Ушаччина празднует 95-летие образования района

Общество

Ад палосак прыватнікаў да аграхолдынгаў

У 1925 годзе ва Ушацкім раёне налічвалася 5 калектыўных гаспадарак, якія займаліся сельгасвытворчасцю, паступова развіваліся розныя формы кааперацыі. У 1929 годзе арганізавана 7 калгасаў, а ў 1933 – ужо 169! Зразумела, што былі яны невялікія, на адзін прыходзілася ў сярэднім 44 двары. У 1931 годзе створана Ушацкая машынна-трактарная станцыя, але тэхнікі было мала – у 1934 годзе ў МТС налічвалася 29 трактароў, а ў калгасах звыш 7,5 тысячы рабочых коней. Як успамінала тыя часы першая ў раёне трактарыстка В.Долгая, працавалі суткамі ў тры змены, запраўлялі і рамантавалі трактары прама ў полі. Тэхніка была слабая, з двухкорпуснымі плугамі, фары практычна не гарэлі. Таму амаль заўсёды ноччу наперадзе трактара ішла калгасніца з ліхтаром – асвячала шлях…

Тэхніка паступала ў раён з улікам прыродных асаблівасцей і сведчыла аб культурах, якія вырошчваліся. Напрыклад, вясной 1938 года раённая газета “Прымежны калгаснік” пісала аб паступленні ў Вялікадолецкую МТС 2 камбайнаў, 4 гусенічных і 1 трактара “Універсал”, зерневых сеялак, бульбакапалак, ільномялкі, карчавальнікаў, канавакапальнікаў і балотных плугоў. Плошчы пашы пашыраліся, але ўсе планы аграрыяў парушыла вайна.

Пасля яе вельмі складана было аднавіць гаспадаркі, не хапала тэхнікі, коней. У першыя пасляваенныя гады людзі цягалі плугі і бароны на сабе, чаму ёсць дакументальныя пацвярджэнні. З 50 гадоў мінулага стагоддзя ішло паступовае ўзбуйненне сельгаспрадпрыемстваў. У 2000 годзе ў раёне налічвалася 11 калгасаў і 7 саўгасаў, імі было сабрана 16,2 тоны зерневых пры сярэдняй ураджайнасці 13,4 цэнтнера з гектара, 272 тоны льновалакна, 27,3 тысячы тон бульбы.

Працэс узбуйнення гаспадарак ідзе і зараз, на Віцебшчыне ствараюцца аграхолдынгі, на ўзбраенні якіх магутная высокапрадукцыйная тэхніка, адкрываюцца новыя аб’екты жывёлагадоўлі. “Маяк-Ушацкі” сёння з’яўляецца філіялам Полацкага камбіната хлебапрадуктаў, у рознай ступені з інтэграцыйнай структурай на базе гэтага прадпрыемства звязаны амаль усе гаспадаркі раёна: КУСГП “Глыбачаны”, “Вялікадолецкае”, “Кублічы”, ААТ “Агра-Селішча”, “Ільюшынскі”. Працэс рэфармавання аграрнай галіны няпросты, але ў сучасных умовах непазбежны. З дапамогай інтэграцыйнай структуры ў апошнія гады прыведзены ў парадак памяшканні жывёлагадоўчага комплексу “Маяк”, адкрыты новы аб’ект на комплексе “Завячэлле”, капітальна адрамантавана МТФ “Глыбачка”.

Яшчэ адной адметнасцю сучаснага этапу з’яўляецца актыўнае прыцягненне да сельскагаспадарчай вытворчасці прыватнага бізнесу. Тут можна адзначыць аграфірму “Райнбов-агро” і холдынг “Славянскі велес”, які з’яўляецца ўласнікам філіяла “Ушацкі” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт”, а зусім нядаўна на базе былой МТФ “Хадакова” адкрыў племянны рэпрадуктар па вытворчасці парасят з магутнасцю тры тысячы галоў у месяц, мае намер па прыцягненні ў гаспадарчы абарот іншых аб’ектаў нерухомасці раёна.

Лакаматыў эканомікі

Наш гарпасёлак сёлета нагадвае вялікую будаўнічую пляцоўку, бо работы вядуцца на розных вуліцах Ушач. І практычна на ўсіх аб’ектах задзейнічаны работнікі ПМК-66, арганізацыі, якая за 60 з лішнім гадоў свайго існавання і сфарміравала сучаснае аблічча не толькі раённага цэнтра, а і многіх сельскіх населеных пунктаў. Скончана рэканструкцыя ясляў-сада № 3, але вядзецца аддзелка і добраўпарадкаванне на новай школе мастацтваў, расце чарговая пяціпавярхоўка ў мікрараёне вуліцы Віцебскай. Віктар Яўгенавіч Шайтар хоць і выйшаў на заслужаны адпачынак, калі-нікалі з раніцы ды і накіруецца на які з аб’ектаў. Хапае работы і на дачы, дзе малады пенсіянер сваімі ўмелымі рукамі робіць рамонт, але цягне на будоўлю. “Сумую па сябрах, – усміхаецца мужчына. – З цеплынёй успамінаю калектыў, сваю брыгаду муляраў, многія з якіх яшчэ працуюць. Гэта мая маладосць, лепшыя гады жыцця”.

Мікрараёны шматпавярховак на Садовай і Віцебскай, чатыры дзіцячыя сады, новы будынак суда, фізкультурна-аздараўленчы комплекс… Такімі мы ўспрымаем сённяшнія Ушачы. А ветэраны ПМК-66 памятаюць гарпасёлак пераважна драўляным без цэнтральнага водаправода і каналізацыі. Таму ўтварэнне ў кастрычніку 1958 года міжкалгаснай будаўнічай арганізацыі (МСО) стала сапраўднай падзеяй для раёна. З таго часу яна некалькі разоў мяняла назву, але першая аказалася трывалай – і па сённяшні дзень ушачане розных пакаленняў мікрараён будаўнікоў, дзе яны ўзводзілі сабе ведамаснае жыллё і дзе знаходзіцца кантора прадпрыемства, называюць “МСО”. Зрэшты, на іх рахунку практычна ўвесь жыллёвы фонд, а таксама будынкі пракуратуры, “Беларусбанка”, дзіцячыя сады, школы, магазіны і сталовыя ў цэнтральных сядзібах гаспадарак, не адзін дзясятак жывёлагадоўчых аб’ектаў. Вялікі ўклад унеслі работнікі прадпрыемства і ў будаўніцтва “Юнацтва-Ушачы”, рэканструкцыю мемарыяльнага комплексу “Прарыў”, рамонт памяшканняў цэнтральнай раённай бальніцы.

Узводзілі брыгады ПМК-66 аб’екты і ў многіх іншых раёнах Віцебшчыны, ад жылых дамоў і зернесховішчаў да вытворчых цэхаў “Нафтана” і пагранзаставы ў Бігосава. Шукаюць аб’ёмы, выйграюць тэндары і працуюць за межамі Ушаччыны і зараз.

Будаўнічая галіна перажывае не самыя лёгкія часы, многія арганізацыі ў апошнія гады спынілі сваё існаванне. Ушацкая ПМК-66 прайшла гэтыя выпрабаванні, захавала касцяк калектыву, прырасла талковай моладдзю і дастойна працягвае сваю слаўную гісторыю. Цяжка пераацаніць значнасць галіны для раёна: невыпадкова дырэктар прадпрыемства А.Л.Фамёнак называе будаўніцтва “лакаматывам” эканомікі.

Адукаваным быць прэстыжна

На працягу 1923-1924 навучальнага года ў раёне працавала 23 школы. З 3084 дзяцей школьнага ўзросту наведвалі гэтыя ўстановы толькі 1283. Напачатку 30-х у школы хадзілі каля 9,5 тысячы вучняў, не ўлічваючы тых, хто наведваў спецыяльныя навучальныя ўстановы для малапісьменных (такіх, скажам, у 1933-1934 годзе было 190, у іх займалася 8836 чалавек). Існавалі ў раёне таксама нацыянальныя школы: яўрэйская сярэдняя ва Ушачах, яўрэйская пачатковая ў Кублічах, літоўская, латышская і дзве польскія. У пасляваенны перыяд аднавіла работу 13 сямігодак і 61 пачатковая школа. Восенню 1944-га за парты сеў 5481 вучань, на педагагічнай ніве шчыравалі 229 спецыялістаў.

Усё сваё жыццё аддаў сістэме адукацыі І.С.Кулага з Глыбачкі. “Выкладаў беларускую і рускую мову і літаратуру ў Качаноўскай і Глыбацкай школах, быў у абедзвюх дырэктарам, – прыгадвае мужчына. – Калі ж у 1966 годзе прыйшоў на пасаду загадчыка аддзела народнай адукацыі, ва “ўласнасці” былі ў мяне толькі стол, шафа і чатыры стулы, а размяшчаліся мы ў адным з памяшканняў Ушацкай школы. Пазней мне як кіраўніку далі асобны пакой на агароднінасушыльным заводзе”. У час, калі Іван Сямёнавіч узначальваў аддзел, былі пабудаваны Ушацкая, Вялікадолецкая, Глыбачанская, Дубраўская, Ільюшынская школы і шэраг пачатковых. На адкрыццё першай прыязджаў сам міністр адукацыі БССР М.Г.Мінкевіч. З 1 верасня 1977 года ў раёне адкрыліся турбаза (у будынках былой Старынкоўскай 8-гадовай школы) і дзіцяча-юнацкая спартыўная школа на 150 вучэбных месцаў.

Нягледзячы на паступовае змяншэнне колькасці навучальных устаноў, на якасці адукацыі гэта не адбіваецца. На сённяшні дзень у сістэме працуе 557 чалавек, у тым ліку 186 педагогаў, з якіх 93 працэнты маюць вышэйшую адукацыю. Ва ўсіх школах адкрыты сучасныя камп’ютарныя класы, пашыраецца інавацыйная дзейнасць, юныя адкрывальнікі з райцэнтра займаюцца мадэляваннем робататэхнікі. Сёлета студэнтамі ВНУ стала 48 працэнтаў выпускнікоў, ССНУ – 26, ПТВ – 21. Па выніках цэнтралізаванага тэсціравання ў бягучым годзе наш раён заняў 12 пазіцыю з 25 у вобласці. Зараз ідзе актыўная падрыхтоўка да рэалізацыі праекта “Ушацкая сярэдняя школа як сацыяльны цэнтр раёна”, які ў суме 260 тысяч еўра будзе фінансавацца Сусветным банкам.

Гадуюць лес і слаўныя дынастыі

Лес з’яўляецца не толькі прыродным багаццем Ушаччыны. Гэта і асноўны будаўнічы матэрыял нашых продкаў, і надзейнае сховішча народных мсціўцаў партызанскай рэспублікі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, і сыравіна многіх прамысловых прадпрыемстваў сёння.

Ушацкі лясгас быў утвораны летам 1936 года ў складзе чатырох лясніцтваў – Плінскага, Ушацкага, Глыбачанскага і Вялікадолецкага, якое па плошчы было большае, чым тры астатнія разам узятыя. Менавіта з яго ў ліпені 1960 года вылучана Весніцкае лясніцтва. У 1969-м утворана Кубліцкае, а Весніцкае перайменавана ў Касарское. А канчаткова структура Ушацкага лясгаса склалася ў 2000-м, калі на базе кварталаў Ушацкага і Глыбачанскага і перададзеных у дзяржлесфонд землях гаспадарак створана Сарочынскае лясніцтва.

Галіна заўсёды была ў ліку тых, якой раён ганарыўся, а асаблівага росквіту Ушацкі лясгас дасягнуў у 70-я-сярэдзіне 90-х гадоў пад кіраўніцтвам заслужанага лесавода БССР М.Д.Бабаедава. Зрэшты, побач з ім і пасля яго ў лясной гаспадарцы раёна на розных пасадах працавалі такія знакавыя фігуры, як уладальнік такога ж звання М.В.Хамічонак, ганаровыя лесаводы Рэспублікі Беларусь А.С.Рахманенка і А.П.Рудасаў, ардэнаносцы, уладальнікі працоўных медалёў і нагрудных знакаў Т.І.Пугачоў, М.І.Правада, Н.П.Вішанкова, В.Д.Марковіч, У.П.Каўнурка, Ф.П.Дальчанін і многія іншыя.

Нават у самыя крызісныя часы прадпрыемства трымалася на плыву, плённа працавала, з’яўлялася і працягвае з’яўляецца адным з асноўных напаўняльнікаў бюджэту раёна. А яшчэ Ушацкі лясгас славіцца сваімі дынастыямі, якія ўтвараюць прадстаўнікі нават некалькіх пакаленняў. Сапраўднай кузняй кадраў для лесагаспадарчай галіны не толькі раёна, а і іншых рэгіёнаў сталі прадстаўнікі сямей Баратынскіх і Рахманенкаў. “Сямейныя падрады” можна знайсці ва ўсіх структурных падраздзяленнях лясгаса: Апёнкі, Смаргуны, Пепелкі, Станкевічы, Кальчэўскія, Качаны – не поўны пералік дынастый, бо на сённяшні дзень у лясгасе працуюць дзеці тых, хто раней звязаў свой лёс з лесам у іншых рэгіёнах краіны.

Сёння Ушацкі лясгас акрамя нарыхтоўкі круглага лесаматэрыялу хвойных і лісцевых парод, дроў, фанернай і тэхналагічнай сыравіны займаецца і вытворчасцю піламатэрыялаў, калкоў акораных, паліўнай шчапы, тавараў народнага спажывання, рэалізацыяй насельніцтву навагодніх дрэў, бярозавага соку, мёду, пасадачнага матэрыялу і насення, арганізацыяй паляўнічых тураў. Вядзецца наладка абсталявання новага дрэваапрацоўчага цэха ў Градзянцы, які хутка будзе ўведзены ў эксплуатацыю.

Усё для спажыўцоў

У пачатку 30-х гадоў мінулага стагоддзя райспажыўкааперацыя раёна налічвала 17 сельпо з гандлёвай сеткай у 58 адзінак, працавалі магазіны прыватнікаў у райцэнтры і Кублічах. Але на працягу ўсёй гісторыі развіцця гандлю вядучую ролю ў гэтай сферы займала менавіта спажывецкая кааперацыя. Як прыгадвае Галіна Антонаўна Туфар, якая адпрацавала ва Ушацкім райспажыўтаварыстве 50 гадоў, у 1969 годзе ў раёне пражывала больш 30 тысяч чалавек і магазін быў практычна ў кожнай вёсцы, калі не стацыянарны, то лаўка на доме. Райспажыўсаюз займаўся яшчэ і падсобнай гаспадаркай. Наша прадпрыемства, напрыклад, вырошчвала бычкоў і свіней, было і тры гектары зямлі, на якіх садзілі агародніну – бульбу, буракі і іншае. Славіліся Ушачы на ўсю вобласць сваімі агуркамі. І зараз, праязджаючы міма Лутаўскага возера, можна ўбачыць драўляныя жэрдкі, якія тарчаць з вады. Гэта райспажыўсаюз закупляў у насельніцтва агуркі і рабіў нарыхтоўкі: агародніну салілі, клалі ў спецыяльныя бочкі, замацоўвалі на жэрдкі і апускалі на захоўванне ў ваду. Зімой агуркі даставалі і адпраўлялі на продаж.

У 80-я гады пачаўся сапраўдны бум будаўніцтва аб’ектаў гандлю. У буйных населеных пунктах з’явіліся вялікія магазіны, некаторыя нават са сталовай, як напрыклад, у Касарах, Старым Сяле. У 1989 узведзены сучасны будынак праўлення ў цэнтры гарпасёлка, які змясціў кропкі грамадскага харчавання, склады, многае іншае. Да гэтага работнікі размяшчаліся ў будынках, што знаходзяцца на завулку Ніжне-Набярэжным, зараз там інтэрнаты райспажыўтаварыства. Дарэчы, там раней была і старая хлебапякарня.

Сёння на Ушаччыне працуе 98 гандлёвых кропак, з іх райспажыўтаварыству належаць 52. У самыя аддаленыя вёскі раёна прыязджаюць 9 аўтакрам не толькі з таварамі першай неабходнасці. Працуе 19 аб’ектаў грамадскага харчавання на 470 пасадачных месцаў усіх форм уласнасці. За апошнія пару гадоў прыкметна змяніліся пасля рэбрэндзінгу многія магазіны райспажыўтаварыства як у гарпасёлку, так і на раёне, перайшоўшы на сістэму самаабслугоўвання, адкрыліся прыватныя “Мясная лаўка”, “Дабраном”, “Востраў чысціні”, ва Ушачах вядзецца будаўніцтва яшчэ дзвюх новых гандлёвых кропак.

На культурнай ніве

У 1924 годзе былі адкрыты хаты-чытальні ва Ушачах, Кублічах, Вялікіх Дольцах, а пры іх арганізаваны драматычны, прыродазнаўчы, палітычны і харавы гурткі. У 1933 годзе ў раёне працавала бібліятэка з фондам у амаль 15 тысяч кніг і 5 кінаперасовачных установак, а ў 1940-м было ўжо 38 клубных устаноў і 36 бібліятэк. Пасля вайны ў аднаўленні клубаў дзяржава абапіралася выключна на дапамогу насельніцтва. У 1959 годзе адчыніў свае дзверы новы будынак раённага Дома культуры, дырэктарам якога стаў Іван Пятровіч Кабяк. Як прыгадала Раіса Фёдараўна Мацюш, напрыклад, у Гарбаціцы, дзе яна працавала, дзейнічала адразу два клубы – калгасны і сельсаветаўскі, якія ніводны вечар не пуставалі.

“У перыяд маёй работы ў аддзеле культуры актыўна праводзіўся рамонт сельскіх устаноў. Каб закрыць пытанне з правядзеннем мерапрыемстваў у цёплы перыяд, метадам народнай будоўлі ўзведзена летняя танцпляцоўка, а ў 2008-м ушачан прыняў абноўлены Дом культуры, аснашчаны сучасным абсталяваннем”, – успамінае Таццяна Міхайлаўна Малак.

Значнай падзеяй у жыцці раёна стала з’яўленне тэлебачання – у лістападзе 1967-га пачаў працаваць Ушацкі рэтранслятар. Праз два гады адкрылася дзіцячая музычная школа, праз тры – музей. А ўзведзены ў 1974 годзе і рэканструяваны ў 2016-м мемарыяльны комплекс “Прарыў” з’яўляецца галоўнай візітоўкай раёна.

Зараз на Ушаччыне дзейнічае 36 дзяржаўных культустаноў. Іх работнікі пастаянна шукаюць новыя формы правядзення мерапрыемстваў. Так, напрыклад, вялікай папулярнасцю карыстаюцца святы вёсак: на нядаўнюю такую сустрэчу ў Касарах сабралася больш сотні чалавек! Нават у цэнтральнай прэсе ацанілі праведзеныя сёлета на Ушаччыне арыгінальныя раённыя святы малака, возера, беларускай хаты.

Наш раён багаты на творчых людзей – і гэта не толькі літаратары: дастаткова прыгадаць імя Народнага артыста Беларусі Генадзя Гарбука. Ушачане пастаянна заваёўваюць перамогі на творчых конкурсах розных узроўняў, у прэстыжных залах ладзяцца выставы нашых майстроў. Дзесяць калектываў раёна маюць званне “народны” і “ўзорны”. Асабліва плённым накірункам дзейнасці з’яўляецца захаванне народных традыцый – фальклорны калектыў “Матырынская спадчына” вядомы ва ўсёй краіне, ёсць ужо шмат здабыткаў і ў іх малодшых калег з дзіцячай “Спадчыны”.

Здароўе – галоўная каштоўнасць

Сістэма аховы здароўя нашага раёна бярэ свой пачатак з 1919 года, калі ў мястэчку Ушачы ўпершыню адкрыўся медпункт. У 1923-м на яго базе арганізавана бальніца са стацыянарам на 10 ложкаў і медыцынскай амбулаторыяй. У 1930-м акрамя гэтай установы працавалі Завячэльскі і Кубліцкі ўрачэбныя ўчасткі, а ў Гарбаціцы, Селішчы, Жарах і Вялікіх Дольцах – урачэбныя пункты. У 1936-м ва Ушачах была пабудавана новая бальніца з двух карпусоў, разлічаная на 75 ложкаў (пазней пашырана да 100). У 1939-м установа атрымала спісаную ваенную машыну, якую прыстасавалі пад “хуткую дапамогу”. У пасляваенны час пачалося аднаўленне існуючых устаноў аховы здароўя, адкрываліся новыя. З часам істотна паляпшалася іх матэрыяльна-тэхнічная база, “закрывалася” кадравая праблема. У 1974 годзе ва Ушачах пабудавана новая раённая бальніца на 220 ложкаў, паліклініка на 300 наведванняў у змену і 12-кватэрны жылы дом для медработнікаў.

Амаль паўстагоддзя працоўнага стажу ў сістэме аховы здароўя Ушаччыны мае М.І.Падрэз. “Напачатку 70-х працавала патранажнай сястрой у Вялікадолецкай бальніцы сястрынскага догляду. Дзяцей на ўчастку было надзвычай многа, а транспарту не хапала. За дзень, бывала, намотвала пешшу звыш дзясятка кіламетраў, – кажа Марыя Іванаўна. – Зусім іншыя ўмовы былі і ў “інфекцыі”, якая адкрылася ва Ушачах 45 гадоў таму. Едкі пах хлёркі, тынкаваныя сцены, “аскетычны” бокс з ложкам і тумбачкай засталіся ў мінулым. Цяпер аддзяленне нагадвае хутчэй гасцініцу – ёсць тут халадзільнікі і тэлевізары, асобны камфортны санвузел і многае іншае”.

Зараз у сістэме аховы здароўя Ушаччыны працуе 39 урачоў, 2 правізары і 145 работнікаў сярэдняга звяна. Кваліфікаваную дапамогу пацыентам аказваюць мнагапрофільны стацыянар на 116 ложкаў, паліклініка на 300 наведванняў у змену, аддзяленне хуткай медыцынскай дапамогі, тры бальніцы сястрынскага догляду (у Глыбачцы, Вялікіх Дольцах, Дубраўцы) і 18 ФАПаў. Нядаўна адкрыўся ва Ушачах новы рэнтгенкабінет з сучасным абсталяваннем.  Тэхналагічнае перааснашчэнне адбылося ў кабінеце ультрагукавой дыягностыкі, жаночай кансультацыі, эндаскапічным кабінеце. Не пакінуты без увагі аддзяленні хуткай медыцынскай дапамогі, анестэзіялогіі-рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі.

Равесніцы раёна

Сямёра грамадзян Ушаччыны сёлета святкуюць не толькі 95-годдзе раёна, а і адпаведны асабісты юбілей. Развіццё нашага краю амаль ад моманту стварэння і да сённяшніх дзён праходзіла на вачах прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва Антаніны Іванаўны Шамук, Надзеі Пятроўны Дрозд, Еўдакіі Аляксандраўны Карабань, Зоі Сямёнаўны Лісоўскай, Надзеі Максімаўны Храмёнак, Ганны Казіміраўны Шчэрбік і Ніны Аляксееўны Літвінавай.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *