалі тры пары, якія пражылі разам 50 і больш гадоў. Не засталіся ўбаку і ад значных падзей у жыцці прадпрыемстваў і ўстаноў Ушаччыны, рыхтуючы падарункі да юбілейных дат і прафесійных святаў. Усе гэтыя мерапрыемствы прадоўжацца і ў 2019-м.

– Летась арганізацыя ўключылася ў раённы праект “Мая радзіма – Ушаччына”. Год малой радзімы працягваецца, што запланавана?

– Распрацаваны свой адпаведны міні-праект. Значымым мерапрыемствам 2018-га года ў яго рамках стала рэканструкцыя помніка воіну-афганцу М.Ключонку ў вёсцы Мажуйкі. Сумесна з музеем народнай славы былі выраблены магніты і буклеты, прысвечаныя народнаму пісьменніку Беларусі Васілю Быкаву. У планах – устаноўка помніка партызану-разведчыку Фёдару Машчову і яго бацьку, добраўпарадкаванне месца яго пахавання, а таксама мірных жыхароў Павулля і Усаі, выраб буклетаў і магнітаў “Мемарыяльны комплекс “Прарыў”, выданне зборніка “Спаленыя вёскі Ушацкага раёна”.

Дзякуючы распрацаванай сістэме, у зборы сродкаў у Фонд міру ўдзельнічаюць прадпрыемствы і арганізацыі ўсіх форм уласнасці. Як спрацавалі ў мінулым годзе?

– Мы па-ранейшаму займаем лідзіруючыя пазіцыі ў вобласці. Было сабрана каля 9 тысяч рублёў, што ў разліку на аднаго жыхара складае 66 капеек. З вялікай адказнасцю да збору сродкаў адносяцца працоўныя калектывы аддзелаў па надзвычайных сітуацыях і ўнутраных спраў, аховы, аптэкі, ветстанцыі, райспажыўтаварыства, раёна газазабеспячэння, ДРБУ-105, рэдакцыі, Белаграпрамбанка, лясгаса, аддзелаў па адукацыі, ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Прыкладам сярод сельгасарганізацый з’яўляюцца ААТ “Ільюшынскі” і КУСГП “Вялікадолецкае”. Прыемна, што не застаюцца ў баку і прыватнікі – ТАА “Лес”, ПУП “АлексНутта”, “Славянушка”, “Меналайн”, “Ніксілбуд” і многія іншыя. Сваю лепту ў добрую справу ўносяць ветэраны і пенсіянеры раёна. Словы ўдзячнасці за дапамогу ў зборы сродкаў хочацца сказаць старшыням ветэранскіх пярвічак раёна, а таксама работнікам паштовых аддзяленняў Двор Пліна, Мосара, Дубраўкі, Ільюшына, Сарочына і іншых.

Поспех нашай арганізацыі залежыць ад многіх фактараў, асноўныя з якіх – разуменне і павага жыхароў Ушаччыны. Спадзяюся, што ў гэтым годзе яны падтрымаюць арганізацыю, тым самым унясуць уклад у добрыя справы Беларускага фонду міру. Зрабіць гэта можа кожны жадаючы, пералічыўшы грашовыя сродкі на разліковы рахунак BY25BLBB30150300126737001001 ААТ “Белінвестбанк” па Віцебскай вобласці, код 153001739(BLBBBY2X) УНП 300126737 ОКПО 05836097.

Падрыхтавала Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *