Жители Ушаччины вышли на первый районный субботник

Благоустройство Главное

Падчас раённага суботніка, які праводзіўся 28 сакавіка, не ставілася глабальных задач. Як адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Вітальевіч Галяковіч, галоўнай мэтай першага працоўнага дэсанту было “выйсці з зімы” – навесці парадак на вытворчых і прылеглых тэрыторыях, грамадскіх месцах, якія былі значна засмечанымі.

Як звычайна, вялікі фронт работ выканалі камунальнікі, якія наносілі дарожную разметку, убіралі пясок на цэнтральных вуліцах гарпасёлка, разам з супрацоўнікамі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне прыбіралі могілкі на вуліцы Кастрычніцкай, ля касцёла, наводзілі парадак на прылеглай тэрыторыі да будынка інтэрната па вуліцы П.Броўкі, іншых аб’ектах. Несанкцыянаваную звалку на схіле берага ракі Ушача ля завулка Полацкі ліквідавалі супрацоўнікі раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, раёна газазабеспячэння, райбальніцы і тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Трэба сказаць, што ўзнікае яна тут з года ў год і наўрад ці жыхары іншых мікрараёнаў зносяць сюды смецце – яўна гэта на сумленні жыльцоў прылягаючых дамоў.

Многія арганізацыі правялі суботнік на сваіх працоўных месцах, некаторыя накіраваліся наводзіць парадак на замацаваныя за імі брацкія магілы, помнікі, абеліскі і іншыя месцы, звязаныя з увекавечаннем памяці абаронцаў і ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. Так, напрыклад, работнікі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, дзіцячай школы мастацтваў, раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, бібліятэкі працавалі на мемарыяльным комплексе “Прарыў”, на пад’ездзе да мемарыяла на схілах ля дарогі елачкі высаджвалі прадстаўнікі ДРБУ-105. Трэба сказаць, што некаторыя арганізацыі ў гэты дзень дэлегавалі членаў сваіх працоўных калектываў на пасадку лесу, а дарожнікі і камунальнікі займаліся таксама пафарбоўкай уязных знакаў на межах раёна. На сваіх аб’ектах завіхаліся работнікі гандлю, педагогі, а работнікі аддзела па адукацыі райвыканкама былі задзейнічаны на тэрыторыі Ушацкай школы і ў дзіцячым лагеры “Турасполле”, дзе бялілі бардзюры, фарбавалі аконныя рамы і падлогу.

А ў музеі кіпела работа па дастаўцы на пастаяннае месца захоўвання абсталявання фондаў. Зразумела, што самі работнікі ўстановы з цяжкімі сейфамі не справіліся б, таму вельмі ўдзячны супрацоўнікам райаддзела па надзвычайных сітуацыях, якія аказвалі ім дапамогу.

Па асобных планах працавалі ў сельсаветах, дзе таксама быў зроблены акцэнт на навядзенне парадку. Напрыклад, у Вялікадолецкім работнікі сельвыканкама, участка ЖКГ і мясцовыя жыхары чысцілі могілкі ў Замошшы, прыбіралі сквер у аграгарадку, вапнавалі дрэвы, рыхтавалі да пасадкі клумбы, у Касарах ліквідавалі несанкцыянаваныя сметнікі.

Як мы ўжо паведамлялі, сродкі, заробленыя на суботніку, будуць выкарыстаны для падрыхтоўкі і правядзення раённых мерапрыемстваў па святкаванні 75-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *