«Рыжий» террор, или Как лиса смело приходит на подворья сельчан в Старом Селе

Общество

Убачыць жменю пер’я на зямлі і не далічыцца адной-дзвюх курыц – такая з’ява апошнім часам на падворках у Старым Сяле Жарскага сельсавета стала нярэдкай. Віноўніцай жа непрыемных сітуацый з’яўляецца ліса!

Тое, што гэтая жывёліна часам асмельваецца падбірацца да сядзіб на ўскрайках вёсак – зусім не з’яўляецца дзівам. Многія з нас, праязджаючы па буйных аўтадарогах, бачылі ліс, якія на палях ловяць мышэй, не зважаючы на гул машын. Але каб вось так смела яны прыходзілі прама ў цэнтр буйной вёскі і сярод белага дня на вачах спакушаліся на хатнюю птушку – не. “Схапіла курыцу непадалёк ад дома і наўцёкі, я бягу ззаду, крычу, але гэта не дапамагло”, – расказвае адна з гаспадынь, якая застала рыжую на месцы “злачынства”. Бачылі лісу на вуліцах вёскі ці паблізу і іншыя жыхары. Хтосьці не далічыўся адной курыцы, а ў кагосьці пагалоўе і на 5-6 зменшылася. Таму гэтая тэма ў вёсцы зараз хвалюючая і вострая. “Як цяпер птушку трымаць? Купіш курэй, якія сёння па 15 рублёў каштуюць, а яны на корм лісам пойдуць? А што, калі яны і на людзей кідацца пачнуць?” З такімі пытаннямі вяскоўцы звярталіся і ў сельсавет, і падчас сустрэчы з дэпутатамі, і да паляўнічых. Апошніх мы і папрасілі пракаменціраваць сітуацыю.

Як нам паведаміў дырэктар Ушацкай арганізацыйнай структуры РДГА “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў” М.І.Падворны, аб гэтай вясковай праблеме ў арганізацыі ведаюць і ў бягучым годзе ў наваколлі Старога Сяла ўжо застрэлена 6 лісіц, усяго па раёне за два прайшоўшыя месяцы – 35, а за год – 107. “З просьбамі і патрабаваннямі прыняць меры вяскоўцы тэлефанавалі нам, і на зварот мы, канечне, адрэагавалі. Аднак трэба разумець, што па законе на тэрыторыі населенага пункта паляўнічы не мае права не тое што страляць, а нават расчахляць ружжо. Палюем выключна за межамі тэрыторыі вёскі, у тым ліку ноччу выяўляючы ліс у цемры з дапамогай спецыяльных прыбораў, – адзначае Міхаіл Іванавіч. – Але хачу сказаць, што гаспадарам і самім трэба паклапаціцца пра захаванасць сваёй птушкі і не ствараць спрыяльныя ўмовы для драпежнікаў. Гэта не азначае, што неабходна закрыць хлеў на замок і ніколі не выпускаць курэй на вуліцу, а вось падумаць пра надзейную агароджу – так. Нездарма нават у казках лісіца лічыцца вельмі хітрай і разумнай жывёлінай з добрым нюхам, зрокам і памяццю, рабіць падкоп ці пераскокваць праз перашкоду яна не будзе, а хутчэй пойдзе туды, дзе ёсць лёгкі доступ да здабычы. Многія вясковыя гаспадары да таго ж выкідваюць харчовыя адходы дзе-небудзь у канцы агарода ці на краі ўчастка, тым самым робячы добрую прынаду для лісіц”.

Калі зазірнуць у інтэрнэт, то сёння там прапаноўваецца шмат спосабаў, як абараніцца ад лісіц. Самыя распаўсюджаныя: набыць спецыяльныя ўльтрагукавыя адпужвальнікі, сярод менш затратных – вешаць у двары яркія тканіны ці паветраныя шарыкі, рабіць пудзілы з выкарыстаннем старых DVD-дыскаў. Аднак паляўнічыя сцвярджаюць, што эфектыўнасць такіх мер невысокая.

Дарэчы, адназначна сказаць, чаму менавіта Старое Сяло прыглянулася рыжым насельніцам лесу, складана. За апошнія некалькі месяцаў толькі адна падобная скарга ў таварыства паступала з Вяркуд, дзе ўладальнікі падсобнай гаспадаркі наогул выпускалі сваю птушку хадзіць вольна па ўсім наваколлі. У цэлым жа колькасць ліс на Ушаччыне невысокая (штогод паляўнічыя праводзяць спецыяльны перапіс лясных насельнікаў), ды і поўнасцю знішчыць гэты від жывёлы немагчыма і нельга. Перыядычны ж адстрэл будзе працягвацца на працягу года, у першую чаргу ў Старым Сяле.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *