Более 27 лет посвятила работе в Глыбочанской школе Елена Черкес

Экономика и малый бизнес

“Я зрабіў букет!”, “А ў мяне парасон і восеньскія лісточкі!”, “Гэта мы разам з Аленай Аляксееўнай майстравалі!” – шчабяталі вучні чацвёртага класа Глыбачанскай школы, дэманструючы свае вырабы на восеньскую тэматыку. У тым, што ўсе яны паважаюць і любяць сваю настаўніцу, не было і сумнення. А яна, у сваю чаргу, у кожны ўрок – творчы ці дакладную навуку – укладвае ўсю душу.

Настаўнік пачатковых класаў – катэгорыя сярод работнікаў адукацыі асаблівая. Менавіта ад яго залежыць, якія першыя ўражанні складуцца і ў дзяцей аб школе, ці ўзнікне любоў да вучобы, як сфарміруецца асабістае “я”. Калісьці ў гэтыя сцены і Алена Аляксееўна Чаркес спяшалася ў якасці школьніцы, а сёння ўжо вучыць дзяцей сваіх першых выхаванцаў. “Педагогаў у маёй сям’і не было, але вельмі хацелася стаць такой, як мая першая настаўніца Лізавета Фёдараўна Яско. У школе любіла ўсе прадметы без выключэння, таму пры паступленні ў Віцебскі педінстытут абрала спецыяльнасць настаўніка пачатковых класаў. Выдатна памятаю свае першыя ўрокі, было гэта ў студзені 1991-га, і як цёпла прыняў мяне калектыў роднай школы, якую на той час узначальвала Марыя Фёдараўна Папельская. У нас тады вучылася шмат дзяцей. Так, у першыя гады работы ў маім класе было аж 26 вучняў!” – прыгадвае А.А.Чаркес.

Зараз у светлым і ўтульным класе толькі некалькі парт, але, як адзначае настаўніца, у такой маленькай кампаніі на кожным уроку ёсць магчымасць удзяліць увагу ўсім без выключэння і быць упэўненым, што матэрыял добра засвоены. Усе шасцёра яе цяперашніх вучняў вельмі цікаўныя і схільныя да навук. Больш бойкія і рашучыя дзяўчынкі Ангеліна Быкава, Карына Гурчонак, Ксюша Церашкавец і Аліна Дубоўская, а вось хлопчыкі Ягор Кучаронак і Ваня Пятніца хутчэй разважлівыя і спакойныя. Вучні Алены Аляксееўны паспяхова выступаюць на раённых алімпіядах і фестывалі прававых ведаў. А ў мінулым навучальным годзе Ксюша Церашкавец заваявала Дыплом трэцяй ступені на абласным конкурсе “Вернісаж” – сярод мноства даследчых і творчых праектаў з усёй Віцебшчыны работа пра сем цудаў аграгарадка Глыбачка не засталася непрыкмечанай. “Шмат чаго адметнага ёсць у нашых мясцінах, але мы вылучылі, напрыклад, бярозавы гай, што знаходзіцца на ўездзе ў вёску. Яго незвычайнасць у тым, што дрэвы садзіў адзін з урачоў мясцовай бальніцы пасля кожнага нараджэння новага вяскоўца. У ліку цудаў таксама наша некалі вельмі моцнае і вядомае далёка за межамі раёна сельгаспрадпрыемства, тры возеры, што раскінуліся ў наваколлі Глыбачкі, школа, якая летась адзначыла 95-годдзе, дэндрарый, вядомыя землякі і памятныя месцы”, – расказвае А.А.Чаркес.

А яшчэ яе вучні актыўныя і таленавітыя – малююць, спяваюць, танцуюць – школьныя мерапрыемствы не абыходзяцца без іх удзелу.

– Алена Аляксееўна цудоўны чалавек і педагог. Яна не толькі вучыць разумнаму, светламу, добраму маленькіх непасед, а і праводзіць у школе работу па папулярызацыі здаровага ладу жыцця, кіруе клубам для бацькоў “Клопат”, удзельнічае ў рэалізацыі праекта па школьным і сямейным выхаванні “Мы разам”. На працягу многіх гадоў дадаткова яшчэ выконвае і абавязкі сацыяльнага педагога. Наогул прымае актыўны ўдзел ва ўсіх справах нашай установы, – характарызуе настаўніцу намеснік дырэктара Галіна Васільеўна Казлова.

Для А.А.Чаркес школа як другая сям’я, яна шчыра радуецца ўсім поспехам сваіх вучняў і выпускнікоў. А яшчэ прызнаецца, што вельмі любіць сваю справу, якая не дае старэць.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *