Надёжность — бренд предприятия. Ушачские газовики отметили профессиональный праздник

К профессиональному празднику

Стабільнасць, надзейнасць, аператыўнасць – гэтыя і іншыя падобныя эпітэты мы ўжываем, калі размова заходзіць пра Ушацкі раён газазабеспячэння філіяла вытворчага ўпраўлення “Полацкгаз”. Узорнасць ва ўсім – ад выканання сваіх галоўных абавязкаў да стану вытворчай тэрыторыі – стала своеасаблівым брэндам прадпрыемства. Заўтра 40 работнікаў калектыву адзначаць сваё прафесійнае свята.

Для тысяч абанентаў

Кожную раніцу з іх вытворчай тэрыторыі адпраўляецца аўтамабіль з газавымі балонамі. У летні час на экіпажы дастаўкі кладзецца вялікая нагрузка. Штодня яны развозяць у сярэднім 50 балонаў, намотваючы па 250-300 кіламетраў. Усяго ж у раёне зараз налічваецца 4355 абанентаў. Менавіта служба дастаўкі звадкаванага газу больш знаходзіцца на віду, а Аляксандра Каваленку, Андрэя Собаля (на здымку), Аляксея Старавойтава, Івана Гірсёнка, задзейнічаных на развозцы, многія ўшачане ўжо добра ведаюць у твар.

Але, канечне, не толькі гэтым абмяжоўваецца дзейнасць службы. У зоне адказнасці немалая гаспадарка: 3 газаразмеркавальныя і 11 шафавых рэгулятарных пунктаў, больш за 90 кіламетраў газавых сетак, а таксама больш за 2,5 тысячы карыстальнікаў прыроднага газу ў шматкватэрных дамах і больш 800 у прыватным сектары. Акрамя таго ўшацкія газавікі абслугоўваюць ацяпляльныя апараты самых распаўсюджаных марак, устаноўленыя ў індывідуальных жылых дамах, вядуць работу па замене газавага абсталявання, тэрмін эксплуатацыі якога складае больш за 20 гадоў ці калі не пройдзена дыягностыка. Так, у бягучым годзе ў дамах і кватэрах ушачан заменена 180 старых газавых пліт і да канца года плануецца замяніць яшчэ каля сотні.

Гатовы ў чарговы раз прыступіць і да газіфікацыі аб’ектаў новых кааператываў: блакітнае паліва хутка прыйдзе ў дамы жыхароў вуліцы Кірава і Каранеўскага. На наступны год пры наяўнасці фінансавання мяркуюць распачаць работы па газіфікацыі вёскі Ваўчо.

“Аварыйка” пацвердзіла клас!

На варце спакою карыстальнікаў газу стаіць аварыйна-дыспетчарская служба. Ушачане добра ведаюць нумар, па якім варта тэлефанаваць пры небяспецы – спецыялізаваны аўтамабіль з надпісам “104” на борце ў лічаныя хвіліны прыбывае па трывожным сігнале. Як паказвае практыка, часцей за ўсё выклікаюць “аварыйку”, адчуўшы пах газу ў пад’ездзе ці ад індывідуальных балонных установак.

Нядаўна свой прафесіяналізм ушацкая служба ў чарговы раз пацвердзіла на абласным конкурсе прафмайстэрства: старшы майстар Дзмітрый Васільевіч Карэйша, слесар Аляксандр Мікалаевіч Дрозд і вадзіцель Андрэй Васільевіч Мялешка занялі 4 месца, толькі крыху саступіўшы брыгадам буйных гарадоў Віцебшчыны.

Можна вадзіць экскурсіі

За працоўнымі буднямі не забываюць газавікі і пра добраўпарадкаванне сваіх аб’ектаў, а таксама ўдзельнічаюць у мерапрыемствах па навядзенні парадку ў населеных пунктах раёна. Тэрыторыю райгаза па праве можна назваць эталоннай. Прадуманае азеляненне, безліч кветак, утульныя куточкі адпачынку. Здавалася б, ужо і нельга зрабіць нешта прыгажэйшае, аднак штогод мясцовасць ля адміністрацыйнага будынка прырастае новымі знаходкамі і яркімі элементамі. У рэалізацыі ж гэтага ўдзельнічаюць усе без выключэння работнікі, ну а адказным за вырошчванне кветак з’яўляецца кладаўшчык Святлана Васільеўна Дрозд. Сёлета старанні працаўнікоў калектыву зноў не засталіся непрыкмечанымі: у аглядзе-конкурсе па добраўпарадкаванні тэрыторый яны занялі 3 месца сярод 23 арганізацый “Віцебск­аблгаза”, саступіўшы толькі віцебскім калегам і апарату кіравання.

Дрэнных работнікаў проста няма

“Вылучыць самых дастойных? Гэта складана, бо літаральна кожны з маіх падначаленых заслугоўвае быць адзначаным!” – кажа начальнік Ушацкага раёна газазабеспячэння Яўген Сяргеевіч Шчасны.

Да прафесійнага свята званне “Ганаровы ветэран прадпрыемства” прысвоена адразу тром работнікам, якія адпрацавалі ў арганізацыі больш 20 гадоў. Гэта слесар па рамонце і абслугоўванні газавыкарыстальнага абсталявання Аляксандр Іванавіч Аўдошка, вадзіцель Яўген Аляксандравіч Ляхоўскі, прыёмшчык заказаў Ірына Пятроўна Лапёнак.

Добрасумленная праца старшага майстра Дзмітрыя Васільевіча Карэйшы адзначана Ганаровай граматай УП “Віцебскаблгаз”, слесара аварыйна-аднаўленчых работ Аляксандра Мікалаевіча Дразда – Падзякай. Прыёмшчыку заказаў Алене Мікалаеўне Карабань аб’яўлена Падзяка філіяла ВУ “Полацкгаз”. Прозвішча кантралёра Алены Канстанцінаўны Апёнак занесена на Дошку гонару УП “Віцебскаблгаз”, а вадзіцеля Андрэя Васільевіча Мялешкі – на Дошку гонару ВУ “Полацкгаз”.

– Віншую ўвесь калектыў, а таксама ветэранаў галіны з прафесійным святам. Няхай у вашым жыцці заўсёды гарыць агонь кахання і дабрыні! Будзьце шчаслівымі, багатымі і, канечне, здаровымі! – зычыць сваім работнікам Я.С.Шчасны.

Далучаемся да віншаванняў і мы.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *