Правила поведения вблизи энергообъектов

Профилактика и безопасность

Паветраныя і кабельныя лініі, падстанцыі, размеркавальныя пункты і іншыя энергааб’екты нясуць у сабе рэальную небяспеку для жыцця.

Вялікая колькасць цяжкіх няшчасных выпадкаў адбываецца ў выніку дотыку да правіслых ці абарваных правадоў і нават набліжэння да апошніх. Справа ў тым, што пасля абрыву ток пачынае “сцякаць” у зямлю, і навакольны ўчастак аказваецца пад электрычным патэнцыялам. Калі па ім праходзіць чалавек, яго ногі аказваюцца на рознай далечыні ад кропкі замыкання проваду на зямлю, а значыць, пад рознымі электрычнымі патэнцыяламі – у выніку ствараецца “крокавае напружанне”. Пад уздзеяннем току ў нагах узнікаюць сутаргі, чалавек падае і ланцуг замыкаецца ўздоўж цела праз дыхальныя мышцы і сэрца. Таму, убачыўшы на зямлі абарваны провад, ні ў якім разе не падыходзьце да яго бліжэй 8 метраў! Таму, хто трапіў у зону “крокавага напружання”, нельга адрываць падэшвы ад паверхні зямлі: ідзіце так званым гусіным крокам, калі пятка адной нагі прыстаўляецца да наска другой.

Убачыўшы правіслыя ці абарваныя правады, патэлефануйце ў РЭС па нумары 2-70-51 і пастарайцеся арганізаваць ахову гэтага месца, каб іншыя людзі ці жывёла не трапілі ў небяспечную зону.

Правады, што праходзяць праз кроны дрэў ці сярод кустоўя, або нават побач з імі, таксама могуць уяўляць небяспеку. Не датыкайцеся да такіх раслін, асабліва ў вільготнае надвор’е!

У паветраным прамежку паміж провадам і целам узнікае электрычная дуга, таму трапіць пад напружанне можна, нават не датыкнуўшыся да токанясучага абсталявання. На жаль, часта падобныя трагічныя выпадкі адбываюцца з непаўналетнімі. Так, напрыклад, нядаўна хлопчык узлез на металічную апору паветранай лініі напружаннем 110 кілавольт, каб спалохаць палкай голуба, і атрымаў смяротнае паражэнне токам. Трагічна скончылася гульня на даху электраўстаноўкі для пяцікласніка, а яшчэ адзін школьнік, што забраўся на будынак трансфарматарнай падстанцыі, атрымаў удар токам і застаўся інвалідам.

Нагадайце сваім дзецям, што энергааб’екты – не месца для гульняў.

Варта памятаць і дарослым, што побач з імі нельга лавіць рыбу, устанаўліваць палаткі і разводзіць вогнішчы, небяспечна ўзбірацца на дахі дамоў або дрэвы, ля якіх праходзяць ЛЭП, пранікаць за агароджу, унутр ці на дах падстанцый, адчыняць дзверцы электрычных шчытоў. Выкананне гэтых правілаў зберажэ ваша жыццё.

С.ЯРМОШ, начальнік Ушацкай РЭГІ філіяла Дзяржэнерганагляду па Віцебскай вобласці.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *