Виртуозные трюки из-за «горящих труб». За год в ЛТП отправилось 11 ушачанок

Общество

У зале судовых пасяджэнняў жыхар адной з вёсак Сарочынскага сельсавета Віктар К. адчуваў прыкметны душэўны дыскамфорт. Не, месца гэта яму добра знаёмае, але раней даводзілася бываць тут у супрацьлеглым статусе. У гэты ж раз мужчына з багатай крымінальнай біяграфіяй упершыню аказаўся… у ролі пацярпелага.

А на лаве падсудных сядзела яго крыўдзіцельніца Аліна Б. – немаладая субтыльная жанчына з суседняй вёскі. Зрэшты, крымінальныя старонкі прысутнічалі і ў яе біяграфіі – неяк раз выцягнула з кішэні інваліда грошы і была асуджана за грабёж. Праклятыя банкноты падвялі яе пад манастыр і ў гэты раз, ну а паспрыяла злачынству гарэлка. У сакавіку Аліна атрымала ад Віктара запрашэнне на сумесную вячэру ў яго апартаментах, а раніцай каварны гаспадар на правамерную просьбу сяброўкі “Дай пахмяліцца” адказаў адмовай. Замкнуўшы хату, ён пайшоў па справах, а госця ўпотай вярнулася на сядзібу, бо напярэдадні прыкметіла, як кавалер хаваў пад абрус 50 рублёў. Неверагодным чынам яна пралезла ў маленькую фортку і завалодала жаданым скарбам, прыхапіўшы таксама кавалак сала і тры пачакі макарон.

На якія толькі трукі не здольны чалавек, калі “палаюць трубы”, а працаваць жадання няма! Прыгадваю, як абавязаная асоба Ларыса М., якую можна лічыць рэкардсменкай па прагулах, гуляла ў хованкі з супрацоўнікамі міліцыі, што намагаліся даставіць яе на работу ці ў суд. Аднойчы тыя, агледзеўшы ўсю яе хату ў вёсцы ля райцэнтра, знайшлі гаспадыню… унутры канапы. А яшчэ адна “віртуозка” ўмудрылася “набраць кандыцыю” практычна падчас выязнога пасяджэння суда, які вырашаў пытанне накіравання яе ў лячэбна-працоўны прафілакторый. Да слова, летась у ЛПП было адпраўлена 11 (!) ушацкіх жанчын, адна наша зямлячка далучылася да іх кампаніі сёлета.

…Не ўдалося схавацца ад праваахоўнікаў і Аліне. Праўда, на судзе пацярпелы дараваў ёй вераломства і шкадаваў, што з-за яго заявы сяброўка атрымала два месяцы арышту – такое пакаранне прызначыў суд у адпаведнасці з часткай 2 артыкула 205 Крымінальнага кодэкса Беларусі. Жанчына ж, пачуўшы вердыкт, больш за ўсё бедавала, што прапусціць значную частку ягаднага сезона – цудоўнага часу хмяльного дабрабыту. Замест гэтага ёй давядзецца прайсці прымусовае лячэнне ад алкагалізму: з 2015 года Аліна стаіць на ўліку ў нарколага. Тры месяцы правядзе ў арыштным доме і Ларыса, якая ўхілялася ад уплаты сродкаў на ўтрыманне дзіцяці. Як сведчыць статыстыка, практычна ўсе абавязаныя асобы жаночага полу маюць дыягназ хранічны алкагалізм. Усяго ж, па звестках урача-нарколага Ушацкай ЦРБ Паліны Пугач, на ўліку ва ўстанове стаяць зараз 116 жыхарак нашага раёна. Вось толькі ніхто з іх не прыйшоў на прыём да спецыяліста па ўласным жаданні і не папрасіў дапамогі ў барацьбе са сваёй хваробай.

Каб аповед не выглядаў абсалютна песімістычным, прывяду і станоўчыя прыклады – не так часта, але ўсё ж здараецца, што нядобранадзейныя жанчыны бяруцца за розум. Жыхарка Вялікадолецкага сельсавета, дзяцей якой з-за пастаянных п’яных скандалаў у доме прызналі маючымі патрэбу ў абароне і перадалі ў прыёмную сям’ю, змяніла свае паводзіны, працаўладкавалася, у выніку чаго малыя вярнуліся да маці. Не хочацца сурочыць, аднак прыемна бачыць у спісе лепшых жывёлаводаў жанчыну з Жарскага сельсавета, якая прайшла лячэнне ў ЛПП і, здаецца, таксама вырашыла змяніць свой лёс. Як бачна, прадстаўніцам прыгожага полу, якія, як вядома, больш слабыя за мужчын у адзінаборстве з зялёным змеем, вельмі цяжка вярнуцца да нармальнага жыцця, аднак шанс заўсёды ёсць: трэба толькі гэтага моцна жадаць і не адмаўляцца ад дапамогі.

Н.АВАДНЁВА, памочнік пракурора Ушацкага раёна.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *