Возвращаемся к теме электрического отопления: цены на оборудование, льготы при оплате

Общество

“Прачытаўшы ў газеце артыкул “Калі не свеціць газ”, хацелася б удакладніць некалькі пытанняў: колькі каштуе самы просты варыянт абсталявання, ці ёсць ільготы па аплаце электрычнасці і ці можна сістэму ўсталяваць самастойна”. Атрымаўшы на сайт такі ліст, мы прыступілі да далейшага расследавання тэмы ацяплення дамоў за кошт электрычнасці.

Адказ пачнём з апошняга пытання, паколькі менавіта ад яго залежыць і кошт “задавальнення”.

Спецыяліст энерга­газ­інспекцыі У.Кляпец паведаміў, што чалавек можа рабіць мантаж усяго ўнутранага абсталявання самастойна, аднак строга па праекце. І такі прыклад ёсць – ніякіх заўваг не паўстала пры прыёмцы аб’екта ў вёсцы Глыбачка, дзе работы вёў сын гаспадароў, праўда, немалаважная акалічнасць – інжынер-энергетык па адукацыі. Нельга самастойна толькі рабіць увод у дом, устанаўліваць і пламбаваць электралічыльнік.

Паколькі ў прыгаданых вяскоўцаў да гэтага існавала паравое ацяпленне, прычым на ўніверсальным катле “Цепладар”, які працуе як на цвёрдым паліве, так і на электрычнасці, то ўсе паслугі па падключэнні абышліся ў тысячу беларускіх рублёў. Пры работах з нуля (у доме былі толькі печы), пры дадатковай замене ўсёй электраправодкі і набыцці нятаннага катла перападключэнне на асобны лічыльнік у жыхароў Лутава пацягнула на 3,3 тысячы долараў.

Кошт пераабсталявання дома на ацяпленне ад электрычнасці залежыць як ад таго, які варыянт вы выберыце, так і ад плошчы жылля. Напрыклад, пры мантажы самага распаўсюджанага варыянту з паравым ацяпленнем вам давядзецца купляць радыятары з разліку 1 рабро на 1,8 квадратнага метра (алюмініевае каштуе прыкладна 10 рублёў, чыгуннае – ад 25), трубы, перахаднікі, краны, помпу, расшыральны бачок і непасрэдна кацёл. Самы танны варыянт апошніх – “Сомраст” і “Элвін” на 9 кілават – адпаведна 215 і 243 рублі, “Сангай” на 12 – 244, “Неўскі” і “Wattek” на 10 – 500.

Ёсць у продажы сучасныя кварцавыя каларыферы: магутнасцю 350 ват здольны ацяпліць памяшканне да 14 метраў квадратных. Пры падключэнні іх да тэрмарэгулятара сутачны расход складзе 2,4-2,8 кілавата. Калі ўлічыць, што на ацяпленне дома ў сто метраў квадратных пры рабоце электракатлоў расходуецца не меней 2000 кілават, то такі варыянт пры аплаце будзе таннейшы (тыя ж сто метраў спажывуць да тысячы кілават). Каларыфер магутнасцю 400 ват каштуе 140 рублёў, іх не трэба манціраваць, дастаткова ўключыць у разетку, можна ставіць на ножкі або мацаваць да сцяны.

Магчыма абагравацца інфрачырвонымі лямпамі, электрастужкамі – рабіць цёплую падлогу або мацаваць на сцяне.

Існуюць і льготы пры ацяпленні электрычнасцю. Іх маюць інваліды І і ІІ груп (усяго 14 катэгорый згодна закона №239-З ад 14.06.2007г.) – на 90 кілават-гадзін, калі ўстаноўлена электрычная пліта, і 60 – калі газавая. Яны аплацяць 50 працэнтаў кошту на гэтыя аб’ёмы. Аднак паколькі гэтыя катэгорыі маюць ільготы і на асвятленне, то могуць выбіраць, аплачваць ім па льготным тарыфе вызначаны аб’ём ацяплення або асвятлення, ці той і другі па палове аб’ёмаў. Адразу скажу, што паколькі тарыф на электрычнасць намнога даражэйшы – 17,46 капейкі, то выгадней карыстацца льготай менавіта па ім. Хачу звярнуць увагу на тое, што калі інвалід І ці ІІ груп пражывае з іншым непрацуючым пенсіянерам і за месяц на асвятленне скарысталі толькі 60 кілават-гадзін, то па льготным тарыфе пойдзе 30 – палова, калі 120 – то 60, аднак не больш гэтага аб’ёму. Ільгота прадстаўляецца па заявачным прынцыпе: трэба напісаць заяву і ўказаць, на які тарыф хацелі б яе аформіць, і падаць пакет дакументаў – копіі пашпарта і пасведчання інваліда. Гэтыя катэгорыі могуць карыстацца льготай па некалькіх месцах пражывання, аднак адзінамомантна толькі па адным: напрыклад, зімой у кватэры, летам – на дачы, у такім выпадку яшчэ бярэцца даведка аб рэгістрацыі па месцы пражывання.

Хачу засяродзіць увагу на тым, што аплата ацяплення па 3,35 капейкі за кілават – і так нізкая, таму прымяняецца толькі на тое домаўладанне, дзе нехта зарэгістраваны і ўстаноўлены асобны лічыльнік. Гэта не абавязкова павінны быць члены сям’і, аднак з заявай звяртаецца менавіта ўласнік дома, нават калі ён там і не прапісаны. І яшчэ адна абавязковая акалічнасць – дом не павінен быць падключаны да газу ці цэнтральнага ацяплення.

Падрыхтавала Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *